Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы зь беларускіх дыпляматаў падтрымаў пратэсты


Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

Нашы чытачы даслалі нам відэазварот пасла Беларусі ў Славаччыне, былога памочніка Аляксандра Лукашэнкі Ігара Ляшчэні. Прыводзім яго тэкст цалкам.

Першы зь беларускіх дыпляматаў падтрымаў пратэсты
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:28 0:00

Мяне завуць Ігар Аляксандравіч Ляшчэня.

Я зьвяртаюся да Вас ня толькі як Пасол Беларусі ў Славаччыне.

Я зьвяртаюся да Вас у якасьці найстарэйшага кіраўніка беларускай замежнай установы паводле досьведу працы Паслом і адзінага дзейнага беларускага дыплямата, які працаваў у МЗС СССР і ў савецкім пасольстве за мяжой.

Як і ўсе беларусы, я — у шоку ад гісторый аб катаваньнях і зьбіцьці грамадзян маёй краіны. На Тут. бай у адной з фатаграфіяў месіва зь сінякоў і кровападцёкаў мы апазналі аднаклясьніка маёй дачкі, які дакладна ніколі не лічыўся бунтаўніком! На жаль, для гэтага былі перадумовы.

15 гадоў таму ў нас была адкрытая «Лінія Сталіна». І гаворка ішла ня толькі пра подзьвіг савецкага народу. Ня менш важная прычына — імя Сталіна ў назьве. Затым зьявіўся міністар унутраных справаў, якому форма афіцэра сталінскага НКВД нагадвала не пра мясарубку 1937 году і не пра ГУЛАГ, а пра Дзень Перамогі. А цяпер сотні маіх суайчыньнікаў адчулі на сабе, што шэраг прадстаўнікоў праваахоўных органаў у поўнай меры адрадзілі традыцыі НКВД у талерантнай эўрапейскай Беларусі ХХІ стагодзьдзя!

МЗС, прадстаўнікі якога абараняюць інтарэсы Беларусі за мяжой, часта прыраўноўваюць да сілавых ведамстваў. Сілавікі імкнуцца не дапусьціць умяшаньня ва ўнутраныя справы краіны звонку.

Але я дакладна ведаю, што ключавымі складнікамі згуртаванай, моцнай і не падатнай на вонкавыя ўплывы дзяржавы ёсьць павага да волі народу, яго мовы, гісторыі і культуры.

У Славаччыне я прадстаўляю Беларусь і беларускі народ, які ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй ёсьць адзінай крыніцай улады ў нашай краіне.

Я салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў зь мірнымі шэсьцямі, каб іх голас быў пачуты. Як ураджэнец гораду Жодзіна я — з Вамі рабочыя «БелАЗу» і «Кавальскага заводу цяжкіх штамповак»!

Я шчыра спадзяюся, што будучыня маёй краіны будзе заснаваная на ўліку пазыцый усіх пластоў грамадзтва і прадстаўнікоў розных палітычных сілаў.

Беларусы выпакутавалі гэтае права!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG