Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У турмах не вядуць дыялёгаў». Ганна Севярынец пра візыт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ і пагрозы страляць у пратэстоўцаў


Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі
Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі

Ганна Севярынец расказала тэлеканалу «Настоящее время», чаму на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ не было яе брата, які таксама пад арыштам, і чаму ўлады пачалі пагражаць ужываньнем зброі супраць пратэстоўцаў.

Размову вёў Цімур Алеўскі.

— Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам Сяргей Ціханоўскі зь СІЗА патэлефанаваў сваёй жонцы Сьвятлане Ціханоўскай і сказаў, што пратэстоўцам «трэба дзейнічаць больш жорстка». Што значыць «больш жорстка»? Як гэта можа выглядаць, як трэба сябе паводзіць на вуліцы? І што значыць «больш жорстка» з гледзішча ўладаў?

— Мне цяжка казаць, што меў на ўвазе Сяргей Ціханоўскі, калі прамовіў гэтыя словы, знаходзячыся пад аховай, знаходзячыся ў СІЗА КДБ, размаўляючы паводле асабістага распараджэньня былога прэзыдэнта. Ня ведаю, што ён укладваў у гэтыя словы. Ня ведаю, чаго хацела ўлада. Ведаю толькі, што рэжым правакуе грамадзтва на тое, каб мы сталі больш жорсткія, то бок радыкалізаваліся.

— А вы дапускаеце, што могуць ужыць зброю супраць людзей на вуліцы, калі што?

— Безумоўна. Думаю, што гэтыя бясконцыя правакацыі менавіта для гэтага і ствараюцца — каб справакаваць людзей на нейкія дзеяньні, а людзі не правакуюцца, бо пакуль грамадзтва раззлаванае, неймаверна абуранае, у нас ва ўсіх вельмі напружаныя нэрвы, і ў нас адсыхае кожны дзень па кіляграме гуманізму, але грамадзтва трымаецца, бо маем агульны настрой на мірны пратэст.

— Вынікае, што ўзровень гвалту расьце не для таго, каб людзей напалохаць, каб кагосьці справакаваць на дзеяньні ў адказ, бо хтосьці ня зможа трываць? І тады што?

— Я ў гэтым упэўненая. Тады яны расстраляюць натоўп. Яны расстраляюць натоўп, бо страляць у людзей няпроста, і трэба, каб у людзей стралялі ня толькі тысяча амапаўцаў, у якіх, мабыць, няма нічога сьвятога, а трэба, каб у людзей стралялі тэрміновікі, салдаты.

— А ў чым сэнс? Навошта не падрыхтаваных маральна і псыхалягічна людзей уключаць у такое страшнае разьвіцьцё падзеяў?

— Каб у іх не было кроку назад, каб армію павязаць з рэжымам.

— Праз два месяцы пасьля выбараў мы з вамі абмяркоўваем сцэнар, горшы за які ўявіць немагчыма.

— Вядома, я гэта разумею. Магчыма, гэта нейкі мой эмацыйны стан, я не палітоляг, я настаўніца.

— А чыя гэта ідэя? Гэта асабіста, як вам здаецца, ідэя кіраўніка рэжыму?

— Ён не кіраўнік рэжыму. Гэта былы прэзыдэнт, і тут ня трэба шукаць эўфэмізмаў. Я думаю, што, вядома, ня толькі асабіста яго, але гэта вельмі ў ягоным характары.

— Чаму на гэтай сустрэчы, дзе былі людзі, якія сядзяць за палітычныя пытаньні, не было вашага брата Паўла Севярынца і не было Мікалая Статкевіча — іншага палітыка. Чаму іх не паклікалі?

— Калі быў нейкі разьлік, што ўдасца дамовіцца з тымі, каго паклікалі, то што да Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча — гэтыя людзі прынцыпова не пайшлі б ні на які дыялёг. Няма чаго тут нават спрабаваць, гэта ўсё ўжо было ў 2010 годзе. У 2010 годзе сцэнар быў больш «лайтовы» (лёгкі. — РС) такі, але вельмі падобны ў тым сэнсе, што шмат якіх палітыкаў «папрасілі» напісаць прашэньне на імя тагачаснага прэзыдэнта аб памілаваньні з раскаяньнем і з усімі справамі. Большасьць напісала, а Павел не напісаў, і Статкевіч ніколі такіх папераў не пісаў. Яны і цяпер цалкам адназначна не пайшлі б ні на які дыялёг. Таму навошта іх клікаць.

— А ў тым, што Аляксандр Лукашэнка сядзеў зь імі за адным сталом, — гэта нейкая навіна? Ці трэба ўспрымаць гэта так, што такога ніколі не было?

— Што наагул цяпер адбываецца ў Беларусі, такога ніколі не было. І што мы самі дзівімся з таго, што адбываецца, што мы самі часам ня верым, на што мы выявіліся здольныя і на што здольныя людзі вакол. Я думаю, наколькі гэта зьдзіўляе той другі бок. Мы ў гэта прынамсі верылі. Таму, вядома, я не магу ўзгадаць аналягаў, але гэта нічога не вырашае.

— Аляксандр Лукашэнка як бы паказвае дыялёг, заклікае да яго.

— У турмах не вядуць дыялёгаў. Гэта не дыялёг.

— Мізансцэна і сытуацыя, у якой людзі размаўлялі, вядома, паказвала, што яны несвабодныя. Я ўсё гэта разумею, але гаварылася пра канстытуцыйную рэформу, а потым, на наступны дзень — адразу такія жорсткія дзеяньні сілавікоў. Якая лёгіка: сёньня мы пакажам сябе мяккімі, а заўтра жорсткімі? Як гэта працуе?

— Вельмі лягічна. Мы ня ведаем, што там гаварылася насамрэч, але ён сказаў у нарэзцы на БТ: «З вуліцай ніякага дыялёгу ня будзе. Канстытуцыя на вуліцах ня пішацца». І наагул гэты рэжым ня ўмее весьці дыялёгаў. Бо ўжо прыяжджала Качанава да пратэстоўцаў, ужо спрабаваў прыехаць Лукашэнка на завод — ён жа езьдзіў туды, калі заводы зьбіраліся страйкаваць. Яны ж ня едуць з дыялёгам, яны ні пра што не пытаюцца. Яны прыяжджаюць, выкладаюць сваю пазыцыю, ставяць нейкія ўмовы, і гэта ў іхным уяўленьні называецца дыялёгам. Гэта не дыялёг. І ў такім рэжыме ніякі дыялёг немагчымы. А на сёньня пратэсты робіць не Ціханоўскі, не Бабарыка, ня штаб. На сёньня адзіны паўнапраўны палітычны суб’ект, з якім варта размаўляць, — гэта беларускі народ і яго легітымны прадстаўнік Сьвятлана Ціханоўская.

— Калі ўсё роўна будзе канстытуцыйная рэформа, то якая розьніца для Лукашэнкі — ці будзе яна безь людзей на вуліцы або зь людзьмі на вуліцы, калі ўсё роўна [будуць] зьмены і ён не застаецца?

— Чаму [будуць] зьмены і ён не застаецца? Ён жа не зьбіраецца прымаць такіх зьменаў, паводле якіх ён ідзе у адстаўку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG