Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў патлумачыў, што азначае рэжым замарожаных стасункаў зь Беларусьсю


 Дзьмітро Кулеба
Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Кіеў спыняе ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам да поўнай стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

«У звычайныя часы ў нас адбывалася мноства афіцыйных кантактаў на ўсіх узроўнях — на ўзроўні міністэрстваў, агенцтваў і гэтак далей. Гэта была нармальная практыка. Цяпер усе гэтыя кантакты мы ставім на паўзу да стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. Гэта таксама ўключае і працэс падрыхтоўкі да Форуму рэгіёнаў (Беларусі і Ўкраіны)», — заявіў Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне Свабоды.

У той жа час міністар замежных спраў Украіны падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў:

«Мы ставім на паўзу падрыхтоўку і правядзеньне афіцыйных сустрэчаў. Але для разрыву дыпляматычных стасункаў няма ніякіх падстаў пакуль што. Беларускі пасол працягвае выконваць свае функцыі ва Ўкраіне».
Дзьмітро Кулеба ня выключыў, што ўкраінскі амбасадар, адкліканы раней зь Беларусі, пасьля завяршэньня кансультацый вернецца ў Менск.

Міністар замежных спраў Украіны таксама заявіў аб падтрымцы афіцыйным Кіевам альбанскай і швэдзкай ініцыятыў у рамках АБСЭ аб садзейнічаньні дыялёгу між урадам Беларусі і апазыцыяй, а таксама пазыцыі Эўразьвязу.

«Што датычыць далучэньня да санкцый Эўразьвязу... Мы пакуль што ня бачылі канчаткова зацьверджаных санкцыйных захадаў, але мы ўжо далучыліся да папярэдняй заявы з гэтай нагоды, і гэта сьведчыць, што мы цалкам падзяляем палітыку і падыходы Эўразьвязу. Калі пабачым рашэньне аб санкцыях, то будзем ухваляць пэўныя адпаведныя рашэньні ў гэтым пытньні», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG