Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сусьветныя палітыкі захапляюцца Ціханоўскай? Тлумачыць яе дарадца ў міжнародных справах Франак Вячорка 


На сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам Сьвятлана Ціханоўская і яе дарадца Франак Вячорка
На сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам Сьвятлана Ціханоўская і яе дарадца Франак Вячорка

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Франак Вячорка расказвае пра тое, як працуе каманда Ціханоўскай, чаму заходнія лідэры захапляюцца Ціханоўскай, як ён стаў часткай каманды, як рыхтуюцца яе міжнародныя сустрэчы, падае падрабязнасьці будучай сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель.

Глядзець відэа цалкам.

Прапануем фрагмэнты размовы.

Сьцісла

  • Гэта будзе сустрэча Сьвятланы і Ангелы. І перакладчык. Яны правядуць разам 45 хвілінаў у зачыненым пакоі ў офісе Мэркель.
  • Мы спрабуем дзейнічаць у кірунку легітымізацыі Каардынацыйнай рады, Сьвятланы Ціханоўскай і дэлегітымізацыі Лукашэнкі.
  • Яна сапраўды шчыра верыць, што ў Расеі жывуць блізкія беларусам людзі. Але яна ня вельмі разумее, што ў Крамлі кіруюць ня проста расейцы, да якіх яна прызвычаілася.
  • Яна ні з кім ня сварыцца, ні з кім не канкуруе. Яе задача — проста ўсіх аб’ядноўваць, і гэта тое, што яна робіць ідэальна.
  • Я сустракаўся з многімі палітыкамі ўсё сваё жыцьцё, і хачу сказаць, што ніколі ў жыцьці я ня бачыў такога захапленьня ў замежных палітыкаў.
  • Я ехаў рабіць кароткатэрміновую перамогу, каб закончыць паўстаньне цягам 6 месяцаў.

«Я напісаў Сьвятлане, што я гатовы кінуць усё і далучыцца да каманды»

— Наколькі вялікая каманда цяпер у Сьвятланы Ціханоўскай? Як вы сталі часткай каманды?

— Асноўны касьцяк каманды — гэта некалькі чалавек, але гэта добра арганізаваная, функцыянальная група. Гэта офіс прэзыдэнта, ён працуе як офіс прэзыдэнта, адзінае, што дзеліць частку свайго мандату з Каардынацыйнай радай, якая знаходзіцца збольшага ў Менску і выконвае больш прадстаўнічыя, рэпрэзэнтатыўныя функцыі. Я проста напісаў Сьвятлане, што я гатовы кінуць усё і далучыцца да каманды. Яна сказала: О.К. Я кінуў усё, прыехаў у Вільню, цяпер дапамагаю, раджу Сьвятлане. Офіс Ціханоўскай — малая структура. Пакуль працуем я, Аляксандар Дабравольскі (дарадцы), ёсьць тэхнічныя адміністратары, ёсьць служба пратаколу, прэс-сакратар Ганна Красуліна і сама Сьвятлана Ціханоўская. Мы працуем з Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай, якія пастаянна прыяжджаюць у Вільню, і зь менскім актывам, бо самае важнае — гэта Менск.

Як рыхтуецца сустрэча з Мэркель

— Цяпер у сетках актыўна шэрыцца карцінка, на якой пералік сустрэч Сьвятланы Ціханоўскай з уплывовымі сусьветнымі лідэрамі — і пералік сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі з расейскімі рэгіянальнымі кіраўнікамі. Неўзабаве сустрэча з Ангелай Мэркель, выступы ў нямецкіх і францускіх парлямэнтах. Як арганізуюцца гэтыя сустрэчы, хто ініцыятар, якія гульцы ўцягнутыя?

— Заўжды па-рознаму. На апэрацыйным узроўні спачатку абменьваюцца паведамленьнямі штабы, на ўзроўні дарадцаў вядзецца перапіска з канцылярыяй. У выпадку з Мэркель — гэта дарадцы Мэркель, зь якімі я ўступаю ў перапіску. Мы выказваем узаемны інтарэс, потым адбываецца прызначэньне даты, вызначэньне задач, прыярытэтаў на сустрэчу. Некаторыя сустрэчы трымаюцца ў сакрэце, некаторыя публічныя. Па правілах трэба ўсё ўзгадняць — прэс-рэліз, пазыцыю, інфармацыю, якая трапляе ў мэдыя. Бок, які запрашае, альбо бок, вышэйшы па статусе, мае прыярытэт, прэрагатыву ў вызначэньні публічнасьці таго ці іншага мерапрыемства.

Мэркель, напрыклад, сама выбірае. Гэта будзе сустрэча адзін на адзін. Мяне ня будзе на гэтай сустрэчы, ня будзе дарадцаў Мэркель. Гэта будзе сустрэча Сьвятланы і Ангелы. І перакладчык. Яны правядуць разам 45 хвілін у зачыненым пакоі ў офісе Мэркель. Гаварыць, безумоўна, будуць пра Беларусь. Я буду на іншых сустрэчах, спадзяюся, на сустрэчы зь міністрам замежных справаў, у Бундэстагу. Кожная сустрэча адбываецца па пратаколе, калі гэта сустрэча афіцыйная, але збольшага фармат сустрэчаў Сьвятланы — гэта не фармат дзяржаўных візытаў, таму што ў Сьвятланы няма статусу дзяржаўнага кіраўніка. Адпаведна, згодна з дыпляматычным пратаколам, гэта не афіцыйная сустрэча. Як, напрыклад, сьняданак у Брусэлі, калі былі ўсе міністры замежных справаў — наш выступ быў не фармальны, але ўсе разумеюць, што яго значэньне такое самае важнае, як і афіцыйных кансультацый міністраў.

— Якія сустрэчы яшчэ плянуюцца?

— Мы спрабуем дзейнічаць у кірунку легітымізацыі Каардынацыйнай рады і Сьвятланы Ціханоўскай і дэлегітымізацыі Лукашэнкі. Наколькі гэта магчыма, мы спрабуем размаўляць з прадстаўнікамі розных краінаў ЭЗ, спрабуем гаварыць з Украінай, з камісарам па правах чалавека ААН. Ёсьць запрашэньні ад некаторых нацыянальных урадаў выступіць. Сустрэчаў вельмі шмат. Цяпер такі момант, калі трэба дзейнічаць хутка, і важна не пагаджацца на кожную сустрэчу, а важна выбіраць тыя, якія могуць дапамагчы Беларусі. У нас ёсьць тэрміновая патрэба — спыніць гвалт і вызваліць палітвязьняў, і кожная няправільная сустрэча альбо бесталкова праведзеная гадзіна аддаляе нашу перамогу. Таму тут трэба адкласьці пыху і сканцэнтравацца на тым, што сапраўды вядзе да пазытыўных зрухаў.



«Сьвятлана надзвычай сумленны, адказны чалавек, які перажывае за кожную падзею, за кожнага арыштаванага»

— Нядаўна Сьвятлана зьмяніла назву тэлеграм-каналу — з «Пул первой» на «Светлана Тихановская». Як яна рэагуе на брудныя рэплікі тэлеграм-каналу «Пул первого» пра тое, што пасьля яе сустрэчы з Макронам у яго могуць быць праблемы з жонкай і гэтак далей?

— Яна вельмі перажывае. Сьвятлана надзвычай сумленны, адказны чалавек, які перажывае за кожную падзею, за кожнага арыштаванага, прапускае гэта празь сябе. У яе абвостранае пачуцьцё адказнасьці. Кожны артыкул, кожны тэкст, кожную прамову прапускае празь сябе, прадумвае, выпраўляе. Хоць яна ўсім давярае, вядома, асабліва дарадцам, але яна заўжды ўсё пераглядае вельмі ўважліва. Яна бярэ блізка да сэрца камэнтары, якія пішуць, асабліва расейскія камэнтары. Яна сапраўды шчыра верыць, што ў Расеі жывуць блізкія беларусам людзі. Але яна ня вельмі разумее, што ў Крамлі кіруюць ня проста расейцы, ня тыя расейцы, да якіх яна прызвычаілася, якія блізкія нам культурна і ідэалягічна.

І гэта такая палітычная наіўнасьць, якая многіх беларусаў зачапіла, за якую многія беларусы прагаласавалі на выбарах. Цяпер эмацыйна складаныя для яе моманты, таму што яна вымушаная расчароўвацца. Многія сапраўды спэкулююць, спрабуюць яе падмануць. Паводзіны Расеі ўвогуле абуральныя. Расейская прапаганда, якая на яе нападае абсалютна несправядліва, — гэта прыклад подласьці ў дачыненьні да тых, каго расейцы называюць братнім народам.

Цяпер Сьвятлана будуе ўласны брэнд, яна перайменавала тэлеграм-канал, бо ня хоча, каб яе параўноўвалі з Лукашэнкам. «Пул первой» — гэта адсылка да Лукашэнкі, а яна ня хоча мець нічога супольнага з рэжымам Лукашэнкі, каб яе не параўноўвалі і не асацыявалі, каб у беларусаў не было адчуваньня, што тая сыстэма, якую збудаваў Лукашэнка, нейкім чынам можа паўтарыцца ў будучыні. Яна хоча будаваць нешта зусім новае, але яна ня хоча кіраваць краінай. Яна хоча, каб Беларусь, да якой яна вядзе праз новыя выбары, была сьвежай, сучаснай, эўрапейскай. Нехта скажа, што гэта наіўна. Але я думаю і цяпер ужо і сам веру, што гэта магчыма як ніколі раней.

«Яна не выкарыстоўвае шаблёнаў, які я выкарыстоўваю, часам Павал Паўлавіч выкарыстоўвае, а гаворыць як звычайны нармальны чалавек»

— Не выглядае на тое, што сама Ціханоўская вядзе свае сацсеткі. Як вы лічыце, варта было б ёй гэта рабіць?

— Нерэальна весьці сацыяльныя сеткі, калі на табе Макрон, Мэркель і іншыя лідэры. І гэта нармальна, калі іншыя людзі пішуць пасты. Але ўсе камэнтары, якія зьяўляюцца, — гэта яе камэнтары. Ясна, што рыхтуюць пасты іншыя людзі, што фоткі ня сэлфі, але я думаю, што ўсё больш і больш яна будзе выходзіць у сеткі. Самае моцнае — гэта Інстаграм і Тэлеграм. На Тэлеграме апэратыўная інфармацыя, а ў Інстаграме камунікацыя з масавай аўдыторыяй, імідж, пазыцыянаваньне. Цяпер у яе імідж чалавека, які аб’яднаў беларусаў у змаганьні за свабоду, новыя выбары і Беларусь без Лукашэнкі. Яна ні з кім ня сварыцца, ні з кім не канкуруе. Яе задача — проста ўсіх аб’ядноўваць, і гэта тое, што яна робіць ідэальна.

Франак Вячорка
Франак Вячорка

Я сустракаўся з многімі палітыкамі ўсё сваё жыцьцё, і хачу сказаць, што ніколі ў жыцьці я ня бачыў такога захапленьня ў замежных палітыкаў. Яны сустракаюць чалавека, які ня мае палітычных амбіцый, які гаворыць абсалютна шчыра, які кожнае слова прапускае празь сябе, і кожнае слова ідзе ад сэрца. І самае важнае — яна не выкарыстоўвае шаблёнаў, якія я выкарыстоўваю, часам Павал Паўлавіч выкарыстоўвае, а гаворыць як звычайны нармальны чалавек, не палітык. І гэтая непадкупная шчырасьць — яе вялікі і магутны інструмэнт, менавіта таму ўсе эўрапейскія і сусьветныя палітыкі так мараць зь ёй сустрэцца, каб паглядзець лідэра нацыі, які не палітык і ня хоча ім быць.

— Франак, вы сказалі, што кінулі ўсё і пайшлі ў каманду, каб набліжаць перамогу. Колькі часу трэба, каб беларуская рэвалюцыя перамагла?

— У нас ёсьць некалькі месяцаў. Гэта некалькі месяцаў вулічных пратэстаў, інфармацыйнага ціску, аб’яднанага беларускага народу. Мы павінны працягваць гэтую барацьбу кожны дзень. І калі будзе нейкі крытычны момант яшчэ раз створаны, і калі гэта адбудзецца бліжэйшыя месяц ці паўтара, то ў нас ёсьць магчымасьць ужо да канца году пабачыць прагрэс, і калі ня новыя выбары, то хаця б выбары прызначаныя.

Я ехаў рабіць кароткатэрміновую перамогу, каб закончыць паўстаньне цягам 6 месяцаў. Доўгай кампаніі на гады з урадамі ў выгнаньні ніхто з нас ня хоча, не плянуе і ня будзе рабіць. Мы тут усе толькі для таго, каб перамагаць, і вельмі хутка. Часу вельмі мала. Працы вельмі шмат. Калі рабіць перамены, трэба рабіць зараз. Калі мы іх зараз ня зробім, то будзе Паўночная Карэя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG