Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: улады Беларусі адключылі інтэрнэт з дапамогай тэхналёгіяў амэрыканскай фірмы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі заблякаваў доступ да большай часткі інтэрнэту ў краіне падчас «вырашальных дзён» выбарчай кампаніі ў жніўні пры дапамозе абсталяваньня, вырабленага амэрыканскай кампаніяй, піша Bloomberg, спасылаючыся на дзьве ўласныя незалежныя крыніцы.

Паводле агенцтва, абсталяваньне для маніторынгу і фільтрацыі сеткавага трафіку, выкарыстанае пры блякаваньні інтэрнэту ў Беларусі, належыць амэрыканскай кампаніі Sandvine Inc.

Беларускі нацыянальны цэнтар абмену трафікам, які кіруе інтэрнэт-сеткамі краіны, атрымаў яго ў рамках кантракту на 2,5 мільёна даляраў з расейскім пастаўніком тэхналёгіяў «Инфосистемы Джет», які, згодна з урадавымі дакумэнтамі, займаецца пастаўкамі абсталяваньня Sandvine.

Да таго, як кампанія «Инфосистемы Джет» атрымала кантракт зь Беларусьсю, яна прапаноўвала Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам выпрабаваць абсталяваньне Sandvine, з словаў двух чалавек, знаёмых з гэтым пытаньнем, якія расказалі пра гэта Bloomberg на ўмовах ананімнасьці.

Сярод магчымасьцяў абсталяваньня кампаніі Sandvine — блякаваньне трафіку на пэўныя вэб-сайты, што ўрад Беларусі пачаў рабіць раніцай напярэдадні выбараў, паводле экспэртаў у кібэрбясьпецы і праваабарончых групаў. Большая частка інтэрнэту была недаступная ўнутры Беларусі цягам прынамсі 3 дзён: беларусы страцілі доступ да тысячаў вэб-сайтаў, уключаючы Google, YouTube, Twitter, Facebook, а таксама папулярных мэсэнджараў, у тым ліку WhatsApp, Telegram і Viber.

Пазьней улады заявілі, што збоі выкліканыя «канцэнтраванай кібэратакай» з-за мяжы, але экспэрты ў кібэрбясьпецы і групы абароны дадзеных кажуць, што тэхнічны аналіз інтэрнэт-актыўнасьці ў краіне паказвае на дзеяньні ўраду, піша Bloomberg. Паводле дзьвюх крыніцаў выданьня, абсталяваньне Sandvine было неад’емнай часткай інтэрнэт-цэнзуры ў Беларусі падчас выбараў і ў першыя дні пасьля іх.

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі і Нацыянальны цэнтар абмену трафікам адмовіліся ад камэнтароў выданьню. У Sandvine таксама адмовіліся камэнтаваць пытаньне, ці яны прадавалі абсталяваньне кампаніі «Инфосистемы Джет» і ці выкарыстоўвалася яно для цэнзуры інтэрнэту ў Беларусі.

Кампанія «Инфосистемы Джет» таксама не адказала на паведамленьні з просьбай аб камэнтары.

На вэб-сайце Sandvine гаворыцца, што каб тэхналёгіі кампаніі не нанесьлі шкоду правам чалавека, камітэт дзелавой этыкі пры продажы яго пэўнай краіне выкарыстоўвае індэкс Сусьветнага банку для вымярэньня свабоды слова, палітычнай стабільнасьці, вяршэнства закону і барацьбы з карупцыяй. Продаж прадуктаў Sandvine ў краіну зь нізкім індэксам магчымы толькі з ухваленьня камітэту этыкі і пры ўмове абавязаньняў ад пакупніка не выкарыстоўваць тэхналёгію для парушэньня правоў чалавека.

У 2006 годзе ўрад ЗША ўвёў санкцыі супраць ураду Беларусі і забараніў амэрыканскім кампаніям прадаваць тавары ці надаваць паслугі «ў інтарэсах» Лукашэнкі ці іншых асобаў, якія ўдзельнічаюць у «дзеяньнях або палітыцы, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты».

У 2018 годзе дасьледчая група Citizen Lab з Таронта вызначыла, што абсталяваньне ад Sandvine ўжывалася ў Турэччыне, Сырыі і Эгіпце, каб перанакіраваць карыстальнікаў з законных сайтаў на шкодныя, некаторыя зь якіх звычайна маюць шпіёнскае праграмнае абсталяваньне. У Эгіпце і Турэччыне абсталяваньне выкарыстоўвалі для блякаваньня палітычнага, праваабарончага і навінавага зьместу, сьцьвярджае Citizen Lab. Sandvine, аднак яна адпрэчыла вынікі дасьледаваньня.

У 2017 годзе каліфарнійская прыватная інвэстыцыйная кампанія Francisco Partners набыла карпарацыю Sandvine за 444 мільёны даляраў і абʼяднала яе з Procera Networks, якая мела працяглыя адносіны з Расеяй ды іншымі краінамі былога СССР. Procera паведамляла аб супрацоўніцтве зь фірмай «Инфосистемы Джет» яшчэ ў 2012 годзе. Francisco Partners таксама адмовілася камэнтаваць сытуацыю для Bloomberg.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG