Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ярмошына нашкодзіла Лукашэнку круцей, чым хто». Пагаварылі з тым самым прамоўцам з праўладнага мітынгу


Яўген Дабратворскі
Яўген Дабратворскі

16 жніўня на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбыўся першы пасьля выбараў мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. На ім выступіў мужчына, які назваўся прыхільнікам кіраўніка дзяржавы. Ён заявіў, што палітычны крызіс у краіне стаў вынікам прыпісак выбарчых камісіяў.

«Нават калі Лукашэнка выйграў, то гэта не 80%. Нельга было пляваць у твар беларускаму народу. І гэтыя ср..лізы, якія прыстроіліся, зрабілі гэта супраць Лукашэнкі», — сказаў выступовец.

Свабода паразмаўляла з чалавекам. Гэта Яўген Дабратворскі, былы першы прэзыдэнт Беларускай фэдэрацыі кікбоксінгу і тайляндзкага боксу, заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусі, які падрыхтаваў 24 чэмпіёны сьвету.

«Лукашэнка перамог, але са значна меншай падтрымкай»

— Ваш выступ на мітынгу Лукашэнкі не спадабаўся многім яго прыхільнікам. А як вы туды трапілі?

— Мне пазваніў адзін знаёмы, вэтэран вайны у Аўганістане, і запрасіў на сустрэчу. Мы прыйшлі на «Востраў сьлёз», там сустрэліся з аўганцамі, паразмаўлялі, абмеркавалі і вырашылі паехаць на мітынг, каб выказаць сваю думку. У грамадзтве пачаўся раскол, адбываюцца вельмі непрыемныя рэчы.

— Вы сказалі, што выбары былі сфальсыфікаваныя, што ў Лукашэнкі няма 80%. Чаму вы так думаеце?

— На пэўных участках не было ня тое каб 80%, але ён там прайграў нават. Я быў упэўнены, што Ціханоўская для яго не канкурэнт. Чалавек без праграмы, без магчымасьці быць лідэрам ня можа канкураваць з прэзыдэнтам, які па-майстэрску правёў Беларусь у цяжкія часы і не дазволіў разваліць ні Захаду, ні Ўсходу. Я ўпэўнены, што Лукашэнка перамог, але са значна меншай падтрымкай, чым нам паведамілі людзі, якія працавалі на выбарчых участках. Там былі і правакатары, якія зрабілі гэта, ведаючы, да чаго гэта прывядзе. Але ёсьць і проста тупыя лізаблюды. Пратэсты справакаваў ня сам вынік, а тое, як ён быў пададзены. З гэтым народ адназначна не пагадзіўся. Гэта быў плявок у твар людзям. Але гэты плявок зрабілі людзі, які ліжуць яму с... у зусім без мазгоў.

— А вы думаеце, што ён ня ведае, што выбары ў Беларусі фальсыфікуюць?

— Я ўпэўнены, што ён не разумее нават траціны таго, што адбываецца. Ёсьць мэтодыка, якая пралічвае праход інфармаыі зьверху ўніз. Гэта прыблізна 75%. На 25% інфармацыя скажаецца падчас пераходу ад першай асобы ўніз. А інфармацыя зьнізу ўверх скажаецца на 75%. Да Лукашэнкі сапраўднай інфармацыі даносіцца ня больш як 25%.

«Падчас пераходнай улады наша краіна можа страціць сувэрэнітэт»

— А што можа вырашыць гэты канфлікт?

— Ён вырашыцца паволі ў кожным разе. Цягам першых дзён пратэсту сярод мірных грамадзян, якія пратэставалі, былі адмыслова падрыхтаваныя. Нехта падвозіў наўмысна плітку, арматуру, пэтарды, кактэйлі Молатава. Былі людзі, якім абавязкова трэба было праліць кроў. Як на Майдане. Але там было круцей, бо там былі грузінскія снайпэры, якія стралялі і ў натоўп, і ў спэцназ, і такім чынам атрымалі «Нябесную сотню».

У Беларусі АМАП працаваў больш прафэсійна. Ён ня можа ў натоўпе, які яго атакуе, выбраць завадатараў беспарадкаў. Гэта проста немагчыма, а тым больш уначы. Амапаўцы захоплівалі пратэстоўцаў групамі і адвозілі ў месцы часовага ўтрыманьня. А далей людзі трапляюць у ізалятары, і там павінна адбыцца аддзяленьне правакатараў гвалту ад мірных дэманстрантаў. Пры гэтым далёка ня ўсе работнікі ІЧУ дзейнічаюць законнымі мэтадамі. Там працуюць розныя людзі. Шмат у каго ад шматгадовых зносін са злачынцамі зьмяняецца псіхіка і стаўленьне да людзей. У праваахоўныя органы ідуць людзі з асаблівымі псыхалягічнымі якасьцямі. Напрыклад, я ў міліцыю працаваць не пайшоў бы. Для мяне гвалт ненатуральны. А ёсьць людзі, якія ня могуць сябе праявіць інакш. Яны ідуць туды, дзе чалавек заведама бяспраўны і ня можа нічога яму адказаць, а той можа праявіць нейкія свае садысцкія якасьці. Таму цалкам магчыма, што нейкія адзінкавыя выпадкі былі. Цалкам магчыма, што потым гэтыя адзінкавыя прыклады ператварыліся ў 90% фэйкаў. Народ, пабачыўшы праўду і праверыўшы яе, праглыне і 90% хлусьні.

Яўген Добратворскі са шматразовым чэмпіёнам сьвету Андрэем Кулебіным
Яўген Добратворскі са шматразовым чэмпіёнам сьвету Андрэем Кулебіным

— Выступалі лекары і гаварылі пра сотні выпадкаў.

— Я ня ў стане вызначыць, хто гэтыя сотні дактароў і які прафэсіяналізм іхных высноваў. Хто гэта ўчыніў, у якіх умовах: дактары ня сьледчыя, яны ня могуць гэта вызначыць. Было відэа з рудой дзяўчынай, якая нідзе не працавала, мае 14 прыводаў за прастытуцыю, а яна потым апавядае, як да яе ставіліся. І празь некаторы час былі апублікаваныя аўдыёзапісы, дзе яна расказвае, як трэба арматурай біць міліцыянтаў, кідаць у іх фарбу. Яна была на вуліцы не выпадковым мінаком, якога схапілі, а асобай, якая была арганізатарам акцыі пратэсту. Прычым сілавога пратэсту. І з аднаго, і з другога боку — хлусьня. Гэта інфармацыйная вайна. У ёй хлусяць усе. Адны хочуць не дапусьціць грамадзянскай вайны, а іншыя прыйсьці да ўлады. Што Ціханоўская, калі стане прэзыдэнтам, будзе рабіць з уладай? Як на мяне, яна ня здольная быць прэзыдэнтам краіны.

— Яна сама кажа, што не зьбіраецца рабіць нічога, апрача новых, сумленных выбараў.

— Вы калі-небудзь бачылі арганізацыю, якая бярэ ўладу, каб яе аддаць?

— Пераходныя ўрады былі шмат дзе. Напрыклад, у Польшчы пасьля часткова свабодных выбараў у 1989 годзе.

— Падчас такой пераходнай ўлады наша краіна можа страціць сувэрэнітэт. Тут можа разгарнуцца маленькая лякальная вайна паміж Захадам і Расеяй. Неабходна сфармаваць прапановы зьменаў у краіне. А не патрабаваць аддаць уладу.

— Давайце вернемеся да фальсыфікацыяў ...

— Не, я кажу пра тое, што на некаторых участках былі даданыя галасы. Я не магу гэтага сьцьвярджаць дакладна, але з рэакцыі людзей, зь іх колькасьці на вуліцы відаць, што гэта хутчэй за ўсё было. Але я ўпэўнены, што ў Ціханоўскай прэзыдэнт выйграў у кожным разе, бо яна як прэзыдэнт — ніякая.

«Ярмошына спрацавала супраць Лукашэнкі круцей, чым якія-кольвечы заходнія СМІ і іншае»

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

— Людзі кажуць пра факты. У Менску пішуць скаргі на вынікі выбараў, якія падпісваюць больш людзей, якія, паводле камісіяў, аддалі свае галасы за Ціханоўскую.

— Я бачыў выкладзеныя ў інтэрнэце выніковыя пратаколы, дзе перамагла Ціханоўская, з подпісамі. На некаторых паперах вынікі падпісаныя іншай асадкай. Я ня ведаю, колькі працэнтаў там фальсыфікаваных, але вельмі шмат. Такую паперку намаляваць у фаташопе і выкласьці ў інтэрнэт — зусім не праблема. У некаторых пратаколах не супадаюць лічбы, яны не сыходзяцца.

— Тады чаму, на вашу думку, Лідзія Ярмошына адмаўляецца публікаваць вынікі на канкрэтных участках?

— Ня ведаю. Я ўвогуле не магу трываць лізаблюдаў, гатовых лізаць да такой глыбіні, да якой ужо ўсё зарастае. Лідзію Ярмошыну я ўвогуле не зьбіраюся камэнтаваць. Яна спрацавала супраць Лукашэнкі круцей, чым якія-кольвечы заходнія СМІ і іншае.

— Што, на вашу думку, павінна цяпер адбыцца, каб сытуацыя ў краіне нармалізавалася? Новыя выбары, круглы стол ці нешта яшчэ?

— Пра што можна дамаўляцца зь Ціханоўскай, на якой падставе?

— Пра новыя выбары. У Менску адбылася найбуйнейшая дэманстрацыя ў гісторыі краіны, 300 тысяч чалавек. Выходзяць ува ўсіх гарадах.

— Зь людзьмі трэба размаўляць і дамаўляцца. Да пэўнага моманту я лічыў, што ў Лукашэнкі ўжо ўсё страчана. Калі я ўбачыў натоўпы на вуліцах, я зразумеў, што кірдык. А потым, на наступны дзень, ён пайшоў да рабочых, яго там пасылалі на тры літары, а ён спакойна гаварыў, я зразумеў, што гэты чалавек — не Януковіч. Гэта чалавек з рэальна жалезнымі яйцамі, які проста так сваю краіну ня кіне. Разьвярнуцца і сысьці было б самым простым, але ён гэтага не зрабіў. Ужо за гэта яго можна шанаваць. Але дамаўляцца зь людзьмі трэба. Трэба мяняць акружэньне, лідэраў, якія ўжо закасьцянелі. Трэба людзей выслухаць. Здаецца, ён ужо пайшоў на зьмену Канстытуцыі аб абмежаваньні тэрмінаў працы прэзыдэнта. І гэта трэба адназначна мяняць.

— Лукашэнка сказаў, што на той дэманстрацыі было 50 тысяч чалавек, хаця візуальна там было ў пяць разоў менш. Вас не зьдзіўляе, што чалавек, які называе сябе пераможцам выбараў з такім вынікам, звозіць людзей на мітынг з усёй краіны?

— А як сабраць людзей зь невялікіх мястэчак?

«Лукашэнка не валодае ўсёй паўнатой інфармацыі»

Яўген Дабратворскі
Яўген Дабратворскі

— У сталіцы, паводле ЦВК, за Лукашэнку прагаласавалі больш як паўмільёна чалавек. Чаму б проста не запрасіць хаця б 10% зь іх?

— Тыя, хто галасуе за Лукашэнку, гэта палітычна больш пасіўныя людзі. Тыя, каго ўсё задавальняе, ня ходзяць на мітынгі. На мітынгі ходзяць незадаволеныя.

Карусэль была і з аднаго боку, і з другога. Вырасла моладзь, якая не жыла ў 90-я, якая не ваявала і нічога ня бачыла. Ім сумна. Цяпер лета, на поўдзень ніхто не паехаў. У бацькоў упалі даходы ў сувязі з каранавірусам. Была маса пралікаў улады і дзяржаўных СМІ. Лукашэнка цяпер не займаўся выбарамі. Ён займаўся гандлем з Расеяй, вырашаў пытаньні нафты і газу. Ён не працаваў на выбары, бо спадзяваўся, што ўсе і так пабачаць, што ён працуе на Беларусь і што яго выберуць і так. Ён перастаў быць палітыкам. Ён стаў дзяржаўным дзеячом. А яго апанэнты не прапануюць ніякай альтэрнатывы, яны проста крытыкуюць усё, што было зроблена Лукашэнкам. Ніхто нават праграмы не напісаў.

— Бабарыку і Цапкалу нават не дапусьцілі да выбараў. Ціханоўская, у сваю чаргу, абяцала нават не распускаць урад, каб ён і далей працаваў. То бок не было зь яе боку радыкальнай крытыкі ўсёй улады.

— Людзей прасьцей аб’яднаць пад лёзунгамі супраць, бо ім цяпер ня так добра, як было раней. Ім цяжка, у іх няма адпачынку. На настроях людзей можна згуляць і разваліць што заўгодна. Яна прыйдзе, зробіць новыя выбары і пераможа той, хто спадабаецца народу. А народу спадабаецца той, у каго больш грошай, хто больш укладзе ў кампанію. За часы Лукашэнкі ва Ўкраіне памяняліся пяць прэзыдэнтаў, якіх выбраў народ. І краіна, якая ў 1992 годзе мела ВУП як Нямеччына, цяпер у поўнай задніцы.

— Ёсьць нейкая заканамернасьць, што прыхільнікі ўлады заўсёды палохаюць Украінай.

— А з чым параўноўваць, з Нарвэгіяй?

— З Польшчай, Эстоніяй, Чэхіяй...

— Румынія ня стала багацейшай, Славаччына таксама. Сярэдні ўзровень жыцьця там вельмі нізкі. Іншая справа — Польшча, але туды ўкідваецца вялікая маса грошай. Яе падтрымліваюць, як і краіны Балтыі. Прытым я быў у Балтыі і бачыў, што марскія парты там заіржавелі на 90%. Прамысловасьці няма — ні «рафікаў», ні «Радыётэхнікі» — а траціна людзей выехала з краіны.

— Вас не зьдзіўляе, як радыкальна зьмянілася антырасейская рыторыка Лукашэнкі на прарасейскую? То ён бачыць ў сваіх апанэнтаў вушы Масквы, а цяпер просіць Пуціна памагчы?

— Лукашэнка не валодае ўсёй паўнатой інфармацыі. Антырасейская рыторыка перад выбарамі была таму, што Расея, каб падоўжыць паўнамоцтвы Пуціна, усяляк на «бацьку» ціснула, каб стварыць тут дзяржаву з поўным пратэктаратам. І ён, адпаведна, выступаў супраць. Цяпер рыторыка зьмянілася, бо Расея зразумела, з кім яна будзе гуляць, калі ня будзе Лукашэнкі. Бо спачатку, я лічу, яны хацелі яго «зьліць». Магчыма, паставіць Бабарыку.

— Колькі Лукашэнка набраў на выбарах, як вы думаеце?

— 52%. Калі б былі годныя апанэнты, то мог бы набраць і менш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG