Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктарат БНТУ запрасіў АМАП «для абароны студэнтаў»


Пратэст студэнтаў у Менску 1 верасьня

Затрыманыя 1 верасьня студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ) і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ) атрымалі штрафы і адміністрацыйны арышт, паведамляе БелаПАН.

У тэлеграм-канале страйкаму БДУ сёньня паведамлялася, што падчас студэнцкага маршу затрымалі 15 студэнтаў і выкладчыкаў. «12 чалавек выпусьцілі без пратаколу на парукі, заступіўся ўнівэрсытэт. Трох чалавек не аддалі, на іх будуць пратаколы, зь іх двум дакладна штрафы, па апошнім невядома», — адзначалася ў паведамленьні.

Як заявіла БелаПАН прадстаўніца студэнцкага актыву з архітэктурнага факультэту БНТУ, Вікторыю Гранкоўскую, якая зьбірала подпісы пад пэтыцыяй рэктару, арыштавалі на сем сутак. Затрыманы разам зь ёй каля ўваходу ў ВНУ Ўладзіслаў Стасевіч атрымаў штраф у памеры 15 базавых велічынь (405 рублёў) і адпушчаны з залі суду. Затрыманы падчас студэнцкага маршу Дзьмітрый Крыванос атрымаў 10 сутак.

Усіх траіх судзілі па ч. 1 арт. 23.34 і 23.4 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства і непадпарадкаваньне патрабаваньню службовай асобы).

Сёньня, паводле слоў суразмоўніцы БелаПАН, студэнты БНТУ напісалі калектыўны ліст на імя першага прарэктара Георгія Вяршыны з патрабаваньнем растлумачыць, на якой падставе затрымалі студэнцкіх актывістаў на тэрыторыі ВНУ. Яго падпісалі каля двух дзясяткаў студэнтаў і іх бацькі. У сакратарыяце, куды яны аднесьлі ліст, заявілі, што разгледзяць яго на працягу месяца.

Акрамя таго, два прадстаўнікі студэнтаў сёньня хадзілі на прыём у рэктарат, дзе ім пацьвердзілі, што АМАП, які знаходзіцца на тэрыторыі ўнівэрсытэту другі дзень, запрошаны рэктаратам для абароны студэнтаў.

«Таксама ім паведамілі, што ўсе мітынгі і збор подпісаў пад пэтыцыямі незаконныя. Сказалі, што па-за вучобай вы можаце хадзіць на мітынгі і г. д., але калі прыйдзе інфармацыя аб вашым затрыманьні, гэта будзе разглядацца ў асабістым парадку. Адміністрацыя ўнівэрсытэту заняла такую пазыцыю: у палітыку мы ня лезем, ёй не займаемся і дапамагаць студэнтам, якія трапілі ў рукі сілавікоў, ня будзем», — кажа студэнтка.

Яна таксама паведаміла, што студэнты БНТУ і яшчэ як мінімум дзьвюх буйных ВНУ пачалі масава пісаць заявы на выхад з БРСМ. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацьвердзілі і ў студэнцкім актыве Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Паводле інфармацыі МУС, напярэдадні за ўдзел у пратэставых акцыях было затрымана 128 чалавек. За парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Менску ў дачыненьні да 95 чалавек, у тым ліку больш як да 30 студэнтаў, складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Да судовага разбору 39 чалавек затрыманыя. Пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што суды, якія адбыліся 2 верасьня, каралі студэнтаў штрафамі і арыштам на тэрмін ад 5 да 15 сутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG