Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-ы дзень пратэстаў, затрыманьні лідэраў страйкамаў. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 16-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся два тыдні таму.

16:39 24.8.2020

Вольга Кавалькова чакае суду

Затрыманая сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова цяпер знаходзіцца ў Партызанскім РУУС Менску, дзе чакае пасяджэньня суда. У якім судзе будуць судзіць Кавалькову, пакуль невядома, паведамляецца на яе афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку са спасылкай на адваката.

16:13 24.8.2020

Зьявілася міжнародная музычная складанка ў падтрымку ахвяраў гвалту ў Беларусі

Незалежныя музыкі з Расеі, Беларусі, Украіны ды іншых краін аб’ядналіся для ўдзелу ў складанцы, каб падтрымаць беларусаў, якія пацярпелі падчас разгонаў мірных мітынгаў пратэсту.

Музычная кампіляцыя пад назвай «For Belarus», ініцыятарам якой выступіла сьпявачка Галя Чыкіс, апублікаваная на Bandcamp, піша «Медуза».

16:06 24.8.2020

Паўла Латушку выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт

Паўла Латушку выклікалі 25 жніўня на 10:00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі па крымінальнай справе, заведзенай па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, якая нібыта заклікала да захопу ўлады. Пра гэта Свабодзе паведаміў сам Павал Латушка.

Раней па гэтай справе былі дапытаныя іншыя прадстаўнікі Рады Максім Знак і Сяргей Дылеўскі. На 15 гадзін 24 жніўня на допты была выкліканая Лілія Ўласава.

15:25 24.8.2020

Як сумленнага пэдагога ўгаворвалі падпісаць сфальсыфікаваны пратакол. Аўдыёзапіс зь Віцебску


Зьявілася яшчэ адно аудыёсьведчаньне, як праходзіла галасаваньне на выбарах прэзыдэнта ў Віцебску, піша Tut.by.

На ім, меркавана, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 26 у СШ № 44 Марына Печань прымушае калегаў падпісаць сфальсыфікаваны пратакол.

15:04 24.8.2020

Улада гатовая дапусьціць масавыя акцыі, але будзе ціснуць на страйкамы

Думка аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка.

Другая рэкордная колькасьцю ўдзельнікаў масавая акцыя, якая прайшла ў мінулую нядзелю, пацьвердзіла рашучасьць значнай часткі грамадзтва дамагацца адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў. Фатаздымкі з шэсьця ў Менску сёньня на першых палосах вядучых заходніх выданьняў.

Аднак цяпер робіцца зразумелай новая тактыка ўлады: не перашкаджаць шэсьцям па праспэктах, прытым не выконваючы ніякіх патрабаваньняў пратэстоўцаў (у тым ліку і аб вызваленьні палітвязьняў). Калі на ўладу не паўплывалі дзьве мірныя акцыі, якія сабралі сотні тысяч удзельнікаў — не паўплываюць і дваццаць дзьве: «абы не было вайны». Рэжым відавочна спадзяецца, што рана ці позна «сьвята непаслушэнства» надакучыць самім мітынгоўцам.

А вось страйкі на прадпрыемствах — гэта іншае, тут кіраўніцтва будзе максымальна ціснуць на арганізатараў і на ўсіх, хто спрабуе іх падтрымаць. І асаблівую ўвагу нададуць недапушчэньню арганізацыйнага афармленьня рабочага руху, росту колькасьці страйкавых камітэтаў, — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

15:02 24.8.2020

«Абсалютная крывадушнасьць — жыць у краіне і нічога не зрабіць для перамен», — чэмпіёнка сьвету і Эўропы Марына Арзамасава

«Ужо папярэджваюць: прыбярыце подпісы — і вам нічога ня будзе. Калі ад слоў пяройдуць да пагрозаў, мы пакідаем права надаць гэтаму міжнародны розгалас». Уганараваная лёгкаатлетка Марына Арзамасава разважае, ці могуць людзі спорту прысьпешыць перамены.

15:01 24.8.2020

Ціханоўская празь відэасувязь выступіць перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту

Сьвятлана Ціханоўская выступіць празь відэасувязь перад эўрадэпутатамі ў аўторак на пазачарговым пасяджэньні камітэту замежных справаў Эўрапарлямэнту, прысьвечаным Беларусі.

Пра гэта паведаміла ў панядзелак прэс-служба ЭП.

«Спадарыня Ціханоўская выступіць на пасяджэньні камітэту замежных справаў 25 жніўня ў Брусэлі празь відэасувязь», — паведамілі ў прэс-службе.

У пасяджэньні таксама прыме ўдзел намесьніца кіраўніка замежнапалітычнай службы ЭЗ Гэльґа Шмід.

Чакаецца, што ў выніку пасяджэньня камітэту ЭП падрыхтуе рэзалюцыю аб Беларусі, галасаваньне за якую чакаецца на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту ў верасьні.

15:01 24.8.2020

Эўра каштуе ўжо больш за 3 рублі, валюты ў абменьніках не хапае

За палітычнымі баталіямі зьнізілася ўвага да фінансавага рынку. Між тым на валютным рынку пабітыя чарговыя рэкорды.

24 жніўня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы рубель аслабеў стасоўна трох асноўных валют, якія ўваходзяць у так званы кошык Нацбанку.

Даляр падаражэў на 0,0338 рубля да 2,5554. Курс эўра вырас на 0,0371 і пераадолеў псыхалягічную плянку ў тры рублі — цяпер эўра каштуе 3,019 беларускага рубля.

Расейскі рубель стаў даражэйшым на 0,0348 і каштуе 3,4353 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Камэрцыйныя банкі выстаўляюць яшчэ большыя курсы. Даляр купляюць у сярэднім за 2,6 і прадаюць за 2,65 рубля. Эўра — за 3,05 і 3,105 адпаведна.

Кліенты наракаюць, што нават паводле такога курсу набыць валюту немагчыма, абменныя пункты толькі прымаюць яе, а прадаюць толькі тое, што людзі здаюць.

14:59 24.8.2020

«Спыніце гвалт, правядзіце новыя выбары». Магілёўскія акторы прапанавалі выйсьце з палітычнага крызісу

26 актораў Магілёўскага драматычнага тэатру распаўсюдзілі адкрыты зварот, у якім заклікалі ўладу да дыялёгу з грамадзтвам і выказалі абурэньне рэпрэсіўнымі дзеяньнямі ўлады супраць беларускага грамадзтва.

На іхную думку, прычыны незадаволенасьці ўладай палягаюць «у грубым, сыстэматычным здушэньні дзяржаўным апаратам правоў і свабодаў грамадзян, зьнявазе нормаў права і маралі, падзеньні ўзроўню жыцьця». Усё гэта, лічаць акторы, прывяло да сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу.

Аўтары звароту просяць грамадзянаў і СМІ падтрымаць іхныя патрабаваньні і разаслаць органам дзяржаўнай улады. Сярод іх:

  • Не дапускаць закрыцьця тэатраў праз палітычныя погляды работнікаў;
  • Неадкладна спыніць гвалт сілавых структураў, які працягваецца дагэтуль;
  • Спыніць перасьлед актывістаў, асобных грамадзян і групаў, якія выказваюць пратэст супраць дзеяньняў улады, у тым лік спыніць шантаж работнікаў кіраўніцтвам установаў і прадпрыемстваў;
  • Спыніць скажэньне інфармацыі аб падзеях дзяржаўнымі СМІ;
  • Правесьці новыя дэмакратычныя, свабодныя і празрыстыя выбараў прэзыдэнта, як адзінага магчымы шлях да пераадоленьня расколу ў грамадзтве.
14:20 24.8.2020

Беларусь на першых палосах міжнародных СМІ

14:20 24.8.2020

Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў вялікую падборку кадраў жорсткіх разгонаў дэманстрацыяў у ноч на 10 жніўня

13:51 24.8.2020

Менск. Акцыя на Пушкiнскай «Беларускi жывапiс. Лета-2020», прысьвечаная ўсім пацярпелым гэтым летам

13:50 24.8.2020

У Каардынацыйную раду апазыцыі ўваходзіць 600 чалавек. У Менску прайшоў брыфінг сябраў прэзыдыюму

У Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя сяброў Каардынацыйнай рады апазыцыі, закліканай забясьпечыць перамовы аб перадачы ўлады і вырашэньне палітычнага крызісу.

«Учорашнія падзеі лішні раз даказалі, што ўлада баіцца меркаваньня бальшыні, не гатовая прызнаць, што яна прайграла, — перакананая Марыя Калесьнікава. — Але так бясконца працягвацца ня можа, раней ці пазьней Лукашэнка будзе вымушаны пайсьці на дыялёг. Ягоная цяперашняя пазыцыя беспэрспэктыўная».

13:47 24.8.2020

Страйкам «Беларуськалію» выставіў ультыматум: калі сустаршыню страйкавага камітэту «Беларуськалію» Анатоля Бокуна ня выпусьцяць з РАУС пасьля трох гадзінаў — усе работнікі зьбіраюцца ля будынку Салігорскага РАУС і патрабуюць ягонай выдачы.

24 жніўня сустаршыня страйкавага камітэту «Беларуськалію» Анатоль Бокун быў затрыманы і, паводле інфармацыі страйкаму, знаходзіцца ў РУУС.

Пазьней прэс-сакратар страйкаму Глеб Сандрас паведаміў Свабодзе, што Анатоля Бокунааштрафавалі на 675 рублёў і адпусьцілі.

13:40 24.8.2020

У страйкаме салігорскіх шахтароў паведамілі пра затрыманьне іх лідэра Анатоля Бокуна

24 жніўня быў затрыманы сустаршыня страйкавага камітэту «Беларуськалію» Анатоль Бокун.

На гэты момант ён знаходзіцца ў РАУС. Паводле наяўнай у нас інфармацыі, на ўсіх чальцоў страйкаму ААТ «Беларуськалій» будуць складзеныя пратаколы і заведзеныя справы за арганізацыю і ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

Таксама з вартых даверу крыніц ёсьць інфармацыя, што ў бліжэйшы час чальцоў страйкаму пачнуць затрымліваць і дастаўляць у РАУС для далейшых разбораў, паведаміў страйкам ААТ «Беларуськалій».

13:39 24.8.2020

На МЗКЦ падчас збору подпісаў за страйк затрымалі кіраўніка заводзкага страйкаму

Служба аховы Менскага заводу колавых цегачоў затрымала старшыню страйкаму прадпрыемства Аляксандра Лаўрыновіча.

Як пасьпеў расказаць Свабодзе сам інжынэр-электронік, «паляваць» за ім пачалі яшчэ ў мінулы чацьвер.

Напярэдадні ён абвесьціў, што будзе ананімнае апытаньне сярод рабочых за пачатак страйку. Аднак а 6-й раніцы, калі пачынала працу першая зьмена, прахадная была ачэпленая міліцыяй. Людзям не дазвалялі нават прыпыняцца, анкеты пранесьці таксама не ўдалося.

У панядзелак 24 жніўня Аляксандар Лаўрыновіч прыйшоў на завод у непрацоўны час — ягоная зьмена вечаровая. Аднак здолеў сабраць блізу дзясятка галасоў, як сапраўдную аблаву на кіраўніка страйкаму зладзіў намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі Павал Огер.

Падпісантам прыгразіў, што ніхто зь іх не атрымае заробак, а на «зьбіральніка» выклікаў ахову і паабяцаў здаць яго ў міліцыю.

Аляксандар Лаўрыновіч сказаў Свабодзе, што для прафіляктычнай размовы сабралася цэлая «камісія». Прыстрашылі, што падрыхтуюць адпаведныя паперы, каб павесіць на яго «эканамічную шкоду» прадпрыемству.

Сам ён не выключае, што будзе затрыманы. Пакуль што яму загадалі, каб пакінуў тэрыторыю прадпрыемства і прыходзіў у сваю зьмену.

13:38 24.8.2020

У Крамлі адмовіліся камэнтаваць Лукашэнку з аўтаматам, але прызналі, што мітынгі апазыцыі — мірныя

Масква канстатуе, што дзеяньні мітынгоўцаў у Беларусі не прыводзяць да сутычак з праваахоўнікамі, заявіў у панядзелак прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.

Ён выказаў надзею, што сутыкненьняў удасца пазьбягаць і далей.

«Пакуль мы канстатуем, што не было ніякіх правакацый з боку мітынгоўцаў. Мы канстатуем, што органы правапарадку вельмі карэктна выконваюць свае абавязкі. Спадзяемся, што і ў будучыні ўдасца пазьбегнуць і прадухіліць пры неабходнасьці якія-небудзь правакацыі ў сувязі з гэтым», – сказаў Пяскоў журналістам.

На пытаньне, «Ці лічаць у Крамлі адэкватным палёт Лукашэнкі з аўтаматам?», Пяскоў адказваць адмовіўся.

13:31 24.8.2020

«Мяне хавалі ад расейскіх консулаў», — грамадзяніна Расеі лічылі зьніклым, а ён быў на Акрэсьціна

23 жніўня ўвечары з Акрэсьціна выйшаў адзін з апошніх затрыманых пасьля выбараў — грамадзянін Расеі Міхаіл Дарожкін, якога родныя і консулы шукалі 10 дзён. Выйшаў са штампам аб дэпартацыі і забароне ўезду ў Беларусь на 5 гадоў.

12:55 24.8.2020

Вялікая Брытанія. Акцыя салідарнасьці зь беларусамі адбылася ў Лёндане

Фота ад чытача

12:36 24.8.2020

Горадня. Некалькі жанчын зранку 24 жніўня падʼехалі да будоўлі анкалягічнага цэнтру падтрымаць рабочых «Гроднапрамбуду», частка якіх абвясьціла страйк. Прыехалі міліцыянты і разагналі гарадзенак, перапісалі асабістыя зьвесткі

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG