Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым не праіснуе доўга». Мікалай Халезін — пра тое, як уводзіліся санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі


Мікалай Халезін

Краіны ЭЗ і ЗША 2 кастрычніка ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў з прычыны масавых фальсыфікацый на прэзыдэнцкіх выбарах і ўжываньня гвалту ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў.

Кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін, які ўдзельнічаў у слуханьнях з нагоды ўвядзеньня санкцый, расказаў «Настоящему времени» пра тое, якія санкцыі чакаюць цяперашнюю беларускую ўладу і як праходзіў працэс іх увядзеньня.

— Мы пачалі гэтым займацца яшчэ за два месяцы да выбараў. Растлумачыць досыць складана, хто такія «мы», таму што гэта такі блокчэйн МЗС — гэта калі ёсьць некалькі групаў, гэтыя групы каардынуюць паміж сабой дзейнасьць, працуем з самымі рознымі лабістамі: эўрапейскімі, амэрыканскімі, брытанскімі і гэтак далей.

Мы гэтым займацца пачалі за два месяцы да выбараў, калі разгарнуліся першыя рэпрэсіі. Мы папярэджвалі і прасілі ўрады і кіраўніцтва Эўразьвязу, каб яны пачалі ўводзіць санкцыі яшчэ да выбараў, таму што рэпрэсіі ішлі яшчэ тады. Але спачатку нам мякка адмаўлялі, бо COVID, потым мякка адмаўлялі, бо час летніх адпачынкаў, а потым пачалі з гэтых адпачынкаў тэрмінова ўсіх адклікаць, таму што сытуацыя стала ўжо проста кашмарнай у Беларусі. Так, мы цяпер гэтым займаемся, мы ўдзельнічалі ва ўсіх санкцыйных працэсах і ў ААН, і ў ЗША, і ў ЭЗ. Гэты працэс ідзе, і мы завяршылі ўжо першы тур санкцый.

— Наколькі эфэктыўнымі, на ваш погляд, былі гэтыя санкцыі — новыя санкцыі, прынятыя заходнімі краінамі, — і ці будуць яны сапраўды адчувальныя для беларускіх уладаў?

— Гэта цяпер няспынныя размовы, калі кажуць, што гара нарадзіла мыш, 40 чалавек у сьпісе ЭЗ, 41 — у Амэрыцы, у Брытаніі 25 і ў Канадзе. Справа ня ў візах і справа ня ў тым, што ў гэтых людзей арыштуюць нейкія фінансы. Справа абсалютна ня ў гэтым. Справа ў тым, што трэба было прайсьці ўвесь гэты першы тур санкцыйных мераў, каб краіны прадэманстравалі сваю пазыцыю — поўнае непрыманьне рэжыму Лукашэнкі і гатоўнасьць працаваць далей па санкцыях. Таму я б ставіўся да гэтага хутчэй як да сымбаля і да пасланьня, якое павінны прачытаць тыя, хто працуе з Лукашэнкам. Шмат у чым гэта ўжо спрацавала, таму што такая катастрафічная сытуацыя, якая цяпер адбываецца ў беларускім МЗС, — такога не было ніколі. Проста няма дня, каб нехта не звальняўся адтуль, і ўсё гэта ключавыя супрацоўнікі.

— Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што грамадзяне Беларусі звальняюцца зь дзяржслужбы?

— Так. Першым гэта адчула МЗС, таму што там шмат людзей, якія ўсё ж такі прадстаўлялі Беларусь у дэмакратычных краінах, і выглядаць пудзілам жаданьня няма. Але ёсьць яшчэ адзін важны момант. Відавочна, што рэжым не праіснуе доўга. Я не хачу казаць цяпер пра тэрміны, але факт, што ня доўга. І кожны, хто працуе ў МЗС і хоча працягваць гэтую кар’еру, вядома, яму варта сыходзіць, інакш потым абсалютна нікуды з гэтым не падзенесься. У нас няма трох міністэрстваў замежных спраў, каб чыноўнік мог выбіраць.

— Вы сказалі пра першы тур санкцыяў, што ён быў хутчэй фармальны і неабходны для таго, каб прадэманстраваць стаўленьне да беларускіх уладаў. Які павінен быць другі тур?

— У першым туры быў цэлы шэраг праблем. Вельмі сурʼёзная праблема была з Кіпрам, таму што Кіпр не накладаў вэта, але ён блякаваў галасаваньне і зьвязваў нашую рэзалюцыю з рэзалюцыяй па Турэччыне. Таму нам давялося пераадольваць гэты вельмі сурʼёзны барʼер. Вельмі добра спрацавала прадстаўніцтва Нямеччыны, яшчэ шэрагу краін. І выдатна спрацавалі нашы беларусы, якія жывуць у розных краінах, якія ўключыліся, і ціск на Кіпр быў дастаткова сурʼёзны — так што тыя адчулі пагрозу для свайго і турыстычнага бізнэсу, і для свайго IT-бізнэсу. Таму мы змаглі гэта пераадолець. Але на гэта спатрэбіўся час, на жаль. Сапраўды, гэтаксама як супрацьстаяньне ў ААН было дастаткова сурʼёзнае.

У выніку першы тур пройдзены, і далей будзе другі тур, але ён наступіць не адразу, таму што цяпер час перамоваў і час вызначэньня сцэнару разьвіцьця падзеяў. Таму, калі казаць пра другі тур, то гэта павінны быць ужо вялікія сьпісы супрацоўнікаў міліцыі — цяпер гэтыя сьпісы актыўна зьбіраюцца — кіраўнікоў і чальцоў выбарчых камісіяў, судзьдзяў, пракурораў, прапагандыстаў і г.д. Гэта ўжо могуць быць вялікія сьпісы.

І трэцяе — калі мы вырашым, што гэта неабходна, то можна казаць аб сэктаральных санкцыях. Калі пад іх падпадзе цэлы шэраг бізнэс-структураў, прадпрыемстваў, галін прамысловасьці.

— Чаму ўсё ж такі ў эўрапейскім і амэрыканскім санкцыйных сьпісах першага туру, назавем іх так, не аказалася прозьвішча Лукашэнкі, хоць раней заходнія краіны ўводзілі супраць яго санкцыі?

— Гэта дзьве розныя гісторыі. Справа ў тым, што ў Амэрыцы ня трэба было ўводзіць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі — яны захоўваюцца з 2006 году. Справа ў тым, што цяпер былі прынятыя санкцыі супраць васьмі чалавек празь Міністэрства фінансаў. І дзейнічаюць ранейшыя санкцыі адносна яшчэ 16 асобаў. Там і кіраўніца Цэнтравыбаркаму, і Аляксандар Лукашэнка, і цэлы шэраг людзей, якія маюць дачыненьне да забойстваў палітычных апанэнтаў.

У Эўропе ж іншая сытуацыя. Гэта была вельмі доўгая спрэчка наконт унясеньня туды прозьвішча Лукашэнкі, але паколькі ўсе бакі зараз хочуць, каб усё скончылася без крыві і каб скончылася ўсё празь перамовы, адзіны варыянт, які цяпер найбольш празрысты, — гэта ўвядзеньне так званага Маскоўскага мэханізму праз структуры АБСЭ. АБСЭ хацела б, каб Лукашэнка на момант перамоваў не знаходзіўся пад эўрапейскімі санкцыямі. Але калі ён ад перамоваў адмовіцца і адмовіцца ад сыходу, ён, безумоўна, трапіць у гэты сьпіс.

— Калі Эўропа пакідае Лукашэнку магчымасьці для вядзеньня дыялёгу, ня ўводзіць супраць яго санкцыі, як вы лічыце, ці зьбіраецца ён сам скарыстацца гэтым шанцам? Бо пакуль ён не выглядаў чалавекам, які сапраўды гатовы да кампрамісу.

— Ён не выглядае, таму што яшчэ не канчаткова ўпала эканоміка, таму ён будзе спрабаваць адцягваць гэты момант максымальна. Але яму на гэта пайсьці давядзецца: альбо проста паляцець, альбо ісьці празь перамовы. І грамадзтва не дазволіць яму той працэдуры, якую ён заплянаваў — праз два-тры гады канстытуцыйная рэформа, потым яшчэ адны выбары, і гэтак далей. Не, гэтага катэгарычна ня будзе, і ніводная краіна да гэтага не гатовая. І ўжо зараз позна яму вылучаць падобныя праекты, бо чалавек не прызнаны ўсім цывілізаваным сьветам. Таму гэта бессэнсоўная размова. А чаму цяпер трэба зь ім дамаўляцца пра нешта? Зь ім можна дамаўляцца пра адно — пра бяскроўны сыход.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG