Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пракамэнтавала заяву Ўкраіны пра замарожваньне кантактаў з афіцыйным Менскам


Анатоль Глаз
Анатоль Глаз

МЗС Беларусі пракамэнтавала заяву Ўкраіны ад 28 жніўня пра «замарожваньне кантактаў з афіцыйным Менскам».

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што ў Беларусі «ўважліва азнаёміліся» з выказваньнямі кіраўніцтва МЗС Украіны на беларускую тэматыку за апошнія дні.

Паводле Глаза, Беларусь «цалкам падзяляе» тэзіс аб недапушчальнасьці любога ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі», але любыя ацэнкі яе ўзаемадзеяньня з «хаўрусьнікамі і партнэрамі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях», як і заклікі да новых выбараў, расцэньвае менавіта «як спробу ўмяшаньня ва ўнутраныя справы».

«Як мінімум дзіўным выглядаюць запэўненьні ў неўмяшаньні з адначасовым публічным прызнаньнем каардынацыі сваёй афіцыйнай пазыцыі з палітычным кіраўніцтвам Эўразьвязу і ЗША, пра што было недвухсэнсоўна заяўлена міністрам замежных справаў Украіны падчас брыфінгу 28 жніўня. На наш погляд, гэта непрыхавана дэманструе межы самастойнасьці (Украіны. — РС) у прыняцьці рашэньняў», — заявіў Анатоль Глаз.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь не ставіла дыялёг з Украінай на так званую «паўзу», таму «адказнасьць за магчымыя наступствы» замарожваньня кантактаў «ляжыць цалкам на ўкраінскім баку, а таксама, як мы бачым, на яе старэйшых замежнапалітычных партнэрах».

Глаз заявіў, што Беларусь з свайго боку гатовая працягваць супрацу на ўсіх узроўнях і ў тым абʼёме, да якога гатовая Ўкраіна, падкрэсьліў прэс-сакратар МЗС, і «не дапусьціць паўтарэньня сытуацыі, калі наш лёс будзе вырашацца за мяжой».

28 жніўня міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Украіна прыпыніла кантакты з уладамі Беларусі і плянуе аднавіць камунікацыю, калі яна перастане несьці маральныя і рэпутацыйныя страты для Ўкраіны. У той жа час міністар падкрэсьліў, што не ідзецца пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG