Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух арыштаваных выпусьцілі зь СІЗА пасьля сустрэчы з Лукашэнкам


Лукашэнка на сустрэчы зь вязьнямі ў сьледчым ізалятары КДБ 10 кастрычніка
Лукашэнка на сустрэчы зь вязьнямі ў сьледчым ізалятары КДБ 10 кастрычніка

Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што 11 кастрычніка са сьледчага ізалятару КДБ выпусьцілі на волю бізнэсоўца і сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага і дырэктара менскага офісу кампаніі PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча.

Ім зьмянілі меру стрыманьня. Жонка Юрыя Васкрасенскага Алеся пацьвердзіла Свабодзе, што Юрыю зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт.

Як паведамляе Tut.by, Васкрасенскі сказаў, што яму даручылі рыхтаваць прапановы да паправак у Канстытуцыю і выкласьці падыходы да вызваленьня шэрагу асобаў, якія «выявіліся ня так грамадзка небясьпечнымі для нашай краіны, як здаваліся на першым этапе».

Дзьмітрый Рабцэвіч мерыцца надалей займацца бізнэсам, бо ў структуры Парку высокіх тэхналёгіяў «створаныя ўсе ўмовы, каб плаціць нармальныя заробкі, разьвівацца, будаваць будучыню разам».

Навіна пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з групай палітзьняволеных у СІЗА КДБ зьявілася ў другой палове дня 10 кастрычніка. Спачатку пра яе паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого», а пазьней кадры з сустрэчы паказалі дзяржаўныя тэлеканалы. Той жа «Пул Первого» таксама апублікаваў кароткае відэа і паведаміў, што сустрэча працягвалася больш за 4 гадзіны. Яе поўны зьмест застаецца невядомым. Дзяржаўныя СМІ толькі намякаюць, што размова датычыла будучых зьменаў у Канстытуцыю.

На апублікаваных фота і відэа можна апазнаць 11 з 12 удзельнікаў сустрэчы. Там былі:

  • былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Віктар Бабарыка,
  • ягоны сын Эдуард Бабрыка,
  • дырэктар менскага офісу кампаніі PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч,
  • сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады юрыстка Лілія Ўласава,
  • былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт,
  • уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч,
  • Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасьля сыходу Бабарыкі,
  • паліттэхноляг Віталь Шкляраў,
  • сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак,
  • адвакат Ільля Салей,
  • бізнэсовец і сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі Юры Васкрасенскі.

Акрамя іх, за авальным сталом на размове з Лукашэнкам прысутнічаў невядомы ў кепцы і з гадзіньнікам на руцэ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG