Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня варта ўзаемадзейнічаць з узброеным амапаўцам. Тлумачыць псыхоляг, які працуе з агрэсарамі


«Марш новай Беларусі» ў Менску 23 жніўня
«Марш новай Беларусі» ў Менску 23 жніўня

У чым прычыны жорсткасьці супрацоўнікаў АМАПу да затрыманых? Запыталася ў псыхоляга Рамана Кручкова, які прафэсійна працуе з агрэсарамі ў карэкцыйных групах.

Сьцісла

  • Людзі ва ўмовах вакуўму маральных межаў, адсутнасьці заканадаўчай рэакцыі, грамадзкага кантролю могуць ісьці далей і далей, і такія дзеяньні могуць прыводзіць да сумных і трагічных наступстваў.
  • Практыка сьведчыць, што людзі, якія ўжываюць празьмерны гвалт або жорстка абыходзяцца са сваімі блізкімі, разумеюць, што яны робяць. У пераважнай большасьці яны псыхічна здаровыя.
  • Калі чалавек выходзіць «зараджаным» на выкананьне загаду, то трэба ўсьведамляць, што ён разумее, што робіць, і абсалютна дакладна ня варта ўзаемадзейнічаць зь ім, дакранацца рукамі. І гэта пытаньне не «правакаваньня», а бясьпекі.

— У чым прычыны жорсткасьці супрацоўнікаў АМАПу да затрыманых, пра якое сьведчаць сотні пацярпелых?

Раман Кручкоў
Раман Кручкоў

Калі гавораць пра ваенныя дзеяньні, барацьбу са злачыннасьцю, то вылучаюць абгрунтаваную і неабгрунтаваную жорсткасьць. Абгрунтаваная — у інтарэсах усяго грамадзтва. Злачынцу затрымалі, і далей яму даюць ваду і падобнае. Але тое, што мы назіраем, складана нават блізка назваць абгрунтаванай жорсткасьцю, складана абгрунтаваць гэтыя дзеяньні. Калі глыбей, то, на жаль, у гісторыі кожнага народу шмат прыкладаў нечага падобнага, гэта адбываецца пэрыядычна.

Асноўная прычына такіх паводзінаў — тое, што людзі ва ўмовах вакуўму маральных межаў, адсутнасьці заканадаўчай рэакцыі, грамадзкага кантролю могуць ісьці і ідуць усё далей і далей, і такія дзеяньні могуць прыводзіць да сумных і трагічных наступстваў. Калі грамадзтва не ўсталявала такія межы, цалкам ці часткова страціла магчымасьць абмяжоўваць такога роду дзеяньні, то імавернасьць іх узьнікненьня ці паўтарэньня будзе ўзрастаць.

— Ці падбіраюцца людзі з пэўным тыпам асобы на службу ў такія структуры? Ці такія рысы выпрацоўваюцца на этапе падрыхтоўкі?

— Аналягічна адбору ў войска, чалавек павінен мець адпаведны стан здароўя, дастаткова высокі ўзровень фізычнай падрыхтоўкі. Вельмі сур’ёзная ўвага заўсёды аддаецца ляяльнасьці дзейнай уладзе. Гэта спэцыфіка спэцслужбаў і міліцыі. Ёсьць псыхалягічны адбор, тэставаньне, робіцца шматфактарнае асабовае апытаньне, вызначаецца ўзровень інтэлекту, стараннасьць, ці ёсьць схільнасьць да пэўных адхіленьняў, напрыклад, небясьпека суіцыдальных паводзінаў. Я ўжо не кажу пра спэцправеркі ды іншае. Гэта стандартны падыход для усякай ваенізаванай структуры.

Розьніца, магчыма, палягае ў тым, што ў АМАП ідуць людзі, якія адслужылі, прайшлі нейкую сэлекцыю. У кожнай падобнай структуры ўжываюць элемэнты псыхалягічнай і ідэалягічнай апрацоўкі, зьяднаньня калектыву, прафэсійнай салідарнасьці, пераканананьня ў далучанасьці да абраных і гэтак далей.

— Вы працуеце ў карэкцыйных групах з агрэсарамі, хатнімі гвалтаўнікамі. Можа, супрацоўнікі АМАПу, якія зьбівалі, катавалі, зьдзекаваліся з затрыманых, ужываюць гвалт у сваёй сямʼі ці былі ахвярамі хатняга гвалту ў дзяцінстве?

— Сярод кліентаў былі і дзейныя, і былыя супрацоўнікі міліцыі. І яны не вылучаюцца ў асаблівую праблемную групу. Усе розныя. Сярэднестатыстычны чалавек, які ўжывае гвалт у сямʼі, для якога гвалт легітымны, — найбольш праўдападобна, выхоўвае дзяцей праз пакараньні або мае такі досьвед сам. Чалавек, які прымае гэта як норму ў выглядзе нейкіх відовішчаў — адзінаборствы і падобнае, і чалавек, які ўхваляе ўжываньне такіх сродкаў, як гвалт, у палітыцы (рэпрэсіі, сьмяротная кара). Калі канкрэтны чалавек адпавядае сукупнасьці гэтых рэчаў, то зь вялікай доляй імавернасьці ён ня толькі ў прафэсійнай сфэры, але і дома можа ўжываць гвалт.

У структуры нашай псыхікі ёсьць кампанэнт, які адказвае за нормы, забароны, маральныя наказы. І працэс распаду ідзе паступова. Такім чынам грамадзтва так ці інакш нясе адказнасьць за тое, што мы робім. Я перакананы, што такія паводзіны ніколі не бываюць аднамомантавымі. Недзе беларусы як грамадзтва папусьціліся, недзе дазволілі гэтыя межы парушыць ці страцілі магчымасьць кантраляваць.

— Некаторыя супрацоўнікі міліцыі звальняюцца на знак пратэсту. Гэта ўчастковыя, супрацоўнікі службы аховы, але не АМАПаўцы. Калі будзе дадзены загад зноў гэтак жа ўжыць жорсткасьць, як было адразу пасьля галасаваньня, усё будзе гэтаксама?

— Мне складана сказаць, але баюся, што так. Хацелася б верыць, што не, але асьцерагаюся, што ў бліжэйшай пэрспэктыве гэта магчыма.

— Якая тактыка можа быць у мірнага пратэстоўца, які выйшаў на вуліцу рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на мірны пратэст? Калі насупраць будуць стаяць узброеныя людзі, ці паўзьдзейнічае вокліч «міліцыя з народам»? Або калі абняць АМАПаўца?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

— Я настроены вельмі скептычна. Калі чалавек выходзіць «зараджаным» на выкананьне загаду, то трэба быць падрыхтаваным да таго, што ён разумее, што ён робіць, што ён так ці інакш бярэ адказнасьць за свае дзеяньні. Абсалютна дакладна ня варта ўзаемадзейнічаць, дакранацца рукамі. Я сьвядома не ўжываю слова «правакаваць», бо ў яго адмоўная канатацыя. І адказнасьць будзе на чалавеку, які пратэстуе. Але і ў другога боку заўсёды ёсьць магчымасьць ня біць.

— Ці можна казаць, што людзі, якія жорстка білі і катавалі людзей у аўтазаках, могуць мець пэўныя псыхічныя хваробы, разлады, адхіленьні?

— Я лічу, што людзі, якія ўжываюць празьмерны гвалт ці жорстка абыходзяцца са сваімі блізкімі, разумеюць, што яны робяць. І ў пераважнай большасьці яны псыхічна здаровыя і ў прытомнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG