Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сумленнага пэдагога ўгаворвалі падпісаць сфальсыфікаваны пратакол. Аўдыёзапіс зь Віцебску


Галасуе Сьвятлана Ціханоўская
Галасуе Сьвятлана Ціханоўская

Зьявілася яшчэ адно аудыёсьведчаньне, як праходзіла галасаваньне на выбарах прэзыдэнта ў Віцебску, піша Tut.by.

На ім, мяркуецца, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 26 у школе № 44 Марына Печань прымушае калегаў падпісаць сфальсыфікаваны пратакол.


У той жа 44-й школе раней кіраўнік раёну Сяргей Сташэўскі прымушаў настаўнікаў на ўчастку № 25 зьмяніць пратакол пасьля выбараў.

На новым запісе чуваць размовы старшыні ўчастковай камісіі, выхавальніцы групы падоўжанага дня Марыны Печань зь сябрамі камісіі. Печань і калегі просяць падпісаць «другі» пратакол, які адрозьніваецца ад сапраўднага, настаўніцу, да якой усе зьвяртаюцца «Сьвета».

Тая пярэчыць: «Тут няпраўда, Марына Мікалаеўна. Як я буду свайму дзіцяці ў вочы глядзець? Марына, ня цісьні мне на сумленьне. Я ня ведаю, як мне спаць, калі я падпішу гэта».

«Я разумею, што няпраўда, Сьвета. Але ў мяне дакумэнты ня прымуць. Я не змагу выехаць, пакуль ня будзе да канца падпісаны пратакол», — кажа старшыня камісіі.

Урэшце Сьвятлану даводзяць да сьлёз, але яна не падпісвае пратакол.

Адна з калегаў у яе пытаецца: «Сьвятлана, што нам рабіць?»

«Жыць сумленна», — адказвае пэдагог.

Дырэктар СШ № 44 Сяргей Піталенка адмовіўся камэнтаваць аўдыёзапіс, адказаўшы, што сам ён быў на ўчастку № 25 і займаўся сваёй працай. Што адбывалася на ўчастку № 26, ён ня ведае.

У гэтай жа самай віцебскай школе № 44, толькі на суседнім участку № 25, камісія на чале з старшынём, дырэктарам гэтай СШ Сяргеем Піталенкам, здала дакладны пратакол галасаваньня, і там перамагла Сьвятлана Ціханоўская.

Тады чальцоў камісіі выклікаў на размову кіраўнік Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі. Чыноўнік высьвятляў, якім чынам аказалася, што на гэтым участку большасьць галасоў набрала Ціханоўская. У выніку ён прымусіў настаўнікаў перапісаць пратакол. Пра гэта ёсьць аўдыёзапіс, які зьявіўся ў сетках 10 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG