Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі адміна зачыняюць на 10 дзён, уся праца стаіць». IT-кампаніі расказваюць, чаму масава пакідаюць Беларусь


Паводле апытаньня сацыяльнай сеткі для дзелавых кантактаў LinkedIn, мінімум 12 беларускіх IT-кампаній пасьля выбараў 9 жніўня знаходзяцца ў працэсе поўнага пераезду, а 59 — частковага. Яшчэ 112 кампаній прызналі, што пачалі шукаць магчымасьці для рэлякацыі.

Сярод магчымых варыянтаў новай «прапіскі» кіраўнікі IT-кампаній называюць Украіну, Літву і Польшчу: частка гэтых краін ужо абвясьціла аб ільготных умовах для работы праграмістаў зь Беларусі. Прычыны пераезду — рэгулярнае адключэньне беларускімі ўладамі інтэрнэту ў краіне, арышты кіраўнікоў і супрацоўнікаў кампаніяў, а таксама агульнае становішча ў Беларусі.

Кіраўнікі беларускіх IT-кампаній прызнаюць, што для многіх зь іх галоўным фактарам пераезду стала пытаньне бясьпекі супрацоўнікаў. Паводле апытаньня, якое праводзілі журналісты галіновага парталу dev.by, мінімум 167 праграмістаў і работнікаў IT-галіны былі затрыманыя на вуліцах Менску толькі за тры дні зь 9 па 12 жніўня, калі сілавікі найбольш жорстка душылі пратэсты. Сярод іх быў Міхаіл Чупрынскі, саўладальнік кампаніі Rozum Robotics. Ён некалькі дзён правёў у турмах на Акрэсьціна і ў Жодзіна.

«У людзей зь белымі стужкамі іх зразалі проста са скурай. Людзей білі, зь людзей зь незвычайнай зьнешнасьцю там проста рабілі кавалкі мяса, — успамінае ён. — У нас у камэры быў чалавек, у якога тырчала зламанае рабро. Нас труцілі газам у камэры», расказаў ён «Настоящему времени».

«Калі твайго адміна, напрыклад, зачыняюць на 10 дзён зь нейкай прычыны, то ў большасьці выпадкаў уся праца стаіць калом, — тлумачыць прычыны пераезду кампаній зь Беларусі былы IT-спэцыяліст Аляксандар Хоміч, прадстаўнік плятформы „Честные люди“: яна сачыла за празрыстасьцю на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня. — Плюс трэба яшчэ разумець, хто такія праграмісты, тэставальнікі, бізнэс-аналітыкі. Я не зусім згодны, што гэта творчая прафэсія, але пэўныя аналёгіі ёсьць. Людзі ад такога тэрору прыгнечаныя псыхалягічна, яны ня могуць эфэктыўна працаваць. Ты ідзеш — і табе страшна: забяруць цябе ці не? Гэта таксама не дадае аптымізму».

Яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь называлі «Крамянёвай далінай Усходняй Эўропы». Мяркуючы па ўсім, гэтае азначэньне ў мінулым.

«Цяпер IT-бізнэс у Беларусі дае 6,2% ВУП і больш як 13% ва ўсёй сфэры паслуг Беларусі, — падкрэсьлівае Дзяніс Мароз, удзельнік advisory board бізнэсу ў Беларусі, які разьвіваў і кансультаваў не адну беларускую кампанію. — Прычым велізарная доля IT ідзе на экспарт, 90% паслуг. Адпаведна, гэта яшчэ і прыток экспартнай валютнай выручкі для краіны. Гэта калясальныя грошы».

Мароз пацьвярджае «чамаданавы» настрой кіраўнікоў IT-сэктару ў Беларусі і шараговых праграмістаў.

«Усе кампаніі, якія я ведаю, ужо каля двух месяцаў займаюцца тым, што падбіраюць лякацыі. Да мяне зьвярталіся вельмі шмат людзей па рэкамэндацыі, па парады, куды пераехаць, — кажа ён. — Пыталіся, якія ёсьць стаўкі арэнды, якія магчымасьці, як людзей перавесьці. Таму я дастаткова добра ведаю, як думаюць кіраўнікі кампаній».

«Улічваючы, што айцішнікі ўяўляюць сабой моцную сярэднюю клясу, эканоміка можа прасесьці проста ад таго, што яны зьедуць, — папярэджвае Аляксандар Хоміч. — Таму што яны зарабляюць, яны трацяць, купляюць кватэры, машыны, ядуць у кавярнях, у рэстаранах. Гэта спажываньне, і калі яно зьнікне — гэта, адпаведна, ударыць і па іншых бізнэсах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG