Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск. Пратэст на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёла. 28 жніўня
Менск. Пратэст на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёла. 28 жніўня

20-ы дзень пратэстаў у Беларусі. Затрыманьні ў цэнтры Менску. Лукашэнка пагражае Літве. Пратэст навукоўцаў. Салідарнасьць з купалаўцамі

09:57 29.8.2020

21-ы дзень пратэстаў. Міхалок заклікаў правесьці новыя выбары. Жаночы марш у Менску

23:22 28.8.2020

Актывіст з Бабруйску кажа, што разьбіў сабе нос у міліцыі, дзе яго прымушалі сфатаграфавацца з партрэтам Лукашэнкі

У Бабруйску праз тры гадзіны пасьля затрыманьня з гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў выпусьцілі Віталя Красьніцкага, аднаго з ініцыятараў стварэньня страйкаму на «Белшыне», звольненага 27 жніўня нібыта за прагул.

Паводле Красьніцкага, міліцыянты вымушаны былі яго вызваліць, бо ён разьбіў нос у ГУУС. Яго прымусілі там сфатаграфавацца зь дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам, аднак міліцыянтам не ўдалося вымусіць Віталя зрабіць фота з партрэтам Лукашэнкі. «Я так разумею, — заўважае Красьніцкі, — што ў міліцыянтаў такая забава: апазыцыянэраў фатаграфаваць зь дзяржаўнай сымболікай і партрэтам Лукашэнкі».

На актывіста склалі пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і абавязалі прыйсьці на суд, як атрымае позву. Цалкам чытайце па спасылцы.

23:05 28.8.2020

Bloomberg: беларускія ўлады адключылі інтэрнэт з дапамогай тэхналёгій амэрыканскай фірмы

Урад Беларусі заблякаваў доступ да большай часткі інтэрнэту ў краіне падчас «вырашальных дзён» выбарчай кампаніі ў жніўні, пры дапамозе абсталяваньня, вырабленага амэрыканскай кампаніяй, піша Bloomberg, спасылаючыся на дзьве ўласныя незалежныя крыніцы.

Паводле агенцтва, абсталяваньне для маніторынгу і фільтрацыі сеткавага трафіку, выкарыстанае пры блякаваньні інтэрнэту ў Беларусі, належыць амэрыканскай кампаніі Sandvine Inc. Беларускі нацыянальны цэнтар абмену трафікам, якая кіруе інтэрнэт-сеткамі краіны, атрымаў яго ў рамках кантракту на 2,5 мільёна даляраў з расейскім пастаўшчыком тэхналёгій «Инфосистемы Джет», які, згодна з урадавымі дакумэнтамі, займаецца пастаўкамі абсталяваньня Sandvine. Цалкам чытайце па спасылцы.

23:03 28.8.2020

Сілавікі разагналі «ланцуг салідарнасьці» на Пушкінскай. Ёсьць затрыманыя

Сілавікі прыехалі разганяць людзей, якія стаялі ў «ланцугу салідарнасьці» ля странцыі мэтро «Пушкінская». Ёсьць затрыманыя, паведамляе «Наша Ніва». Вядома, што на месцы гібелі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага затрымалі дзяўчыну.

22:58 28.8.2020

Невядомыя затрымалі каардынатара штабу Бабарыкі

Увечары 28 жніўня невядомымі затрыманы каардынатар штабу Віктара Бабарыкі, сябра Каардынацыйнай рады Віталь Крыўко. Пра гэта Tut.by паведамілі ў штабе.

Як расказалі ў штабе, машына, у якой ехаў Віталь Крыўко, нібыта падрапала аўтамабіль, які ехаў побач. Кіроўцы спыніліся, у гэты час пад’ехаў мікрааўтобус, зь яго выйшлі невядомыя, забралі Віталя і павезьлі яго кудысьці. Цяпер месца яго знаходжаньня высьвятляе адвакат.

Віталь Крыўко — кіроўны партнэр івэнт-агенцтва Terra Group. Сярод іншага, ён займаўся таксама арганізацыяй выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай.

22:56 28.8.2020

Дыпляматычныя місіі краін Эўропы і ЗША заклікалі ўлады Беларусі спыніць гвалт над грамадзянамі

Дыпляматычныя місіі Злучаных Штатаў, краін Эўрапейскага Зьвязу, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі ў Менску выступілі з сумеснай заявай аб гвалце і рэпрэсіях у Беларусі. У заяве дыпляматы асуджаюць «непрапарцыйнае ўжываньне сілы» ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў і заклікаюць улады Беларусі:

  • спыніць гвалт і пагрозы стасаваньня вайсковай сілы супраць уласных грамадзян,
  • неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых,
  • спыніць запалохваньне і перасьлед з палітычных матываў,
  • правесьці поўнае і празрыстае расьсьледаваньне ўсіх меркаваных злачынстваў і злоўжываньняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці,
  • выконваць міжнародныя абавязаньні краіны ў галіне асноўных дэмакратычных правоў і правоў чалавека.
22:55 28.8.2020

Затрыманьні ў Менску вечарам 28 жніўня

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць пра затрыманьне 28 жніўня Акіма Юркевіча, Андрэя Семашкевіча, а таксама ​Ільлі Кузьняцова (сябар БАЖ), Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаліна (грамадзяне РФ).

Паводле «Вясны», актывісты «Народной Грамады» Аляксей Кірэеў і Рыгор Пагарцаў затрыманыя ў Маскоўскім РУУС.

У мікрараёне Новая Баравая міліцыя затрымала хлопца, які зьбіраў подпісы за адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Зьбіральніка завуць Аляксей Трыпузь, яго павезьлі ў Бараўлянскі РАУС.

21:18 28.8.2020

Удзел АБСЭ — не замежнае ўмяшаньне, бо Беларусь у яе ўваходзіць, — міністарка замежных справаў Швэцыі

Сёньня ў Бэрліне адбылася сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу. Кіраўніца МЗС Швэцыі Ан Ліндэ расказала Радыё Свабода пра вынікі нарады.

«Мы вырашылі ўвесьці санкцыі, саміт ЭЗ 19 жніўня даў нам мандат на іх увядзеньне. Мы прымем гэтае рашэньне максымальна хутка адпаведна патрэбным працэдурам. Таксама павялічым падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. І, зразумела, мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў і павагі да патрабаваньняў дэмакратыі і свабоды людзьмі Беларусі.

Ёсьць практычна поўная падтрымка ініцыятывы цяперашняга і наступнага старшынёўства АБСЭ — Альбаніі і Швэцыі — зьдзейсьніць візыт у Менск дзеля палягчэньня дыялёгу паміж апазыцыяй і рэжымам. Ініцыятыву цалкам падтрымаў Эўразьвяз, які гатовы дапамагаць ёй рознымі спосабамі». Далей чытайце па спасылцы.

20:58 28.8.2020

У Гомлі міліцыя затрымала жанчыну зь белым балёнікам

У Гомлі міліцыя затрымала ў краме маладую жанчыну зь белым шарыкам, паведаміла Свабодзе відавочца.

«Толькі што ў краме „Алмі“, якая ў мікрараёне Валатава, затрымалі маладую жанчыну зь белым шарыкам. Раней каля крамы быў невялікі „ланцуг салідарнасьці“. Пад’ехала міліцыя, мне здаецца, усе людзі разьбегліся. Я ня ведаю, ці ўдзельнічала ў акцыі тая жанчына, але на маіх вачах яе проста ў краме затрымал і павялі ў міліцэйскі аўтамабіль», — расказала жыхарка Гомля. Затрыманую завуць Марыя Тульжанкова.

Таксама сёньня ў розных месцах Гомля зьбiраюць подпісы за адкліканьне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — пад пільным наглядам міліцыі і невядомых у цывільным.

20:43 28.8.2020

Міністры Эўразьвязу дамовіліся пра санкцыі супраць атачэньня Лукашэнкі, але ня супраць яго самога

Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу 28 жніўня дамовіліся ўвесьці санкцыі супраць атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, аднак яго самога ў санкцыйным сьпісе пакуль няма. Пра гэта заявіў высокі прадстаўнік ЭЗ у вонкавай палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль у Бэрліне пасьля нарады кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін Эўразьвязу.

Паводле Бурэля, міністры не змаглі дамовіцца, ці варта ўводзіць санкцыі супраць самога Лукашэнкі. Колькі беларускіх чыноўнікаў трапяць у чорны сьпіс, таксама пакуль незразумела. Бурэль паведаміў, што ўжо ўзгоднены сьпіс з прыкладна 20 чалавек, «высокага палітычнага ўзроўню», але, верагодна, ён будзе пашыраны. У ім — «людзі, якім ставіцца ў віну фальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і гвалтоўнае падаўленьне мірных пратэстаў у краіне», растлумачыў прадстаўнік ЭЗ.

20:18 28.8.2020

«Ланцуг салідарнасьці» і затрыманьні на плошчы Незалежнасьці. Фотагалерэя

19:52 28.8.2020

Ля «Менск-арэны» прайшоў мітынг у падтрымку Лукашэнкі

Тым часам ля «Менск-арэны» прайшоў мітынг спартоўцаў і чыноўнікаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. На мітынг на ровары прыехаў і адзін з сыноў Лукашэнкі Віктар. Акцыя пачалася з вэляпрабегу, доўжылася яна, паводле ацэнкі журналіста Tut.by, каля 30 хвілін.

19:46 28.8.2020

На плошчы Незалежнасьці пачаліся затрыманьні

На плошчы Незалежнасьці ля Чырвонага касьцёла людзі выстраіліся ў «ланцуг салідарнасьці». Празь нейкі час зьявіўся АМАП і пачаліся затрыманьні, паведамляюць Tut.by і «Наша Ніва».

АМАП атачыў людзей ля Чырвонага касьцёла і ўзяў іх у кола. Журналістаў папрасілі адысьці. Сама меней двух хлапцоў пасадзілі ў аўтазак.

Жанчынам сілавікі празь нейкі час далі магчымасьць пакінуць плошчу. Яны рушылі калёнай па праспэкце Незалежнасьці, махаючы сілавікам на разьвітаньне рукамі і кветкамі. Жанчыны дайшлі калёнай да станцыі мэтро Якуба Коласа і разышліся каля 21-ай гадзіны. Акцыя скончылася мірна.

Як паведаміла «Наша Ніва», на плошчы Незалежнасьці затрымалі некалькі журналістаў, сярод іх сябра БАЖ Ільля Кузьняцоў.

19:17 28.8.2020

Сёньняшнія «ланцугі салідарнасьці» ў Менску

Сёньня шмат у якіх раёнах Менску людзі зноў выйшлі ў «ланцугі салідарнасьці»: на плошчы Незалежнасьці, у раёне станцыі мэтро «Пушкінская», у Серабранцы, у Лошыцы, на Партызанскім праспэкце, ля мэтро «Магілёўская», побач з Паркам высокіх тэхналёгіяў і ў іншых раёнах.

18:51 28.8.2020

МЗС Беларусі пракамэнтавала заяву Ўкраіны пра замарожваньне кантактаў з афіцыйным Менскам

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што Беларусь «цалкам падзяляе» тэзіс аб недапушчальнасьці любога ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі», але якія-кольвечы ацэнкі яе ўзаемадзеяньня з «хаўрусьнікамі і партнэрамі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях», як і заклікі да новых выбараў, ацэньвае менавіта «як спробу ўмяшаньня ва ўнутраныя справы».

«Як мінімум дзіўнымі выглядаюць запэўненьні ў неўмяшаньні з адначасовым публічным прызнаньнем каардынацыі сваёй афіцыйнай пазыцыі з палітычным кіраўніцтвам Эўразьвязу і ЗША, пра што было недвухсэнсоўна заяўлена міністрам замежных справаў Украіны падчас брыфінгу 28 жніўня. На наш погляд, гэта непрыхавана дэманструе межы самастойнасьці (Украіны. — РС) у прыняцьці рашэньняў», — заявіў Анатоль Глаз. Цалкам чытайце пад спасылкай.

18:49 28.8.2020

Санкцыі Лукашэнкі супраць Літвы і Польшчы ўдараць па Беларусі, — літоўскі прэм’ер

Прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс заявіў, што санкцыі ў адказ, якімі ў пятніцу пагражаў Літве і Польшчы Аляксандар Лукашэнка, у першую чаргу ўдараць па Беларусі. «Цяжка зразумець: наколькі трэба чапляцца за ўладу і ненавідзець свой народ, каб праз закранутыя амбіцыі рашыцца шкодзіць сваёй дзяржаве і яе грамадзянам», — напісаў Сквярняліс ў сваім акаўнце ў фэйсбуку.

«Калі рашэньні, пра якія сёньня кажа Лукашэнка, будуць прынятыя, яны ў першую чаргу ўдараць па самой Беларусі», — дадаў ён.

18:47 28.8.2020

У Бабруйску затрымалі дваіх актывістаў

У Бабруйску затрымалі двое актывістаў — Таісія Кабанчук і работнік «Белшыны» Віталь Красьніцкі. Таісію Кабанчук забралі каля хаты, а Віталя проста ў кватэры. Цяпер абодва знаходзяцца ў ГУУС.

Вядома, што Таісіі Кабанчук інкрымінуюць парушэньне правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП), яна ўдзельнічала ў некалькіх «жывых ланцугах» і шэсьцях салідарнасьці, што праходзілі ў Бабруйску штодня. Віталь Красьніцкі ўдзельнічаў у зборах супрацоўнікаў «Белшыны», дзе абмяркоўвалі пытаньні страйку, на днях быў папярэджаны пра звальненьне з 18 верасьня.

17:33 28.8.2020

Скончыліся грошы? Банкі прыпыняюць выдачу крэдытаў

Адразу некалькі прыватных банкаў Беларусі прыпынілі выдачу крэдытаў фізычным асобам. Эканамісты гэта зьвязваюць зь недахопам сродкаў банкаў. Сьцісла:

  • 8 банкаў спынілі выдачу крэдытаў для фізычных асобаў
  • Гэта зьвязана зь недахопам рэсурсаў і дэвальвацыйнымі чаканьнямі
  • Крэдыты пачнуць выдаваць, калі банкіры ўбачаць зьніжэньне рызыкі
  • Валюта ў банках ёсьць, але гатоўку не пасьпяваюць дастаўляць у абменьнікі. Цалкам чытайце пад спасылкай.
17:24 28.8.2020

Кіраўніцтва «Менскай фармацыі» цісьне на працаўнікоў, якія падпісалі зварот супраць гвалту

Зварот падпісалі каля 900 супрацоўнікаў фармацэўтычных прадпрыемстваў і аптэкаў. Начальніца аддзелу кадраў правяла гутарку з працаўнікамі аптэк — казала, «падставілі» начальства тым, што «не ўзгаднілі» падпісаньне звароту. На думку начальніцы, зварот «складзены непісьменна», «ня мае юрыдычнай моцы», і «нічога ўсё роўна ня зьменіцца». Сустрэча доўжылася 45 хвілінаў, канструктыўнага дыялёгу не атрымалася, піша «Вясна».

17:15 28.8.2020

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 9 чалавек. Усяго ў Беларусі такіх ужо 41

Праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ 9 чалавек, піша «Вясна»:

  • Аляксандар Францкевіч,
  • Акіхіра Ханада,
  • Аляксандар Шабалін,
  • Юры Ўласаў,
  • Ігнат Сідорык,
  • Юрый Савіцкі,
  • Арцём Квашэўскі,
  • Тацяна Канеўская,
  • Арцём Сацук

Іх усіх вінавацяць у «масавых беспарадках» (арт. 293 КК РБ). Праваабаронцы нагадваюць, што масавыя сходы былі мірнымі, мелі стыхійны характар і ня несьлі пагрозы нацыянальнай або грамадзкай бясьпецы, але дэманстрантаў атакавалі сілавікі зь непрапарцыйным ужываньнем гвалту, спэцсродкаў і зброі. Цалкам чытайце пад спасылкай.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG