Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС разьмясьціла замову на рамонт 290 электрашокераў на суму каля 16 тысяч рублёў


Свабода паглядзела сайт дзяржаўных закупаў і даведалася, што набывалі сілавікі напярэдадні і пасьля выбараў.

290 электрашокераў

Столькі электрашокераў хочуць адрамантаваць у галоўным упраўленьні камандуючага ўнутранымі войскамі МУС, менавіта такі тэндэр абвешчаны на сайце дзяржаўных закупаў 8 жніўня. Тэрмін выкананьня паводле закупкі — да 15 жніўня. На гэта хочуць патраціць 16 240 рублёў.

Падобную заяўку ўнутраныя войскі пакідалі на тэндэрах яшчэ ў ліпені, але тады прызналі, што аўкцыён не адбыўся.

«Гэты тэндэр не зьвязаны з падзеямі апошняга тыдня, — паведаміў Свабодзе адказны за выкананьне тэндэру Дзяніс Кірычук. — Гэта плянавы рамонт абсталяваньня».

Як сьведчаць затрыманыя 9–12 жніўня, сілавікі ўжывалі электрашокеры супраць іх. Пра катаваньні электрашокерам расказаў Сяргей Мельянец, вернік-баптыст, якога выцягнулі з машыны, прыпаркаванай ля канцэртнай залі «Менск». Таксама шокерам білі 16-ці гадовага падлетка Цімура, як сьведчыць ягоная сястра. Пасьля зьбіцьця і катаваньняў у РУУС Цімур знаходзіўся ў коме ў аддзяленьні рэанімацыі 3-га дзіцячага шпіталя.

55 электрамэгафонаў

Тыя ж унутраныя войскі, як відаць на сайце дзяржаўных закупаў, у ліпені набылі 55 электрамэгафонаў за 8100 рублёў. Сродкі бюджэтныя.

Абарончыя шаломы з унутранай сувязьзю

15 камплектаў тэлефанізаваных шаломаў у ліпені закупілі ўнутраныя войскі. Гэта шаломы з унутранай сувязьзю, каб чалавек мог атрымліваць каманды. На гэта патрацілі 6600 рублёў.

Бесьпілётнік

Дрон за 9600 рублёў плянуюць набыць для ўнутраных войскаў з 12 жніўня па 10 верасьня. Крыніца — бюджэтныя сродкі. Дрон за такую суму мае добрую якасьць здымкаў.

6 сыстэмаў запісу голасу

Дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС патраціць 13 500 рублёў на 6 камплектаў аўтаматызаваных сыстэмаў запісу голасу. Паставіць сыстэмы мусяць да 29 жніўня.

44 фотаапараты

Дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС разьмясьціў заяўку аб закупе 44 фотаапаратаў за 88 тысяч рублёў. Купіць плянуюць да канца кастрычніка. Сродкі бюджэтныя.

Такім чынам, толькі на гэтыя рэчы сыстэма МУС у ліпені — кастрычніку плянуе патраціць 141 тысячу рублёў, або 57 тысяч даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG