Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі тысяч менчукоў выйшлі на «Марш гонару» насуперак брутальным затрыманьням. Што адбываецца ў Беларусі 11 кастрычніка

абноўлена

На 64-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі заклікалі да правядзеньня «Маршу гонару». Штонядзельныя акцыі пратэсту зьбіраюць дзясяткі тысячаў чалавек.


Дзясяткі тысяч чалавек ідуць па Кальварыйскай вуліцы ў Менску
00:31 12.10.2020

На журналіста Белсату Зьмітра Міцкевіча склалі 2 пратаколы паводле артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу аб непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве. Яго пакінулі пад вартай да суду.

00:09 12.10.2020

У менскім мікрараёне Серабранка пратэстоўцы перакрылі рух. Там на праезнай частцы палілі пакрышкі.

00:07 12.10.2020

У менскім мікрараёне Малінаўка позна ўвечары працягваліся пратэсты і затрыманьні, было чуваць стрэлы.

00:04 12.10.2020

На ўсіх журналістаў, якіх знаходзіліся ў Кастрычніцкім РУУС Менску, завялі адміністрацыйныя справы, паведаміў журналістам супрацоўнік прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму Раман Лашкевіч.

23:13 11.10.2020

Сярод затрыманых сёньня — брат знакамітай спартоўкі, узнагароджанай званьнем героя Беларусі, Дар'і Домрачавай, архітэктар Мікіта Домрачаў. Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», яго адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Сёньня ж быў затрыманы і вядомы беларускі архітэктар Кірыл Скарынін.

22:18 11.10.2020

Людзі перакрылі вуліцу Прытыцкага

Людзі перакрылі вуліцу Прытыцкага на Каменнай Горцы, пратэстуюць супраць зьбіцьця дэманстрантаў.

22:13 11.10.2020

Палітзьняволеных пачалі выпускаць?

На БТ паказалі, што зь СІЗА КДБ выпусьцілі на волю бізнэсоўца і сябра выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага і дырэктара менскага офісу кампаніі PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча.

Жонка Юрыя Васкрасенскага Алеся пацьвердзіла Свабодзе, што Юрыю зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт.

Гэта адбылося пасьля ўчорашняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў ізалятар КДБ, дзе ён сустрэўся з палітзьняволенымі, сярод якіх былі і Юры Васкрасенскі, і Дзьмітры Рабцэвіч.

22:08 11.10.2020

15 журналістаў так і не адпусьцілі. Іх прыйшлі падтрымаць калегі

15 журналістаў незалежных СМІ, якіх затрымалі да ці падчас пратэстнага маршу ў Менску, застаюцца ў Кастрычніцкім РУУС. Калегі перадалі для іх цёплыя рэчы, цыгарэты і ежу.

22:03 11.10.2020

Вечаровыя ланцугі салідарнасьці ў розных раёнах Менску

22:00 11.10.2020

21:54 11.10.2020

Людзі выйшлі на пратэст у Лідзе

Нягледзячы на затрыманьнi, Ліда сёньня гуляла двойчы, пішуць чытачы, днём і ўвечары. А таксама лідчане ў цэнтры горада зрабілі «марш бульбы».

21:24 11.10.2020

У Менску да РУУС прыяжджаюць «хуткія», забіраюць пацярпелых

Ля Маскоўскага, Фрунзэнскага, Ленінскага і Партызанскага РАУС у Менску бачылі машыны хуткай дапамогі, піша «Белсат» са спасылкай на валянтэраў. Зь Ленінскага РАУС «хуткая» зьвезла двух хлапцоў. З Партызанскага РАУС забралі дзяўчыну з пашкоджаным каленам.

Валянтэры каля Маскоўскага РУУС паведамляюць, што сюды даставілі каля 40 чалавек, у некаторых ёсьць траўмы ног і рук, чэрапна-мазгавыя траўмы, сінякі на твары, паведамляе Onliner. @motolkohelp удакладняе, што ў Маскоўскім РУУС 8-10 пацярпелых, іх забіраюць машыны хуткай дапамогі.

21:23 11.10.2020

Дыялёг з вадамётам: што засьведчылі «Маршы гонару»

Што засьведчылі «Маршы гонару» на 64-ы дзень пратэстаў? Ці паўплывала на іх сустрэча Лукашэнкі зь вязьнямі СІЗА КДБ? Як грамадзтва ўспрыняло гэты дыялёг? У «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітык, відэаблогер Вольга Карач і палітычныя аглядальнікі: зь БелаПАНу Аляксандар Класкоўскі, з «Нашай нівы» — Зьміцер Панкавец.

21:23 11.10.2020

ШОК-ВІДЭА. «Калідор» сілавікоў зьбівае затрыманых

Яшчэ ў жніўні, пасьля пачатку пратэстаў, многія затрыманыя апавядалі, як у РУУС іх іх выводзілі з аўтазака і праганялі праз «калідор», дзе сілавікі іх зьбівалі. Сёньня тэлеграм-канал Nexta апублікаваў відэа, як гэта выглядала, зьнятае з аўтазака «падчас гарачай пары пратэстаў»: на ім міліцыянты стаяць у шэрагу і па чарзе б'юць дубінкамі затрыманых, якія праходзяць па «калідоры». Асьцярожна: шмат нецэнзурнай лексыкі!

20:49 11.10.2020

Журналістку газэты «Наша слова» Алену Кавальчук выпусьцілі зь Ленінскага РАУС Горадні, яе трымалі там каля 4 гадзін. Склалі пратакол апытаньня ў межах артыкулу 22.9 і 23.34 (праца без акрэдытацыі і ўдзел у мітынгу), вядзецца праверка па абставінах сытуацыі.

20:34 11.10.2020

Як ішла другая вялікая калёна ў Менску

Апроч асноўнай калёны дэманстрантаў, якая сабралася на вуліцы Калтварыйскай і рушыла да Пушкінскай, яшчэ адна шматтысячная калёна стартавала зь левага берагу Сьвіслачы. Яны прайшла вуліцамі Багдановіча, Куйбышава, праспекце Машэрава ў яго левабярэжнай частцы, Чарвякова.

Вось відэа і фота чытачоў «Нашай нівы», якія перадаюць атмасферу. Цікава, што журналістаў у гэтай калоне амаль не было.

20:27 11.10.2020

У Берасьці на акцыі пратэсту затрымалі прынамсі 25 чалавек

Паводле слоў праваабаронца Раманf Кісьляка, з 14.00 у розных частках горада групы людзей з бел-чырвона-белымі сьцягамі выстройваліся ў ланцугі салідарнасьці. Каля 16.30 у цэнтры Брэста на пешаходнай вуліцы Савецкай сабралася больш за 150 чалавек. Калёнай яны прайшлі да набярэжнай Ф.Скарыны, скандуючы: «Верым, можам, пераможам!», «Жыве Беларусь!», «Лукашэнку ў аўтазак».

Сілавікі затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі па ходзе руху калёны: каля кінатэатра «Беларусь», на скрыжаваньні Савецкай з праспэктам Машэрава, на набярэжнай. Пасьля 18.00 людзі разышліся, паведаміў БелаПАН.

20:13 11.10.2020

У Наваградку некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі ўдзень 11 кастрычніка ў цэнтар гораду зь белымі і чырвонымі балёнікамі. Стварылі ланцугі салідарнасьці. За імі сачыла міліцыя, аднак нікога не затрымалі.

19:37 11.10.2020

У Менску шмат пацярпелых?

Да Маскоўскага РАУС у Менску прыяжджаюць і ад'яжджаюць машыны хуткай дапамогі, паведамляе тэлеграм-чат незалежнага абʼяднаньня мэдыкаў «Белые халаты».

19:35 11.10.2020

У Горадні «​Марш гонару»​ заблякавалі на галоўнай вуліцы

Некалькі сотняў чалавек прыйшлі на Савецкую плошчу ў Горадні 11 кастрычніка.

Гарадзенцы засьпявалі на плошчы «Тры чарапахі». Потым калёна з прыкладна 100-200 чалавек пайшла з Савецкай плошчы па Савецкай пешаходнай вуліцы. Унізе вуліцу перакрылі сілавікі. Людзі павярнулі і пайшлі зноў у накірунку Савецкай плошчы. Там вуліцу таксама перакрылі сілавікі. Больш за 10 чалавек затрымалі, у тым ліку, двух жанчын. Адной зь іх зламалі чырвона-белы парасон. Пасьля затрыманьняў пратэстоўцы разышліся.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG