Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сьвеце: у Ірляндыі вяртаюць локдаўн, Бразылія закупляе кітайскую вакцыну, захварэў на COVID-19 віцэ-прэм’ер Чэхіі


Агульная колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце набліжаецца да 41 мільёна чалавек, як вынікае са статыстыкі ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза. Памерлі ад хваробы больш за 1,1 мільён чалавек, паведамляе ВВС.

Ірляндыя вяртае локдаўн

Ірляндыя стала першай краінай у Эўропе, якая адважылася пайсьці на другі нацыянальны локдаўн. Апоўначы ў чацьвер у краіне ўступаюць у сілу жорсткія абмежаваньні, якія будуць доўжыцца 6 тыдняў.

Ірляндзкая аплікацыя для мабільнага тэлефона, якая дазваляе адсочваць распаўсюд COVID-19
Ірляндзкая аплікацыя для мабільнага тэлефона, якая дазваляе адсочваць распаўсюд COVID-19

Большасьць нехарчовых крамаў зачыняцца. Людзям загадана заставацца дома, выходзіць можна на працу, у выпадку крайняй неабходнасьці або для фізычных практыкаваньняў, прычым у радыюсе ня больш за пяць кілямэтраў ад дому. Прымаць дома гасьцей забаронена, гэта ж тычыцца і большасьці масавых мерапрыемстваў — акрамя вясельляў і пахаваньняў пры захаваньні мер засьцярогі.

Улады Ірляндыі чакаюць, што шмат людзей страцяць працу. Яны павялічылі дапамогу па беспрацоўі да 350 эўра ў тыдзень для тых, чый заробак перавышаў 400 эўра ў тыдзень.

Бразылія закупіла кітайскую вакцыну

Бразылія плянуе адной зь першых краін у сьвеце распачаць нацыянальную імунізацыю супраць каранавірусу з дапамогай вакцыны, зробленай у Кітаі.

Губэрнатар Сан-Паўлу Жуаў Дорыя заявіў, што ўрад краіны закупляе 46 мільёнаў дозаў вакцыны CoronaVac. Праграма імунізацыі насельніцтва павінна пачацца ў студзені 2021 году.

Дэзынфэкцыя славутай статуі Хрыста ў Рыё-дэ-Жанэйра
Дэзынфэкцыя славутай статуі Хрыста ў Рыё-дэ-Жанэйра

Вакцына CoronaVac, створаная кітайскай кампаніяй Sinovac Biotech, цяпер на апошняй стадыі клінічных выпрабаваньняў. Яны праводзяцца ў Сан-Паўлу.

Бразылія (разам з ЗША і Індыяй) застаецца ў тройцы краін, якія больш за ўсіх пацярпелі ад каранавірусу. Там зафіксавана больш за 5,3 мільёна выпадкаў заражэньня і каля 155 тысячаў сьмерцяў ад каранавірусу.

У Чэхіі заразіўся намесьнік прэмʼер-міністра, кіраўнік штабу па барацьбе з каранавірусам

У Чэхіі зарэгістравалі рэкордную колькасьць заражэньняў COVID-19. За апошнія суткі вірусам заразіліся яшчэ 11984 чалавекі і 106 памерлі.

Амаль пусты Карлаў мост у Празе, 20 кастрычніка 2020
Амаль пусты Карлаў мост у Празе, 20 кастрычніка 2020

У сераду пра станоўчы аналіз на каранавірус паведаміў віцэ-прэмʼер і міністар унутраных спраў Ян Гамачак.

41-гадовы Гамачак — кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю. Ён таксама ўзначальвае Цэнтральны крызісны штаб па барацьбе з пандэміяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG