Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў пра «сем этапаў сцэнару па зьнішчэньні Беларусі»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка 16 верасьня заявіў, што ведае пра «сапраўдныя задумы і тактыку зьнешніх нават не апанэнтаў Беларусі, а агрэсараў», якія рыхтаваліся да цяперашніх падзей на працягу апошніх 10 гадоў, паведамляе БелТА.

«Каб адразу зьняць усе маскі, назавем гэтых гульцоў пайменна. На ўзроўні глябальных цэнтраў гэта перш за ўсё ЗША, больш канкрэтна — іх сетка фондаў па падтрымцы так званай дэмакратыі. На эўрапейскім кантынэнце актыўна дзейнічалі амэрыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, на жаль, наша Ўкраіна», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, кожная з краінаў «адпрацоўвала сваю ролю»: Чэхія — «рэсурснага хаба», Польшча — «спачатку інкубатара мэдыяканалаў („Белсат“, Nexta і інш.), а потым — пляцоўкі для альтэрнатыўных органаў у выгнаньні», Літва — «тарана беларуска-эўрапейскіх адносін», а Ўкраіна стала стала «фарпостам палітычных правакацый».

«Тактыка арганізатараў будавалася па клясычным амэрыканскім падручніку каляровых рэвалюцый. Гэта ўсім вядомы Джын Шарп», — заявіў Лукашэнка і сказаў, што калі азірнуцца назад, можна «дэталёва разабраць усе этапы сцэнару па зьнішчэньні нашай краіны».

Паводле Лукашэнкі, такіх этапаў было сем:

  1. Падрыхтоўчы. «Няўдалыя спробы каляровых рэвалюцый 2006 і 2010 гг. зьмянілі падыходы да ўзьдзеяньня на Беларусь»: яе «пачалі хістаць па-новаму, нацэльваючыся на жалезны прэзыдэнцкі электарат: жыхароў рэгіёнаў, працоўных, бюджэтнікаў, пэнсіянэраў». Паводле яго, з пратэстаў супраць «дэкрэту аб дармаедах» раскруціліся дзясяткі блогераў, якія «сталі прамываць мазгі розным сацыяльным групам».
  2. Парлямэнцкія выбары. «Запрацавала сетка спэцыялізаваных Telegram-каналаў з выразным разьмеркаваньнем роляў і мэтамі ачарніць уладу, падарваць асновы дзяржаўнай ідэалёгіі, перш за ўсё з дапамогай фэйкаў і фальсыфікацый». Плюс «былі пратэставаныя новыя формы вулічнай актыўнасьці» (тут згадваецца «Моладзевы блёк» і пратэсты супраць закону аб адтэрміноўцы, разьмеркаваньня студэнтаў, пратэсты «Маці-328» і інш.).
  3. Падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. Тут, паводле Лукашэнкі, «замежныя стратэгі старанна падбіралі ключы да кожнага сацыяльнага пласта ў Беларусі, ствараючы „герояў“ для розных мэтавых аўдыторый».
  4. Прэзыдэнцкая кампанія. «На беларускае грамадзтва, разагрэтае інтэрнэт-нападамі, абрынуўся цэлы набор каляровых паліттэхналёгій, запазычаных з арабскага, армянскага, польскага, ганконскага і іншых пратэстаў» (Лукашэнка зноў гаворыць пра «карусэлі» і «парады пікетаў» пры зборы подпісаў, «шоў» аб’яднанага штабу, заснаванае на «эксплюатацыі жаночага вобраза, традыцыйна шанаванага беларусамі», «фэйкавы кантэнт у СМІ» і «стварэньне ўпэўненасьці ў тым, што вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя».
  5. Спроба майданнага сцэнару. Паводле Лукашэнкі, падчас пратэстаў плянавалася «захапіць адміністрацыйныя будынкі, культавыя месцы», «у рэжыме онлайн паступалі інструкцыі ад замежных каардынатараў», у інтэрнэце быў «створаны дакладны вобраз «ворага», таму ў выпадку пасіўнасьці праваахоўнікаў, на думку Лукашэнкі, Беларусь «чакала б непазьбежнае ўключэньне далейшых майданных тэхналёгій, якія, як вядома з гісторыі, рэдка абыходзіліся без шматлікіх чалавечых страт».
  6. Поствыбарчы пратэст. Паводле Лукашэнкі, дзеяньні праваахоўнікаў «зьбілі эскаляцыю пратэсту», і тады «лялькаводы рэзка зьмянілі тактыку, прадставіўшы пратэст у анёльскім нявінным выглядзе», але адначасова быў «ўзяты курс на стварэньне радыкальнага крыла пратэстоўцаў», «кіраваньне і каардынацыя пратэстамі ажыцьцяўляюцца ў прамым эфіры кругласуткава».
  7. Спроба легалізацыі інфраструктуры пераменаў. Паводле Лукашэнкі, стварэньне Каардынацыйнай рады «не апраўдала надзей арганізатараў пратэсту», і пасьля «ўцёкаў за мяжу арганізатараў» (улады сілай і пагрозамі прымусілі зьехаць зь Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую і яе паплечнікаў Вольгу Кавалькову, Івана Краўцова і Антона Раднянкова. Марыя Калесьнікава парвала свой пашпарт перад спробай прымусовага выезду ва Ўкраіну. — РС) давялося «паскорана раскручваць новыя, драбнейшыя асобы, пажадана са скандальнай рэпутацыяй». Паводле яго, цяпер «падкантрольныя Варшаве каналы актыўна распаўсюджваюць так званы плян „Б“, які прадугледжвае фармаваньне паралельных (нібыта народных) міністэрстваў, сабатаж эканомікі і сацыяльнай сфэры».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG