Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца ў 39-ы дзень беларускіх пратэстаў

Што адбываецца ў 39-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.


Жаночая акцыя ў Горадні, 12 верасьня
22:43 16.9.2020

Вечаровыя акцыі і кропкавыя затрыманьні ў Менску

22:38 16.9.2020

Бабруйск: за збор подпісаў — штраф і звальненьне

16 верасьня ў Бабруйску асудзілі зборшчыцу подпісаў за адкліканьне мясцовага дэпутата Кацярыну Корзан: яе аштрафавалі на 540 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Кацярына Корзун на судзе сказала, што 30 жніўня сапраўды прыйшла на плошчу Леніна, адкуль стартавала шэсьце, але выключна з мэтай законнага збору подпісаў за правядзеньне сустрэчы з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Рынейскай, у мітынгу і шэсьці ня ўдзельнічала. Міліцыянты Канавалаў і Бараценка сьцьвярджалі, што яна «размахвала рукамі і крычала» — на прадстаўленым імі відэа нічога гэтага няма.

З 16 верасьня маці трох малых дзяцей Кацярына Корзан ужо не працуе на мясакамбінаце — кантракт разарваны «па згодзе бакоў». Цалкам чытайце тут.

21:54 16.9.2020

«Можам адказваць „Жыве белы гусь!“​»: Інструктаж перад мітынгам за Лукашэнку

Увечары 16 верасьня карэспандэнт «Еўрарадыё» трапіў у Менску на інструктаж перад мітынгам прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і зьняў яго на відэа.

«Лёзунгі „За бацьку!“ не крычыце, бо пераробліваюць у вельмі непрыгожы лёзунг, — казаў „інструктар“ на плошчы Незалежнасьці. — Замест „Бе-Ла-Русь“ крычым „За Беларусь!“, каб нам ня ўставілі „Жыве!“. Калі шмат людзей ідзе, і крычаць „Жыве Беларусь!“, можам адказваць „Жыве белы гусь!“. Але гэта па жаданьні».

21:52 16.9.2020

Больш за 50 аніматараў з 19 краін стварылі праект, прысьвечаны падзеям у Беларусі

Аніматарка і ілюстратарка Юлія Рудзіцкая, вядомая сваім анімацыйным фільмам «Будзьма беларусамі», у якім гісторыя Беларусі расказвалася за пяць хвілін, ініцыявала новы праект — Animators For Belarus («Аніматары для Беларусі», або «Аніматары за Беларусь»).

Яна напісала аб праекце на сваёй старонцы ў фэйсбуку, разьмясьціла абвесткі ў прафэсійных групах аніматараў у сацыяльных сетках, а некаторым знаёмым напісала адрасна. На яе заклік адгукнуліся больш за 50 аніматараў з 19 краін на чатырох кантынэнтах. Усе працавалі на валянтэрскіх асновах. Самаму маладому аніматару, які ўзяў удзел у праекце, усяго 12 гадоў. У выніку зьявіўся вось такі анімацыйны фільм:

20:57 16.9.2020

«І ў судзе выгукну „Жыве Беларусь“». Гісторыя адстаўнога афіцэра, які выходзіць на пратэсты

16 жніўня Ленінскі суд Магілёва пакараў 64-гадовага вэтэрана Вайскова-марскога флёту Аляксандра Страха за ўдзел у Маршы міру штрафам у 270 рублёў. У гэты жа дзень маёра ў адстаўцы позваю выклікалі ў міліцыю па другой адміністрацыйнай справе. Цяпер яго вінавацяць ва ўдзеле ў Маршы адзінства. Вэтэрану ВМФ пагражае арышт, але адмаўляцца ад удзелу ў пратэстах ён не зьбіраецца.

«Трэба вяртаць у Беларусь законы, бо мы ўсё ж знаходзімся ў Эўропе, для якой правы чалавека — фундамэнтальнае права», — кажа Аляксандар Страх. Чытайце інтэрвію цалкам па спасылцы.

20:50 16.9.2020

У Менску праходзіць акцыя за Лукашэнку

20:29 16.9.2020

Што сказалі б Лукашэнку пра фашызм лідэры Каардынацыйнай рады. ВІДЭА

Адзін зь лідэраў Каардынацыйнай рады, былы віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай ІТ-кампаніі зь беларускімі каранямі EPAM Максім Баграцоў і сябра асноўнага складу Кааардынацыйнай рады, культурная экспэртка, трэнерка па бізнэс-камунікацыі Аксана Зарэцкая адказалі на пытаньні Свабоды і чытачоў тэлеграм-каналу і youtube-каналу Свабоды.

20:28 16.9.2020

Пяскоў: Лукашэнка не прасіў Пуціна аб пастаўках узбраеньня

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Сочы не прасіў аб пастаўках новага расейскага ўзбраеньня, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

«Не», — сказаў Пяскоў журналістам 16 верасьня ў адказ на адпаведнае пытаньне, паведамляе расейскае агенцтва «РИА Новости».

«У цэлым шмат узаемадзеяньня па лініі вайскова-прамысловых комплексаў дзьвюх краінаў, што якраз укладваецца ў цэлым у нашы двухбаковыя адносіны. Але ў той фармулёўцы, як вы сказалі, — не», — удакладніў ён.

Раней Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу заявіў, што зьвярнуўся да Пуціна з просьбай аб новых відах узбраеньня для ўмацаваньня бясьпекі «саюзнай дзяржавы».

19:51 16.9.2020

Кіраўніца РСЭ/РС назвала прысуд Васюковічу і Грыдзіну новым нападам на незалежную журналістыку

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай з нагоды арышту фотакарэспандэнтаў Аляксандра Васюковіча і Ўладзя Грыдзіна.

«РСЭ/РС асуджае прысуды да зьняволеньня журналістаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча проста за выкананьне працы журналістаў — паведамленьне навінаў. Гэтыя прысуды — апошнія прыклады няспыннага нападу з боку беларускіх уладаў на незалежную журналістыку і відавочная спроба прымусіць змоўкнуць рэпартэраў, якія расказваюць праўду пра мноства парушэньняў на выбарах у Беларусі і брутальны перасьлед грамадзян, які сьвет назірае апошнія тыдні».

16 верасьня суд прызнаў Аляксандра Васюковіча і Ўладзя Грыдзіна вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Кожнаму зь іх прысудзілі па 11 сутак арышту.

19:19 16.9.2020

Суд апраўдаў глуханямога, які «гучна выкрыкваў лёзунгі»

Суд Чыгуначнага раёну Гомля 16 верасьня апраўдаў 23-гадовага Аляксандра, інваліда па слыху. Па вэрсіі міліцыі, ён «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лёзунгі».

Суд палічыў віну Аляксандра недаказанай.

Маладога чалавека затрымаў і зьбіў АМАП яшчэ 12 жніўня. «Саша сядзеў на прыпынку, чакаў аўтобуса. Прыехаў аўтобус, і разам зь ім — аўтазак. Саша ўжо ўваходзіў у аўтобус, як яго адтуль выхапілі амапаўцы і пацягнулі ў аўтазак. Ён паказваў на слыхавы апарат, што ня чуе, спрабаваў нешта хоць патлумачыць, але яго пачалі біць — па нагах, па ілбе... Потым былі сінякі, і на сьпіне таксама», — кажа маці Аляксандра. Цалкам чытайце тут.

19:18 16.9.2020

Што вядома пра абаронцу мурала на «плошчы Перамен», якому пагражае крымінальны артыкул

40-гадовы Сьцяпан Латыпаў ад учора знаходзіцца на Акрэсьціна. Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў ці ўдзеле ў іх (артыкул 293 КК).

Латыпаў у парадку, пра гэта паведамілі адвакаты, якія знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Па прафэсіі Сьцяпан «дрэўны хірург» і прамысловы альпініст 5 разраду. Яму здаралася прыводзіць у парадак, «лячыць» дрэвы ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі, у VIP-кліентаў. Чытае лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

19:17 16.9.2020

Стэндап-комік Павел Залуцкі: «У Беларусі пра мой камінг-аўт абвяшчаў бы Лукашэнка»

Павел Залуцкі стаў вядомы пасьля свайго ўдзелу ў перадачах «Адкрыты мікрафон» і «Жаночы стэндап» на расейскім тэлеканале ТНТ. Залуцкі — адкрыты гей, і тэма яго выступаў — жыцьцё сучаснага грамадзтва вачыма гея. Цяпер, у дні пратэстаў у Беларусі, Павел Залуцкі і іншыя стэндап-комікі арганізуюць у Расеі дабрачынныя канцэрты, збор ад якіх ідзе на падтрымку пацярпелых ад дзеяньняў беларускіх уладаў.

У інтэрвію Радыё Свабода Павел Залуцкі расказвае, хто ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях, чаму ён падтрымлівае пратэстоўцаў у Беларусі і ці павінна, на яго погляд, беларуская ЛГБТ-супольнасьць заяўляць пра свае праблемы падчас пратэстаў.

19:14 16.9.2020

Ціханоўская адказала кіраўніку расейскай выведкі

Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала словы прадстаўніка расейскай выведкі аб тым, што ЗША намагаюцца арганізаваць у Беларусі «каляровую рэвалюцыю»:

«Прычына пратэстаў у Беларусі адзіная і ўсім вядомая: Лукашэнка прайграў выбары, але не жадае сыходзіць. Народ, які адмовіў былому прэзыдэнту ў даверы і падтрымцы, патрабуе яго сыходу. Гэта ўнутраны палітычны крызіс, у патрабаваньнях пратэстоўцаў няма нічога, што тычылася б адносінаў зь іншымі краінамі або зьмены зьнешнепалітычнай арыентацыі Беларусі.

Гэта варта было б зразумець кіраўніку Службы зьнешняй выведкі Расеі спадару Нарышкіну, замест таго каб трансьляваць нясьвежыя прапагандысцкія штампы».

19:12 16.9.2020

Сытуацыю віцяблян, якія папрасілі палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі, вывучае страсбурскі суд

Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЭСПЧ) разглядае хадайніцтва на прадстаўленьне захадаў бясьпекі ў дачыненьні да Віталя і Ўладзіслава Кузьнечыкаў, якія шосты дзень знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швэцыі ў Менску і папрасілі палітычнага прытулку, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня ў Віцебску.

Улады Швэцыі павінны даць адказ на пытаньне, што плянуюць зь імі рабіць, да 17.00 заўтрашняга дня (17 верасьня).Цалкам чытайце тут.

18:21 16.9.2020

Прадстаўнікоў страйкаму «Беларуськалію» асудзілі на 10 сутак арышту

Прадстаўнікоў страйкаму «Беларуськалію» Аляксандра Новіка і Паўла Пучэню асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачаньні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паведаміў Telegram-канал страйкаму.

18:03 16.9.2020

МУС: За пагрозы і абразы міліцыі завялі 43 крымінальныя справы

У Беларусі за пагрозы і абразы ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі з 9 жніўня па 14 верасьня распачата 43 крымінальныя справы, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Агулам праводзіцца 143 дасьледчыя праверкі, па 67 зь якіх нібыта вядомыя датычныя асобы. Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 36 грамадзян.

17:23 16.9.2020

Фотакарэспандэнтаў Васюковіча і Грыдзіна асудзілі на 11 сутак арышту

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 17 верасьня фотакарэспандэнтаў Аляксандра Васюковіча і Ўладзя Грыдзіна асудзілі на 11 сутак адміністрацыйнага арышту. Іх прызналі вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Суд над імі пачаўся 15 верасьня, але судзьдзя накіраваў справы на дапрацоўку. Абвінавачаньне ня здолела даказаць, што Васюковіч, Грыдзін і Калягін удзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі на вуліцы Раманаўская Слабада — ужо пасьля завяршэньня пратэставага «Маршу герояў». Сёньня міліцыя прадставіла цалкам пераробленыя пратаколы. Зь іх вынікае, што фотакарэспандэнты і іх сябар «мітынгавалі» зусім у іншым месцы і ў іншы час — на вуліцы Прытыцкага, 21, з 19:00 да 19:05.

17:06 16.9.2020

Марыі Калесьнікавай прад’явілі абвінавачаньне

16 верасьня сьледчыя прад'явілі Марыі Калесьнікавай абвінавачаньне па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ і сеткі Інтэрнэт»), паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі.

Яна пад вартай. Расьсьледаваньне працягваецца.

17:02 16.9.2020

Салігорскія фанаты заявілі, што спыняюць агрэсію ў бок іншых заўзятараў праз сытуацыю ў краіне

Фанаты салігорскага «Шахтара» абвясьцілі, што праз апошнія падзеі ў Беларусі спыняюць падтрымку каманды на сэктары, а таксама «абнуляюць» любую агрэсію ў бок ультрас іншых клюбаў.

«Мы занепакоеныя сытуацыяй у краіне, калі за сьмерці і зьбіцьцё людзей ніхто не нясе адказнасьці. Калі суды плююць на Канстытуцыю і законы. Калі сыстэма абясцэньвае чалавечае жыцьцё і лёс», — цытуе заяву заўзятараў спартовы рэсурс «Трыбуна». Цалкам чытайце тут.

17:01 16.9.2020

Лукашэнка распавёў пра «сем этапаў сцэнару па зьнішчэньні Беларусі»

Лукашэнка заявіў, што ведае пра «сапраўдныя задумы і тактыку зьнешніх нават не апанэнтаў Беларусі, а агрэсараў», і апісаў «сем этапаў сцэнару па зьнішчэньні нашай краіны», паведамляе БЕЛТА.

«Каб адразу зьняць усе маскі, назавем гэтых гульцоў пайменна. На ўзроўні глябальных цэнтраў гэта перш за ўсё ЗША, больш канкрэтна — іх сетка фондаў па падтрымцы так званай дэмакратыі. На эўрапейскім кантынэнце актыўна дзейнічалі амэрыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, на жаль, наша Ўкраіна», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, кожная з краінаў «адпрацоўвала сваю ролю»: Чэхія — «рэсурснага хабу», Польшча — «спачатку інкубатару мэдыяканалаў („Белсат“, Nexta і інш.), а потым — пляцоўкі для альтэрнатыўных органаў у выгнаньні», Літва — «тарана беларуска-эўрапейскіх адносін», а Ўкраіна стала стала «фарпостам палітычных правакацый». Цалкам чытайце тут.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG