Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны назваў дэзынфармацыяй публікацыі пра спробу захапіць «вагнэраўцаў» празь Беларусь


Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ПВК Вагнэра» пад Менскам, 30 ліпеня
Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ПВК Вагнэра» пад Менскам, 30 ліпеня

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак назваў публікацыі аб вярбоўцы наймітаў у Менску ўкраінскімі спэцслужбамі расейскай дэзынфармацыяй. Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў заявіў, што гэта магло быць апэрацыяй расейскіх спэцслужбаў. Так яны пракамэнтавалі публікацыі ва ўкраінскіх СМІ пра тое, што наймітаў спрабавалі захапіць для суду ў Кіеве.

Украінскія спэцслужбы рыхтавалі маштабную апэрацыю затрыманьня групы баевікоў «ПВК Вагнэра», дзеля чаго выманілі іх у Беларусь, аднак спэцапэрацыя правалілася, напісала 18 жніўня «Ўкраінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны і Службе бясьпекі Ўкраіны, а таксама на журналіста Юрыя Бутусава.

Паводле крыніц выданьня, распрацоўваць спэцапэрацыю пачалі больш як год таму. Украіна плянавала адшукаць і затрымаць баевікоў, якія ваявалі на Данбасе, сярод іх былі людзі, імаверна, датычныя да катастрофы Boeing MH17, зьнішчэньня Іл-76 у Луганскім аэрапорце і АН-26 каля Луганску.

Як расказвае «Ўкраінская праўда» са спасылкай на крыніцы, у рамках спэцапэрацыі баевікоў нанялі паводле падробленых дамоваў ахоўваць нафтавыя вышкі ў Вэнэсуэле. Падчас вэрбаваньня яны далі пад запіс сьведчаньні аб злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны, бо думалі, што паказваюць «працадаўцу» ўзровень «кваліфікацыі».

Група складалася з 33 чалавек, сярод іх былі 28 баевікоў, якіх мелі затрымаць. 9 зь іх былі грамадзянамі Ўкраіны, 11 значыліся ў базе «Міратворца». Ня ўсе найміты служылі ў «ПВК Вагнэра».

Паводле пляну, 24 ліпеня групу мусілі прывезьці з Масквы ў менскі аэрапорт. Не затрымліваючыся ў Беларусі, 25 ліпеня група мела вылецець у Турэччыну рэйсам Менск — Стамбул. Паводле задумы, падчас пералёту самалёт павінен быў тэрмінова сесьці ў адным з украінскіх аэрапортаў, бо аднаму з пасажыраў, ролю якога меўся выконваць агент СБУ, нібыта стала б дрэнна. Пад выглядам мэдыкаў у самалёт зайшла б група спэцназу і затрымала б «вагнэраўцаў». Аднак плян не ўдалося рэалізаваць.

Паводле публікацыі, 24 ліпеня аб фінальнай стадыі апэрацыі далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На дакладзе прысутнічаў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак і яшчэ некалькі чалавек. Ярмак прапанаваў адкласьці апэрацыю, каб не сарваць абмен палоннымі, які тады абмяркоўваўся з Расеяй. Зяленскі яго падтрымаў і запатрабаваў перанесьці апэрацыю на 30 ліпеня.

25 ліпеня група ня села на рэйс да Стамбулу, а засялілася ў санаторый з загадам чакаць 30 ліпеня. 29 ліпеня іх затрымалі, а 14 жніўня перадалі Расеі, хоць да гэтага Ўладзімір Зяленскі прасіў Лукашэнку перадаць іх Украіне і Лукашэнка «заявіў пра гатоўнасьць да супрацы». Паводле публікацыі, украінская выведка нібыта лічыць, што гэта адбылося з прычыны «зьліву» інфармацыі ў ФСБ Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG