Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 9 чалавек. Усяго ў Беларусі такіх ужо 41


Ілюстрацыйнае фота

Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ 9 чалавек.

Праваабаронцы заявілі, што ацэньваюць крымінальны перасьлед удзельнікаў акцыяў пратэсту Аляксандра Францкевіча, Акіхіра Ханада, Аляксандра Шабаліна, Юрыя Ўласава, Ігната Сідорыка, Юрыя Савіцкага, Арцёма Квашэўскага, Арцёма Сацука паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня сваёй думкі.

У заяве яны падкрэсьліваюць, што

  • свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах,
  • выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў,
  • пратэсты мелі мірны характар і ня несьлі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы, але іх атакавалі сілавікі зь непрапарцыйным ужываньнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі,
  • дэманстранты не рабілі нічога, што можа падпадаць пад азначэньне «масавыя беспарадкі» (не рабілі падпалаў, пагромаў, не зьнішчалі маёмасьць, не было ўзброенага супраціву праваахоўнікам).

У сувязі з гэтым праваабаронцы прызнаюць іх палітычнымі зьняволенымі і патрабуюць ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць іх крымінальны перасьлед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы пэрыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі.

На цяперашні момант праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 41 чалавека.

Пад заявай падпісаліся:

  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  • Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;
  • Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар;
  • Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend;
  • Кансультацыйны цэнтар актуальных міжнародных практык і іх імплемэнтацыі ў праве «Х’юман Канстанта»;
  • Офіс правоў людзей з інваліднасьцю;
  • РГА «Прававая ініцыятыва»; РПГА «Беларускі Хэльсінскі Камітэт»;

На 19 жніўня праваабаронцам вядома больш як пра 60 падазраваных у розных гарадах краіны ў рамках артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — масавыя беспарадкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG