Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12-ы дзень пратэстаў. Пагрозы Латушку. Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады

Што адбываецца ў Беларусі 20 жніўня.

12:26 20.8.2020

Марыя Калесьнікава патлумачыла сваю заяву аб магчымым удзеле Лукашэнкі ў новых выбарах

«Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа ўдзельнічаць у выбарах. Але паколькі мы настойваем на вяртаньні Канстытуцыі Беларусі 1994 году, то там застаецца абмежаваньне права балятавацца на пасаду прэзыдэнта двума тэрмінамі. А пакуль дзейнічае Канстытуцыя новага ўзору, такое права ў яго застаецца», — заявіла Свабодзе адна з прадстаўніц абʼяданага штабу Сьвятланы Ціханоўскай, сябра Каардынацыйнай рады ў справе транзыту ўлады Марыя Калесьнікава.

13:06 20.8.2020

Берасьцейцы нясуць кветкі на месца гібелі Генадзя Шутава. ФОТА

У Берасьці зьявіўся стыхійны мэмарыял памяці Генадзя Шутава, які 11 жніўня атрымаў ад сілавікоў агнястрэльнае раненьне ў галаву, ад якога 19 жніўня памёр, піша Tut.by.

Генадзь Шутаў памёр раніцай 19 жніўня ў Менскім вайсковым шпіталі.

«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор; чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — расказала Свабодзе дачка загінулага Наста.

Сёньня берасьцейцы нясуць на месца трагедыі на вуліцы Маскоўскай кветкі і лямпадкі.

Афіцыйна гэта трэці выпадак гібелі пратэстоўца пры здушэньні пасьлявыбарчых пратэстаў і першы ад агнястрэльнай зброі.

Раней улады прызналі два выпадкі сьмерці: 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску і 25-гадовага Аляксандра Віхора ў Гомлі.

13:07 20.8.2020

Макей заявіў, што Беларусі патрэбны перамены і што яму пагражаюць

На думку міністра замежных справаў, сёньня краіна перажывае самы складаны этап у сваёй найноўшай гісторыі. «Гаворка папраўдзе ідзе аб захаваньні дзяржаўнасьці», — гаворыцца ў заяве Ўладзімера Макея.

«Перамены патрэбны, гэтага ніхто не адмаўляе, — падкрэсьліў ён. — Але не цаной грамадзкага супрацьстаяньня ці рэвалюцый. У гэтым выпадку ахвяр і нэгатыўных наступстваў будзе ў разы больш».

Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы.

«Я яшчэ магу зразумець, калі раздаюцца пагрозы ў адрас дзяржаўнага службоўца, які займае канкрэтную пасаду. Але агідненькі, ананімны ціск на сямʼю, у тым ліку на малалетніх дзяцей, ніяк не ўкладаецца ў маёй галаве з паняцьцем „дэмакратыя“. За гэтыя сьлёзы майго 11-гадовага сына я гатовы перагрызьці горла», — гаворыцца ў звароце міністра да супрацоўнікаў сыстэмы дыпляматычнай службы краіны.

13:24 20.8.2020

У Салігорску зьніклі два арганізатары страйку на «Беларуськаліі»

Пра зьнікненьне Дзьмітрыя Кудзялевіча паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».

Там напісана, што Кудзялевіч перастаў выходзіць на сувязь у 11:17 у чацьвер 20 жніўня.

Паводле інфармацыі іншых удзельнікаў страйкаму, Кудзялевіч мог быць затрыманы невядомымі асобамі, калі знаходзіўся ва ўласным аўтамабілі.

Пазьней у страйкаме паведамілі таксама пра зьнікненьне Максіма Філановіча з 4 рудаўпраўленьня. Ён перастаў выходзіць на сувязь.

13:24 20.8.2020

«Большую частку галасоў за Ціханоўскую скралі»,— прамежкавыя вынікі на плятформе «Голас»

Паралельна з ЦВК на прэзыдэнцкіх выбарах працавала онлайн-плятформа «Голас» — альтэрнатыўная пляцоўка, якая лічыла галасы беларусаў.

Разам зь ініцыятывай «Честные люди» яна апублікавала прамежкавыя вынікі. Зь іх можна зрабіць выснову, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

13:27 20.8.2020

У Горадні прайшла жалобная акцыя памяці дырэктара ваўкавыскага музэю. ФОТА

У Горадні прайшла жалобная акцыя памяці дырэктара ваўкавыскага музэю Канстанціна Шышмакова, якога знайшлі памерлым. Ён быў сябрам выбарчай камісіі і, паводле некаторых зьвестак, не падпісаў выніковага пратаколу.

13:28 20.8.2020

На прыступках філярмоніі зноў сьпявалі «Пагоню». Тут граюць музыкі, працягваюць сьпяваюць артысты. Сабраліся некалькі соцень чалавек.

Міліцыя перашкаджае сьпевам на прыступках філярмоніі. Міліцыянты ў мэгафон заклікалі разысьціся, кажуць, што дзеяньні незаконныя. Людзі крычаць «Сыходзь». Артысты, сьпяваючы, сышлі з прыступак каля філярмоніі. Людзі абураюцца, адышлі ў бок праспэкту.

13:45 20.8.2020

Улады 10 украінскіх гарадоў далучыліся да акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. ФОТА

У 10 гарадах Украіны, дзе мясцовыя рады ачольваюць прадстаўнікі партыі «Свабода», адбыліся акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю пад назвай «За вашу і нашу свабоду».

У некаторых гарадах бел-чырвона-белыя сьцягі былі ўзьнятыя як афіцыйныя на мачты каля будынкаў гарадзкіх радаў побач зь дзяржаўным украінскім сьцягам і сьцягам гораду.

Цярнопаль
Цярнопаль

13:58 20.8.2020

Каля Купалаўскага тэатру сьпявалі на знак салідарнасьці. Фотарэпартаж

Каля 50 актывістаў а 12-й гадзіне ўтварылі кола каля галоўнага ўваходу ў Купалаўскі тэатар. Некаторыя ў народных строях, сьпявалі «Рэчаньку». Музыка Сяржук Доўгушаў сказаў, што людзі зьбіраюцца прыходзіць сюды штодня а 12-й.

13:59 20.8.2020

Старшыня Горадзенскага гарвыканкаму выказаў свае патрабаваньні да пратэстоўцаў. ВІДЭА

Старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой зьвярнуўся да жыхароў гораду, прыгразіўшы «законнымі захадамі» тым, хто парушае грамадзкі парадак.

14:00 20.8.2020

«Апублікаваць вынікі галасаваньня на кожным участку». БСДП зьвярнулася да старшыні Менгарвыканкаму

Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) накіравалі ліст старшыню Менскага гарвыканкаму Анатолю Сіваку. Яны папракаюць яго за спробы «адмаўчацца» у зьвязку з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў і наступнымі пратэстамі.

14:15 20.8.2020

Амбасада ЗША ў Менску: «Мы хочам, каб народ Беларусі меў тыя свабоды, якіх ён патрабуе»

На фэйсбучнай старонцы амбасады ЗША ў Менску зьявілася цытата дзяржаўнага сакратара Майка Пампэо: «Мы хочам, каб народу Беларусі меў тыя свабоды, якіх ён патрабуе».

«Агульная мэта — падтрымаць народ Беларусі ў дасягненьні яго сувэрэнітэту і свабоды», — дадае амбасада ад сябе.

14:28 20.8.2020

Генэрал Раўкоў параўнаў цяперашнія пратэсты з путчам 1991 году, які разваліў «магутную дзяржаву»

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў параўнаў падзеі ў Беларусі з рэваншысцкім путчам ГКЧП 1991 году.

«29 гадоў таму ў Савецкім Саюзе была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту, які ўвайшоў у гісторыю як „жнівеньскі путч“. Антыканстытуцыйныя дзеяньні самаабвешчанага „дзяржаўнага камітэту“ паглыбілі хаос у грамадзтве, наблізіўшы распад некалі магутнай дзяржавы. Падобныя працэсы адбываюцца сёньня і ў Беларусі», — напісаў генэрал Раўкоў у Facebook.

14:58 20.8.2020

Генэральная пракуратура завяла справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады»

Дзейнасьць Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады стала падставай для пачатку крымінальнай справы паводле артыкулу «аб захопе ўлады», заявіў журналістам генэральны пракурор Аляксандар Канюк. Яго цытуе тэлеграм-канал пракуратуры.

«Стварэньне і дзейнасьць Каардынацыйнай рады накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі. На падставе гэтага факту заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу», — заявіў Генэральны пракурор. Артыкул прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня.

Каардынацыйную раду дзеля трансфэру ўлады 14 жніўня ініцыявала кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская, якая ў мэтах бясьпекі зьехала ў Літву.

Рада сьцьвярджае, што яе дзейнасьць законная.

«У сувязі з публічнай заявай генеральнага пракурора А. У. Канюка аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле арт. 361 КК РБ па факце стварэння Каардынацыйнай рады, лічым неабходным яшчэ раз пацьвердзіць, што мэты Каардынацыйнай рады і спосабы дасягненьня гэтых мэтаў выразна выкладзены ў Рэглямэнце Каардынацыйнай рады і прынятай рэзалюцыі.

Усе мэты і спосабы зьяўляюцца законнымі, заснаванымі на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Сябры Каардынацыйнай рады не распаўсюджвалі заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, цi ажыццяўленьню акту тэрарызму або дывэрсіі, або да зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

15:00 20.8.2020

Людзі сталі ў «ланцуг салідарнасьці» на плошчы Перамогі ў Менску. Фотарэпартаж

20 жніўня на плошчы Перамогі ў Менску прайшла акцыя салідарнасьці. Людзі 12-ы дзень выходзяць на пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

15:01 20.8.2020

Крэмль бачыць «ускоснае і прамое» умяшаньне ў справы Беларусі

У Крамлі лічаць, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаваў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмірый Пяскоў.

Ён ня стаў канкрэтызаваць тыя сілы і краіны, якія нібыта спрабуюць аказваць уплыў на падзеі ў Беларусі. Аднак, паводле яго, у Крамлі канстатуюць, што «ўскоснае і нават прамое ўмяшаньне мае месца».

«Мы лічым, што ў першую чаргу павінен ажыцьцяўляцца дыялёг унутры Беларусі. Бо калі замежныя краіны, у тым ліку і Расея, пачнуць дыялёг з апазыцыяй, то гэта будзе ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы», — сказаў у чацьвер журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта РФ.

Пяскоў падкрэсьліў, што Расея не зьбіраецца ўмешвацца ў сытуацыю ў Беларусі, зьвязаную з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

15:07 20.8.2020

Мэдыкі 6-га клінічнага шпіталя сталі ўздоўж Даўгабродскай вуліцы ў Менску з плякатам «Мы ратуем людзей. Рабочыя, уратуйце краіну»

15:09 20.8.2020

«АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна»

Аповед мэдыка, які быў дапушчаны да зьбітых і закатаваных людзей у турме на Акрэсьціна. Ён аглядаў пацярпелых і вывозіў іх у розныя шпіталі

15:11 20.8.2020

Францускі філёзаф пра Ціханоўскую: «Мы бачым, як справа жанчын можа пахіснуць гратэскную і крыважэрную дыктатуру»

Францускі філёзаф і палітычны публіцыст Бэрнар-Анры Леві зьмясьціў у Твітэры сваю фатаграфію са Сьвятланай Ціханоўскай і словамі:

«Сёньня (19 жніўня. — РС) у Вільні, са Сьвятланай Ціханоўскай, сымбалем беларускай рэвалюцыі і тварам апазыцыі супраць тырана Лукашэнкі. Тут мы бачым, як справа жанчын можа пахіснуць гратэскную і крыважэрную дыктатуру. Рэпартаж і партрэт будуць».

Бэрнар-Анры Леві (нар. 1948) — змагар з мусульманскім фундамэнталізмам. У 2005 ён разам з Салманам Рушдзі выступіў з маніфэстам «Разам супраць новага таталітарызму», у якім раскрытыкаваў спробы распаўсюджваньня мусульманскага ладу жыцьця на Эўропу. Падчас вайны ў Паўднёвай Асэтыі ў 2008 вёў рэпартажы з Грузіі, браў інтэрвію ў тагачаснага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. У лютым 2014 выступіў на сцэне «Эўрамайдану» з прамовай, якая была апублікаваная газэтай Le Monde пад загалоўкам «Мы ўсе — украінцы». У 2014 заклікаў эўрапейскіх спартоўцаў спыніць удзел у зімовых алімпійскіх гульнях у Сочы ў знак пратэсту супраць гвалту ў Кіеве.

Эсэ і артыкулы Леві нярэдка сутыкаліся з вострай крытыкай францускіх інтэлектуалаў.

15:13 20.8.2020

Сваякі забітага ў Берасьці пратэстоўца ня могуць яго пахаваць. Ім не аддаюць цела

У сераду, 19 жніўня, у ваенным шпіталі Менска памёр 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў, у якога сілавікі стралялі падчас пратэстаў.

Родныя Генадзя яшчэ ўчора прыехалі ў сталіцу, каб забраць цела, але, як яны распавялі TUT.BY, ад іх экспэрты патрабуюць пастанову на выдачу цела за подпісам СК. Тым часам у берасьцейскім Сьледчым камітэце адказваюць, што ніякага дазволу ня трэба.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG