Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі быў на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі, — адвакат зьняволенага паліттэхноляга Шклярава


Кадр відэа сустрэчы, апублікаванага дзяржаўным агенцтвам БелТА. У левым куце кадру бачны край кепкі. Гэта, магчыма, і ёсьць Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі 10 кастрычніка быў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ. Пра гэта расказаў для «Эхо Москвы» адвакат арыштаванага паліттэхноляга Віталя Шклярава Антон Гашынскі.

Раніцай 12 кастрычніка адвакат Віталя Шклярава Антон Гашынскі сустрэўся з падабаронным, а потым пераказаў журналістам падрабязнасьці сустрэчы таго з Лукашэнкам.

«Я ўбачыў сёньня Віталя — яго Лукашэнка запрасіў на размову разам зь Ціханоўскім і Бабарыкам, якіх Віталь на гэтай сустрэчы ўбачыў упершыню», — расказаў Гашынскі.

Лукашэнка 10 кастрычніка сустрэўся ў сьледчым ізалятары КДБ з затрыманымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднанага штабу апазыцыі. Сьцьвярджаецца, што Лукашэнка размаўляў са зьняволенымі чатыры з паловай гадзіны, але пра што — таямніца.

Віталь Шкляраў (крайні справа) падчас размовы з Лукашэнкам
Віталь Шкляраў (крайні справа) падчас размовы з Лукашэнкам

Дзяржаўныя СМІ і блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал апублікавалі змантаваныя відэакадры сустрэчы, ні на водным зь якіх не відаць Сяргея Ціханоўскага. Можна заўважыць толькі край кепкі, руку і вуха чалавека. Магчыма, гэта і быў Сяргей Ціханоўскі.

Вось на гэтым фота чалавек у кепцы заўважны найлепш
Вось на гэтым фота чалавек у кепцы заўважны найлепш

У той жа дзень Сьвятлана Ціханоўская апублікавала аўдыё тэлефоннай размовы з мужам, дзе той просіць яе паводзіць сябе «больш жорстка» ў дачыненьні да ўладаў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG