Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ чацьвёра афіцэраў падалі рапарты аб звальненьні


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас пратэстаў у Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас пратэстаў у Беларусі

Беларускія сілавікі працягваюць звальняцца са службы і паведамляюць пра гэта ў сацыяльных сетках.

З шэрагаў унутраных войскаў звольніўся старшы лётнік верталётнага атраду Аляксандар Ісачэнка.

«Лічу недапушчальным удзел у дзеяньнях па дасягненьні ўлады гвалтоўнымі мэтадамі з выкарыстаньнем Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусі», — напісаў ён у рапарце аб звальненьні, які выклаў у Інстаграм разам з фатаздымкам службовага пасьведчаньня.

Падаў рапарт старшы лейтэнант юстыцыі Мікіта Старажэнка, ён быў супрацоўнікам Сьледчага камітэту.

«У апошні час у маю галаву пачалі закрадацца сумневы: служу я народу ці не? Я прыйшоў да высновы, што не. Я спрабаваў звольніцца яшчэ да выбараў прэзыдэнта, але атрымаў адмову, — піша Мікіта Старажэнка. — Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснутыя рамкамі загадаў і даўгоў перад дзяржавай».

У званьні падпалкоўніка звольніўся Аляксандар Ахрэмчык, які праслужыў у міліцыі 14 гадоў.

«Маё сумленьне не дазваляе мне быць у так званым страі. Я заўсёды добрасумленна ставіўся да сябе, да навакольных і да іх службы. Але надышоў момант, калі я проста не змагу шчыра, у першую чаргу перад сабой, выконваць сваю працу. Я ўсьвядоміў, што фактычна прадаю свае маральныя прынцыпы», — напісаў ён.

Пасьля 11 гадоў службы ва Ўзброеных Сілах звольніўся і Аляксей Грыгор’еў.

«Гэтае рашэньне было прынята не спантанна, а ўзважана, да гэтага я ішоў год і нарэшце магу спакойна ўдыхнуць грудзьмі „цывільнае“ паветра», — напісаў Аляксей Грыгор’еў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG