Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стараючыся захаваць Беларусь, Расея імкліва губляе беларускі народ


Заканчэньне Маршу за новую Беларусь, 23 жніўня 2020 году, Менск
Заканчэньне Маршу за новую Беларусь, 23 жніўня 2020 году, Менск

Бачачы каля сябе толькі «Белоруссию», якую трэба любой цаной утрымаць, далучыць, і не зьвяртаючы ўвагі на беларусаў, іх патрэбы і жаданьні, Расея рызыкуе назаўсёды страціць беларускі народ, ягоныя сымпатыі і дружбу.

Памылкі робяць ня толькі людзі, памылкі робяць дзяржавы. І ня толькі таму, што імі кіруюць людзі. Часам будучыя хібы закладзены ў самім генэтычным кодзе дзяржаўнага ўтварэньня.

Асэнсоўваючы трагедыю расейскай рэвалюцыі і камунізму ў ХХ стагодзьдзі, пра гэта пакутліва разважалі расейскія інтэлектуалы. Некаторыя зь іх, напрыклад філёзаф Георгій Фядотаў, заклікалі Расею адмовіцца ад імпэрскасьці:

«Освобождённая от военных и полицейских забот, Россия может вернуться к своим внутренним проблемам — к построению выстраданной страшными муками свободной социальной демократии... К этой великой задаче должна уже сейчас, в изгнании, готовиться русская интеллигенция вместо погони за призрачными орлами империи».

Але заклік інтэлектуалаў, як гэта бывае часьцей за ўсё, пачуты ня быў. Расея працягвае імпэрскую палітыку.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і настойлівых званкоў Лукашэнкі да Пуціна Расея азвалася кананадай цынічных заяў пра вонкавае ўмяшаньне ў справы Беларусі, пра замежных лялькаводаў, якія кіруюць пратэстамі.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Крэмль бачыць «ускоснае і прамое» ўмяшаньне ў справы Беларусі.

З вуснаў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова загучалі крывадушныя заявы пра геапалітыку як аснову беларускай праблемы, пра тое, што гэта пачалося яшчэ з распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе, што з таго самага часу нейкія варожыя сілы спрабуюць аслабіць Расею і адарваць ад яе ўсё новыя і новыя тэрыторыі ўплыву:

«... Происходящее в Белоруссии, конечно же, нас весьма и весьма тревожит. Нас тревожит попытка использовать внутренние сложности, с которыми сейчас столкнулась Беларусь, белорусский народ, белорусское руководство, для того, чтобы вмешиваться в эти события, в эти процессы извне. И не просто вмешиваться, а вмешиваться с целью навязать белорусам те порядки, которые внешние игроки считают для себя выгодными.

Не скрывает никто, по сути дела, что речь идет о геополитике, речь идет о борьбе за постсоветское пространство. А мы видели эту борьбу и на предыдущих этапах развития ситуации, после того, как Советский Союз прекратил свое существование. Последний пример, разумеется, — это Украина. И то, что сейчас мы слышим из европейских столиц, прежде всего, из Прибалтики — Литвы, Эстонии, а также из Польши, из Европарламента, все это, понимаете, это все не про Лукашенко, это все не про права человека, не про демократию, это все про геополитику, про те самые правила, которые наши западные партнеры хотят внедрять в повседневную жизнь и на нашем континенте, и в других частях мира».

Ніводзін лідэр Расеі не згадаў пра забітых, параненых, пакалечаных і зьняважаных, ня выказаў спачуваньні іх сваякам і ўсяму беларускаму народу за панесеныя ў імя дэмакратыі ахвяры.

У Крамлі, па сутнасьці, нікому няма справы да таго, што ў суседняй краіне народ 26 гадоў пакутуе ад даволі жорсткай дыктатуры, што там людзі пазбаўленыя элемэнтарных правоў на сходы, на выказваньне сваёй думкі, на свабоду інфармацыі; што там грамадзян пазбаўляюць пэнсій, беспрацоўных прымушаюць плаціць падатак за сваё беспрацоўе, а нязгодных садзяць у турмы — гэта значыць, няма справы да беларускага народу зь яго праблемамі.

Галоўнае — ня страціць гэты кавалак зямлі, каб зноў далучыць яго да імпэрыі. Гэта якраз і ёсьць геапалітыка — з боку Расеі, у яе найбольш цынічным і жорсткім выглядзе.

І зноў тут з падказкай расейскі філёзаф ХХ стагодзьдзя, на гэты раз Фёдар Сьцяпун. Высланы бальшавікамі за мяжу, ён пакутліва стараўся зразумець гістарычны шлях свайго народу:

«Читая любую русскую историю, получаешь впечатление, что русский народ не столько завоёвывал землю, сколько без боя забирал её в плен. Эта военнопленная земля работала на русский народ, работала без того, чтобы он сам на ней по-настоящему работал».

Але беларускі народ больш ня хоча палону — ні расейскага, зь якога ён вызваліўся ў 1991 годзе, ні лукашэнкаўскага, ад якога ён вызваляецца цяпер. Людзі доўга трывалі, але нарэшце цярпеньне скончылася — яны хочуць бачыць пэрспэктыву пазытыўнага разьвіцьця і лепшай будучыні для сваіх дзяцей. Лепшую, чым эміграцыя.

І гэтага ў Крамлі не разумеюць або, хутчэй, робяць выгляд, што не разумеюць і не заўважаюць, бо ня маюць адэкватных сродкаў рэагаваньня. Прызнаць права суседняга народу скінуць зь сябе ярмо дыктатуры шляхам свабодных выбараў і вулічных пратэстаў — гэта значыць паставіць пад пагрозу і заведзеныя ў самой Расеі парадкі.

А людзі ў Беларусі ўсё разумеюць. Гэтая выбарчая кампанія, апошнія чатыры месяцы паказалі, што беларускі народ надзіва разумны, адукаваны і разьвіты. Людзі разумеюць значна больш, чым ад іх чакалі некаторыя палітыкі, журналісты і аналітыкі.

Цынічных фразаў «это все не про права человека, не про демократию» людзі, якія дамагаюцца менавіта гэтага, могуць не дараваць.

І вось мы бачым, як непаваротлівая Расея, усьлед за непаваротлівай менскай дыктатурай, страчвае беларускі народ.

Народ, мільёны прадстаўнікоў якога размаўляюць на расейскай мове, які з сымпатыяй ставіцца да расейскай культуры, 75% якога, паводле сёлетніх апытаньняў, выказваюцца за захаваньне сяброўскіх дачыненьняў з Расеяй, за адсутнасьць візаў і межаў, можа цалкам адвярнуцца ад усходняй суседкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG