Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ўпершыню за 4 месяцы пагутарыла з мужам. Пра што яны гаварылі і як стала магчымай размова

абноўлена

Толькі што адбылася тэлефонная размова Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх, паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі.

Гэта першая размова за 4 месяцы, дакладней — за 134 дні.

Як сказаў Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Франак Вячорка, Сьвятлана і Сяргей размаўлялі 12,5 хвіліны.

Паводле Вячоркі, Сяргей Ціханоўскі сказаў Сьвятлане «быць больш жорсткімі», працягваць сустракацца з сусьветнымі лідэрамі і працягваць змагацца. У цэлым мэсыдж быў такі, што «нельга здавацца, трэба ісьці на большае». Ён сказаў Сьвятлане, што сочыць за ўсімі навінамі.

Таксама Ціханоўскія размаўлялі пра дзяцей, пра сям’ю, ці ўсе цяпер у бясьпецы. Сяргей расказаў пра ўмовы ўтрыманьня і назваў, што яму трэба перадаць у турму, сказаў, што трошкі паправіўся ў турме.

Франак Вячорка сказаў са слоў Сьвятланы Ціханоўскай, што да гэтай размовы ёй напісала сястра і сказала, што Сяргей шукаў яе нумар, а потым набраў яе сам са схаванага нумару.

Пазьней у Тэлеграм-канале Сьвятланы Ціханоўскай былі апублікаваная стэнаграма і відэафрагмэнт размовы. Сяргей Ціханоўскі, сярод іншага, сказаў, што бачыць жонку ў тэлевізары штодня. На пажаданьне Сяргея быць больш жорсткай Сьвятлана сказала, што баіцца, каб гэта не адбілася на палітвязьнях, але ўрэшце пагадзілася з мужам.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала сустрэчу ў СІЗА КДБ і размову з мужам:

«Сёньняшнія падзеі — гэта вынік нашага з вамі ціску. Гэтай сустрэчай Лукашэнка прызнаў існаваньне палітвязьняў, якіх раней называў крымінальнікамі. І калі ён хацеў паказаць гатоўнасьць да дыялёгу, то павінен вызваліць палітвязьняў неадкладна. Дыялёг у турэмнай камэры не вядзецца. Ён кажа пра Канстытуцыйную рэформу, але робіць гэта, толькі каб аслабіць наш пратэст. Мы працягнем жорстка стаяць на сваім і мірна дамагацца новых выбараў».

Муж Сьвятланы Ціханоўскай — відэаблогер, аўтар youtube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі — з 29 траўня ў зьняволеньні. Яго затрымалі ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай.

8 чэрвеня Сяргею Ціханоўскаму, як і яшчэ шасьці затрыманым, прад'явілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Пазьней Ціханоўскаму прадʼявілі абвінавачаньне яшчэ па артыкуле 191 КК РБ. Цяпер ён у сьледчым ізалятары ў Жодзіне.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязьнем.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG