Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раней апанэнтаў Лукашэнкі не пазбаўлялі дыпляматычнага рангу. За што звольнілі пасла Беларусі ў Латвіі Васіля Марковіча


Васіль Марковіч, 2012 год
Васіль Марковіч, 2012 год

Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады пасла Беларусі ў Латвіі Васіля Марковіча і пазбавіў яго дыпляматычнага рангу за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў». Дыпляматычнага рангу пазбавілі таксама паслоў Паўла Латушку і Ігара Ляшчэню.

Што вядома пра Васіля Марковіча

Яму 64 гады. Родам зь Берасьцейшчыны. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Гаворыць па-нямецку і па-чэску. Жанаты, мае сына і дачку.

Важныя пасады ў дыпляматычнай кар’еры — генэральны консул Беларусі ў Латвіі, начальнік аддзелу кіраваньня кадрамі МЗС, начальнік службы дзяржаўнага пратаколу МЗС, пасол Беларусі ў Чэхіі (2010–2015), пасол Беларусі ў Латвіі (2018–2020)

Адзін з аўтараў мапы «Беларуская Прага» Зьміцер Кожух і пасол Беларусі ў Чэхіі Васіль Марковіч. 2010 год
Адзін з аўтараў мапы «Беларуская Прага» Зьміцер Кожух і пасол Беларусі ў Чэхіі Васіль Марковіч. 2010 год

У часе кіраваньня Марковіча пасольства Беларусі прафінансавала выданьне мапы «Беларуская Прага», якую стварылі беларускія студэнты Карлавага ўнівэрсытэту.

Кіруючы генэральным консульствам Беларусі ў Даўгаўпілсе (былым Дзьвінску), Васіль Марковіч спрычыніўся да адкрыцьця Цэнтру беларускай культуры.

Пасьля прызначэньня паслом у Латвіі Васіль Марковіч заявіў, што ягоная праца — гэта найперш «праца ў партах, трубаправодах, у сфэры IT».

За што маглі звольніць Васіля Марковіча

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў грамадзяне Беларусі маглі прагаласаваць у чатырох латвійскіх гарадах: у пасольстве ў Рызе, у консульстве ў Даўгаўпілсе, у Ліепаі і Вэнтсьпілсе былі арганізаваны выязныя ўчасткі.

Паводле афіцыйных зьвестак амбасады Беларусі, большасьць у Рызе прагаласавала за Ціханоўскую, а ў Даўгаўпілсе — за Лукашэнку. Агульны вынік быў наступны: амаль 59% за Сьвятлану Ціханоўскую і 34% — за Аляксандра Лукашэнку. У Рызе за хадой выбараў сачылі незалежныя назіральнікі.

У канцы жніўня Васіля Марковіча выклікалі ў МЗС Латвіі, дзе запатрабавалі тлумачэньняў у сувязі з прамовай Лукашэнкі, які сьцьвярджаў, што беларускія пратэсты кіруюцца ў тым ліку і з Латвіі. Акрамя таго, ад яго вымагалі патлумачыць затрыманьне ў Менску двух латвійцаў.

Таксама ў канцы жніўня стала вядома, што візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Рыгу, плянаваны яшчэ ў красавіку, «зьняты з парадку дня». Як растлумачыў кіраўнік МЗС Латвіі, «з прычыны апошніх падзеяў у Беларусі і таго, што Латвія і іншыя краіны ЭЗ не прызнаюць вынікаў выбараў».

«Верай, праўдай, сумленна і па законе служыў Радзіме, краіне і народу», — знаёмы пра Марковіча

2012 год. Амбасадар Чэхі ў Беларусі Іржы Карас і амбасадар Беларусі ў Чэхіі Васіль Марковіч на адкрыцьці выставы беларускіх мастакоў у Празе.
2012 год. Амбасадар Чэхі ў Беларусі Іржы Карас і амбасадар Беларусі ў Чэхіі Васіль Марковіч на адкрыцьці выставы беларускіх мастакоў у Празе.

Свабода пагаварыла з блізкім знаёмым Васіля Марковіча, які пажадаў захаваць ананімнасьць, пакуль адбываюцца пэўныя фармальныя працэдуры, да завяршэньня якіх Марковіч ня будзе даваць камэнтароў.

Паводле гэтай крыніцы, Васіль Марковіч «стаяў ля вытокаў стварэньня нашага МЗС. Быў начальнікам службы пратаколу, начальнікам управы кадраў, быў адным з ініцыятараў стварэньня геральдычных знакаў і формы адзеньня паслоў, адпрацаваў паслом у Чэхіі і Латвіі, генэральным консулам у Латвіі, у пачатку карʼеры працаваў у пасольстве СССР у Нямеччыне, а затым стаяў і ля вытокаў пасольства незалежнай Беларусі ў Нямеччыне. Усе гэтыя гады ён сумленна і па законе служыў верай і праўдай сваёй Радзіме, сваёй краіне, і свайму народу. Так было заўсёды, так засталося і так будзе».

Латушка: Людзі, якія чыняць гвалт, атрымліваюць узнагароды, а тыя, хто выступае супраць гвалту, пазбаўляюцца дыпляматычных рангаў

Аляксандар Лукашэнка пазбавіў дыпляматычнага рангу Паўла Латушку і Ігара Ляшчэню з фармулёўкай «у сувязі са зьдзяйсьненьнем учынкаў, якія няславяць дзяржаўную (дыпляматычную) службу».

Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

Ігар Ляшчэня быў паслом у Славаччыне і выступіў са зваротам, у якім заклікаў спыніць гвалт у Беларусі.

Павал Латушка
Павал Латушка

Павал Латушка з 2019-га не працаваў на дыпляматычнай службе (раней ён быў паслом у Францыі і Польшчы), быў генэральным дырэктарам Купалаўскага тэатру, але за падтрымку пратэстаў звольнены. Ён стаў адным зь лідэраў Каардынацыйнай рады, цяпер вымушана знаходзіцца за мяжой. Вось як пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне Лукашэнкі Павал Латушка:

— Дзіўная сытуацыя, калі людзі, якія парушаюць закон, якія чыняць гвалт над грамадзянамі нашай краіны, атрымліваюць узнагароды (і гэта сотні прадстаўнікоў праваахоўнай сыстэмы), а тыя, хто выступае супраць гвалту, пазбаўляюцца дыпляматычных рангаў. Ці на гэтае пытаньне трэба даваць адказ, чаму так адбываецца? Гэта рэальнасьць сёньняшняй Беларусі і гэтай улады, якая адыходзіць.

— Былога амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча, нават калі ён сядзеў у турме, не пазбаўлялі рангу; Андрэя Саньнікава, які таксама меў ранг пасла, не пазбаўлялі яго. Ці вы можаце згадаць падобныя выпадкі ў гісторыі незалежнай Беларусі?

— Я ня ведаю такіх выпадкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG