Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта страшна, спыніцеся!» Жонкі трох пакалечаных беларусаў — людзям у чорным


Вечар 9 жніўня. Ілюстрацыйнае фота.
Вечар 9 жніўня. Ілюстрацыйнае фота.

Калі ня гояцца раны ад сьвятлашумавых гранатаў і гумовых куляў, гэта балюча ня толькі ахвярам міліцэйскага гвалту, але і іхным родным, чыё жыцьцё кардынальна зьмянілася пасьля жніўня 2020 году. Жонкі пацярпелых ад гвалту беларусаў, якія разам з мужамі прыехалі ў Чэхію дзеля іх лячэньня і рэабілітацыі, расказваюць пра перажытае.

Глядзіце аповеды цалкам на відэа.

У Чэхіі працуе праграма дапамогі беларускам і беларусам, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў падчас пасьлявыбарчых пратэстаў. На лячэньні ў гэтай краіне цяпер каля 40 чалавек.

Вольга, Людміла і Алена прыехалі разам з мужамі ў Чэхію і расказалі гісторыі гвалту Свабодзе.

«Замест судовага разгляду яго адвезьлі ў шпіталь»

Муж Вольгі быў затрыманы 3 верасьня ля муралу памяці Аляксандра Тарайкоўскага. Сям’я доўга не магла высьветліць, дзе ён, урэшце знайшлі на Акрэсьціна. Замест судовага разгляду яго адвезьлі ў шпіталь. Яго зьбілі ў міліцэйскай машыне. У выніку — разрыў дзьвюх барабанных перапонак, разрыў папярочных адросткаў паясьнічных пазванкоў, траўмы мяккіх тканак. У Беларусі яму зраілі апэрацыю па аднаўленьні барабаннай перапонкі, цяпер слых паступова аднаўляецца. Муж пакутуе ад боляў у сьпіне, ходзіць у гарсэце.


«Білі 3 гадзіны, у асноўным па галаве»

Муж Людмілы быў затрыманы 10 жніўня ў Менску, калі вяртаўся дадому пешкі, бо станцыі мэтро былі перакрытыя. Побач праехаў мікрааўтобус, зь якога выскачылі людзі ў чорным, адзін зь іх без тлумачэньня прычын ударыў яго ў скронь. У мікрааўтобусе па дарозе ў РУУС яго білі на працягу 3 гадзін, у асноўным па галаве, пасьля чаго на 5 сутак адправілі ў турму ў Жодзіна. Сямʼя доўга не магла знайсьці, дзе ён. Толькі дзякуючы салідарнасьці даведаліся пра яго ад тых, хто выходзіў з турмы, калі паказвалі фатаздымак. У мужа спадарыні Людмілы страсеньне галаўнога мозгу, разрыў некаторых зьвязак і пералом ключыцы. Цяпер ён цярпіць на моцныя галаўныя болі, адна нага анямела і ня рухаецца.


«Усе тры дні муж пэрыядычна траціў прытомнасьць, мэдычнай дапамогі яму не аказвалі»

Алена разам з мужам па завяршэньні галасаваньня выйшла на плошчу ў Маладэчне. Пазьней пайшла дадому да дачкі, а муж застаўся. Калі міліцыянты пачалі жорстка зьбіваць людзей, ён падышоў да амапаўцаў і спытаў: «Што вы творыце, хлопцы?». Яму сказалі адысьці, ён сеў на ровар і адʼехаў некалькі сотняў мэтраў. Дагнаў мікрааўтобус з амапаўцамі. Ад удару дубінкай у вока страціў прытомнасьць. Апрытомнеў толькі раніцай у РУУС на зямлі, у кайданках і з прабітай галавой. Сямʼя яго знайшла толькі праз тры дні. Яго асудзілі на 8 сутак, але «выкінулі» на трэція суткі з Чэрвеньскага РУУС (за 150 кілямэтраў ад Маладэчна). Усе тры дні муж пэрыядычна траціў прытомнасьць, мэдычнай дапамогі яму не аказвалі. Ён мае трэшчыну ў скроні, пералом асновы чэрапа, пералом рэбраў, пашкоджаньні вуха. Цяпер павольна папраўляецца, яшчэ ня можа хутка фармуляваць думкі.

Жанчыны зьвяртаюцца да «людзей у чорным» і да мірных пратэстоўцаў

  • Вольга: Я прашу іх спыніцца. Немагчыма на ўсё гэта глядзець бязь сьлёз. Колькі людзей пацярпелі, і колькі яшчэ могуць пацярпець. Гэта ўсё падобна да маленькай вайны. У нас невялікая краіна, падавалася, што гэта даўно ў мінулым. Мы чыталі пра такое ў кнігах па гісторыі, а цяпер усё адбываецца на нашых вачах. Нашы дзядулі гаварылі — як добра, што мы ня бачылі таго, што бачылі яны на вайне. Цяпер мы ўсё гэта бачым. Гэта вельмі страшна, таму я папрасіла б іх спыніцца і стаць на бок народу. Дабро заўсёды перамагае зло. Беларусаў, нашых суграмадзянаў, я б папрасіла трымацца і захоўваць аптымізм, каб верылі ў лепшае, што ў нас усё атрымаецца.
  • Людміла: Мне складана нешта сказаць людзям у чорным, бо я не магу зразумець іх матывацыі. Ёсьць грошы, ёсьць абавязак перад краінай, але ёсьць і чалавечнасьць, разуменьне таго, што мы ўсе людзі, што побач твой сусед, што ты павінен абараніць найперш сваю сямʼю. Я заклікаю да чалавечнасьці, каб яны зьвярнуліся да ўласнага «я», каб яны прынялі годнае рашэньне Чалавека. А людзям, якія выходзяць, хачу сказаць, што ў нас абавязкова ўсё атрымаецца. Нягледзячы на тое, што мы цяпер у Чэхіі, мы цяпер побач з вамі. І вельмі хочам унесьці хоць маленькі ўнёсак у нашу агульную справу. Таксама верым, што мы пераможам.
  • Алена: Асноўная маса АМАПу — маладыя людзі, якім давядзецца глядзець у вочы сваім дзецям і расказваць, кім працаваў, як жыў. Ім прыйдзецца з гэтым жыць. Якія б ні былі прычыны гэта рабіць — праца, высокая аплата за «працу», ім давядзецца адказваць, калі ня перад нейкім судом, то перад сваім сумленьнем. Думаю, што гэтым людзям будзе потым цяжка жыць з гэтым. Хацелася б, каб яны ўсьвядомілі, што грошы — не галоўнае ў жыцьці. Памыляцца можна дзень-два, але столькі немагчыма памыляцца. Хацелася б, каб яны гэта зразумелі і абаранялі людзей, павярнуліся да людзей іншым бокам, апусьцілі свае шчыты і гэтыя дубінкі, якія калечаць лёсы вельмі многіх людзей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG