Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён нават ня ведаў, дзе знаходзіцца штаб Бабарыкі». Чаму затрымліваюць валянтэраў і зьбіральнікаў подпісаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Родныя і блізкія затрыманых расказваюць, што іх могуць абвінаваціць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Пратэсты ня згодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў пачаліся ў Беларусі ўвечары 9 жніўня і працягваюцца дагэтуль. Паводле афіцыйнага паведамленьня МУС, у выніку здушэньня пратэстаў былі затрыманыя каля 7000 чалавек.

Як стала вядома Свабодзе, КДБ Беларусі ўжо займаецца расьсьледаваньнем крымінальнай справы паводле артыкулу 293 — масавыя беспарадкі. Падрабязнасьці яе расьсьледаваньня і колькасьць падазраваных ці абвінавачаных пакуль не вядомая. Зьяўляецца інфармацыя, што ў арганізацыі беспарадкаў могуць абвінаваціць людзей, нейкім чынам датычных да выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі альбо да ініцыятывы «Честные люди».

Антон і Ігар Бяленскія

Антон Бяленскі з сваёй дзяўчынай
Антон Бяленскі з сваёй дзяўчынай


Валянтэр выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Антон Бяленскі быў затрыманы 10 жніўня ў гатэлі «Беларусь». На наступны дзень сілавікі затрымалі ягонага бацьку Ігара Бяленскага. Па яго прыйшлі ў кватэру.

«Антон Бяленскі разам з бацькам цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ, іх абвінавачваюць паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — гэта арганізацыя масавых беспарадкаў. Антона мы знайшлі ў мінулую пятніцу, а ягонага бацьку ў суботу. Зразумела, ніхто зь іх нічога не арганізоўваў, усё гэта поўная лухта».

З словаў Марыі, Антон Бяленскі быў валянтэрам у штабе Віктара Бабарыкі. Таксама ўваходзіў у ініцыятыву «Честные люди». Удзельнічаў у выбарчых мітынгах, дапамагаў інфармаваць выбарнікаў пра галасаваньне і пра тое, як супрацьстаяць магчымым фальсыфікацыям.

«Антонаў бацька быў у ініцыятыўнай групе вылучэньня Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты. Разам з сваёй жонкай ён проста зьбіраў подпісы. Антон таксама гэта рабіў. Антонаў бацька ня быў валянтэрам, толькі подпісы зьбіраў».

Родныя затрыманых бацькі і сына Бяленскіх змаглі перадаць ім перадачу, іншых навінаў ад іх пакуль няма. Адвакатка была ў сваіх падабаронных на сьледчых дзеяньнях адзін раз.

Андрэй Пазьняк

Андрэй Пазьняк
Андрэй Пазьняк

Андрэй Пазьняк — сябра Антона Бяленскага, яны разам вучыліся ў ліцэі БДУ. Ён не ўваходзіў у штаб Віктара Бабарыкі, працаваў валянтэрам «Честных людей».

«Андрэя затрымалі 11 жніўня, калі ён выходзіў з цырульні, — расказала дзяўчына Андрэя, Кацярына. — Спачатку быў на Акрэсьціна. Адваката пусьцілі да яго толькі ў пятніцу. Адвезьлі ў Сьледчы камітэт на вуліцы Першамайскай, адтуль Андрэй ужо ня выйшаў. 12 жніўня на АНТ паказвалі сюжэт з удзелам Андрэя, ён моцна пабіты. На кадрах допыт, адваката побач з Андрэем няма».

Паводле Кацярыны, адвакат зноў змог наведаць Андрэя Пазьняка ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў панядзелак 17 жніўня. Афіцыйна абвінавачваньні яму пакуль не выставілі.

«Андрэй ня ведаў нават адрасу штабу Віктара Бабарыкі, — сьцьвярджае яна. — Усё, чым ён займаўся, — гэта напісаньне праграмы для альтэрнатыўнага падліку галасоў, але яна нават не спатрэбілася ў выніку. Ён увогуле першы раз у жыцьці трапіў у міліцыю. Праграміст, скончыў ліцэй БДУ на „выдатна“, быў кадэтам. Выдатны хлопец, якія сядзіць зараз ні за што».

Акрамя Андрэя Пазьняка, 11 жніўня сілавікі затрымалі таксама валянтэра штабу Віктара Бабарыкі Левона Халатр’яна.

Левон Халатр’ян
Левон Халатр’ян

Сяргей Міхяёнак

Сяргей — дырэктар прыватнай кампаніі «БондаСтыль». Пасьля вылучэньня Віктара Бабарыкі прэтэндэнтам у кандыдаты запісаўся ў яго ініцыятыўную групу, зьбіраў подпісы. Родныя Сяргея Міхяёнка сьцьвярджаюць, што гэтым яго актыўнасьць абмежавалася, ён нават ня браў удзелу ў пратэстах. 12 жніўня ў кватэру, дзе жыве Сяргей Міхяёнак, прыйшлі сілавікі ў балаклавах. Паводле блізкіх сям’і, яны выламалі дзьверы і затрымалі Сяргея.

«Сёньня нібыта да Сяргея адваката павінны дапусьціць, — расказаў Свабодзе Сяргееў сябра Вадзім. — Мы перадачку яму адправілі, але ня ведаем, ці дайшла. Сяргей у СІЗА на Валадарскага знаходзіцца. Чакаем, інфармацыі пакуль ня вельмі шмат. Сяргей толькі подпісы зьбіраў за вылучэньне Віктара Бабарыкі, нічога больш. Здаецца, ён толькі 34 подпісы змог сабраць, нават ня нейкі тысячнік там. Яшчэ на выбарах быў незалежным назіральнікам, гэта ўся яго актыўнасьць. Увогуле ён вельмі адказны чалавек. Мог дапамагчы некуды штосьці адвезьці. Але ў штабе ён не працаваў».

Пасьля затрыманьня Сяргея Міхяёнка супрацоўнікі КДБ правялі ў яго кватэры ператрус, забралі ноутбук, кампутар, мабільныя тэлефоны і грошы. Паводле жонкі Сяргея, ператрус праходзіў у межах крымінальнай справы паводле артыкула 293 — арганізацыя масавых беспарадкаў.

Акрамя гэтага, 18 жніўня стала вядома пра затрыманьне сяброў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Арцёма і Аляксандра Моладавых. Іх затрымалі ў Гомлі 12 жніўня як падазраваных у крымінальнай справе паводле артыкула 342 — арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Пазьней Моладавых перавезьлі ў Менск. Свабода публікавала гісторыю яшчэ аднаго затрыманага сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі — Ігара Ярмолава.

Як ацэньваюць прадстаўнікі выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і ініцыятывы «Честные люди», на гэты момант затрыманыя больш за 10 валянтэраў. Дакладная колькасьць невядомая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG