Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі рукамі, нагамі, дубінкай, распылілі газ». Жыхара Фаніпаля затрымалі пры размалёўваньні прыпынку ў бел-чырвона-белае


Дзьмітры Чарныш пасьля зьбіцьця
Дзьмітры Чарныш пасьля зьбіцьця

41-гадовага скульптара з Фаніпаля Дзьмітрыя Чарныша затрымалі 7 кастрычніка, калі ён маляваў на прыпынку ля гораду чырвоную лінію. Яго зьбілі, распылілі газ пры затрыманьні, патрабавалі на камэру прызнацца, колькі яму плацяць і хто арганізатар, а потым прысудзілі 135 рублёў штрафу і 5 сутак арышту, паведамляе «Вясна».

«Усё здарылася а 21-й гадзіне каля Фаніпаля, калі я фарбаваў прыпынак у бел-чырвона-белы колер. У гэты час супрацоўнік мясцовага аддзелу дэпартамэнта аховы выгульваў сабаку. Ён выгульваў свайго сабаку, бо жыве недалёка, але пры ім была балаклава, гумовая дубінка і камэра. Калі ён мяне ўбачыў, то прывязаў сабаку. Пасьля гэтага накінуўся на мяне, а я кінуў у яго слоік з фарбай. Гэты чалавек не прадстаўляўся і быў у цывільнай вопратцы. Потым я пачаў уцякаць, але ён мяне дагнаў, і ў працэсе бойкі ён мяне абліў газам. Падобна, што гэта быў пярцовы газ у балёнчыку», — кажа Дзьмітры Чарныш.

Пакуль Дзьмітры апамятаўся, сілавік выклікаў падмогу: прыехалі два супрацоўнікі аддзелу дэпартамэнту аховы і затрымалі яго. Ён не супраціўляўся, падняў рукі ўверх, але супрацоўнік у цывільным пачаў яго біць рукамі, нагамі і гумовай дубінкай. Потым на яго надзелі кайданкі і павялі да прыпынку, які ён размалёўваў. Там зноў білі, паміж зьбіцьцём уключалі камэры «Дазор» і патрабавалі сказаць: колькі плацяць, хто арганізатар і г. д.

Пасьля гэтага Дзьмітрыя Чарныша даставілі ў РАУС Фаніпаля і перадалі сьледчай групе. З пратаколаў Дзьмітры даведаўся, што супрацоўніка, які яго біў, завуць А. А. Крэсік.

Дзьмітрыя адвезьлі на судмэдэкспэртызу ў Дзяржынск. Сьледчая Людміла Хрушчова распачала праверку правамернасьці дзеяньняў супрацоўнікаў МУС, прызначыла дадатковую судмэдэкспэртызу. У Дзяржынскай бальніцы Дзьмітрыю дыягнаставалі шматлікія сінякі па целе: на сьпіне, сьцягне, жываце, галёнцы.

У РАУС старшая лейтэнантка міліцыі Вольга Лышчэня склала на яго 2 пратаколы: паводле арт. 10.9 (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне службовай асобе). Дзьмітрыю паставілі ўльтыматум: або ён падпісвае пратаколы і яму даюць пяць сутак арышту і штраф, або заводзяць крымінальную справу. Дзьмітры падпісаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.

9 кастрычніка суд Дзяржынскага раёну прызнаў яго вінаватым па двух артыкулах КаАП — 10.9 і 23.4: яго аштрафавалі на 135 рублёў і асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. У пастанове суду сказана, што ён пашкодзіў маёмасьць на суму 25 рублёў 73 капейкі, пры гэтым яго дзеяньні ня ўтрымлівалі складу злачынства, а таксама ён «адмовіўся выканаць законнае патрабаваньне супрацоўніка АДА Крэсіка А. А. прайсьці ў службовы аўтамабіль, упіраўся, спрабаваў вырвацца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG