Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта нам такая арганізацыя?». Студэнты масава выходзяць з БРСМ


На дзьвярах вісіць аб'ява, што камітэт БРСМ БНТУ часова не працуе
На дзьвярах вісіць аб'ява, што камітэт БРСМ БНТУ часова не працуе

1 верасьня студэнты правялі марш, на якім выступілі супраць гвалту і запатрабавалі правядзеньня новых выбараў.

Удзельнікаў акцыі разганялі амапаўцы, былі жорсткія затрыманьні. У адказ студэнты пачалі выходзіць з праўладнай арганізацыі БРСМ, якая ня выступіла ў іх абарону.

Тэлеграм-канал «Отчислено» разьмясьціў фатаздымкі чэргаў са студэнтаў, якія жадаюць пакінуць праўладную арганізацыю.

У некаторых ВНУ кабінэты БРСМ зачыненыя. У БНТУ на дзьвярах вісіць аб’ява, што «ў сувязі з паседжаньнем штабу працоўных спраў камітэт БРСМ БНТУ можа часова не працаваць».

«Гэтыя грошы потым ідуць на сілавікоў»

Да кабінэту БРСМ у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі падыходзяць студэнты з заявамі. Спыталіся: чаму яны вырашылі выйсьці з арганізацыі?

«Заяву я хацеў падаць яшчэ ўчора, але на пераменах і пасьля параў сакратара не было, сказалі што будзе сёньня. Але сёньня таксама няма. Але я заяву пакінуў, — кажа Іван. — У БРСМ я ўступаў прымусова. З 18 гадоў трэба плаціць ужо 5-рублёвыя ўнёскі. Гэтыя грошы потым ідуць на сілавікоў, да якіх я настроены адмоўна».

Паводле Івана, асноўныя матывы выхаду з БРСМ — палітычныя.

«Я напісаў, што выходжу добраахвотна».

Арцём кажа, што ніколі не карыстаўся прэферэнцыямі БРСМ і ня бачыць неабходнасьці быць у гэтай арганізацыі.

«Таксама я выказваю сваю нязгоду зь дзеяньнямі ўладаў, калі яны жорстка, брутальна разганялі мірныя пратэсты».

Студэнт кажа, што бальшыня яго сяброў і не ўступалі ў БРСМ. А як ён апынуўся ў гэтай арганізацыі?

«Гэта было даўно, намі вельмі шчыльна заняліся, і мы ўсе ўступалі, вельмі агітавалі».

«Гэта як адзін з пратэстаў студэнтаў»

Нясуць заявы на выключэньне з БРСМ і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Кацярына і Ганна сказалі карэспандэнту Свабоды, што вельмі шмат іх сяброў гэтымі днямі ўжо павыходзілі з БРСМ.

«За многа гадоў гэтая арганізацыя не прынесла ніякай карысьці ні ў грамадзкім жыцьці, ні ў якім. Толькі ўнёскі плаці. Ня бачым сэнсу заставацца».

«Таксама ў зьвязку з палітычнай сытуацыяй у краіне. Гэта як адзін з пратэстаў студэнтаў».

«Арганізацыя не прыняла нічый бок, навошта нам такая арганізацыя, якая ня можа вызначыцца?»

Паводле Кацярыны, БРСМ спрабуе перашкаджаць тым, хто хоча зь яго выйсьці.

«Вельмі многа праблем з падачай дакумэнтаў: ня той блянк, ня тое афармленьне, патрэбны білет і значак, усё гэта трэба аднаўляць, калі згублена».

«Па сутнасьці, яшчэ грабуць грошы за аднаўленьне білета, за які сам жа і плаціў і які потым будзеш здаваць, — дадае студэнт Раман. — У некаторых яны нават патрабуюць сплаціць унёскі, якіх тыя нібыта не заплацілі. Прычым сумы называюць даволі рандомныя — ад 6 да 24 рублёў. Зараз пабачым, як будзе ў нас».

Раман кажа, што сяброўства ў БРСМ яму «абсалютна нічога не прынесла».

«Раней казалі, што сяброўства ў БРСМ дае зьніжку ў аўташколе, год назад я адвучыўся ў аўташколе і ніякай зьніжкі мне не далі. Яны арганізуюць нейкія мерапрыемствы, на якія мы ня ходзім».

Раман кажа, што прынёс заяву аб выхадзе з БРСМ менавіта цяпер, бо студэнты «ідуць адным фронтам».

«Грамадзтва раней было больш аморфнае, нехта хацеў выйсьці, але адкладаў на заўтра. Цяпер грамадзтва паднялося, усе пачынаюць кансалідавацца».

У гэты момант размову са студэнтамі перапыніў прадстаўнік адміністрацыі ўнівэрсытэту, які параіў зьвярнуцца ў прэс-службу.

Як расказалі студэнты зь Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту, там таксама масава зьбіраюць подпісы за выхад з БРСМ з фармулёўкай «прашу выключыць у сувязі з палітычнай абстаноўкай у краіне».

Пры гэтым, кажуць студэнты, ёсьць складанасьці, бо ў БРСМ глядзяць, ці ёсьць запазычанасьць па ўнёсках, патрабуюць яе сплаціць. Часам проста не прымаюць заяву з розных прычын.

«Яшчэ лепш адразу пісаць дзьве заявы, каб яе не змаглі выпадкова „згубіць“, — кажуць студэнты. — Але выйсьці можна, калі здаў значак і білет і сплаціў усе ўнёскі».

«Мы вялікай праблемы ў гэтым ня бачым»

Першы сакратар БРСМ Дзьмітры Варанюк сказаў Свабодзе, што арганізацыя «выступае за свабоднае волевыяўленьне і павагу ўсіх думак і пазыцый», таму ніхто ня хоча перашкаджаць выхаду з арганізацыі.

«Мы, безумоўна, усе заявы прымаем і аналізуем, бо часта, калі глядзім па базе, бачым, што многія з гэтых маладых людзей наогул не былі ў складзе БРСМ, недзе 30–40%. Калі хто хоча, можа выходзіць, мы вялікай праблемы ў гэтым ня бачым».

Паводле Варанюка, тыя, хто хоча выйсьці з БРСМ, павінны здаць білет, бо ён «дае пэўныя прэфэрэнцыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG