Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманай Крысьціне Вітушцы не даюць жыцьцёва неабходных лекаў


Крысьціна Вітушка
Крысьціна Вітушка

Крысьціне, якая мае цукровы дыябэт, дагэтуль не перадалі жыцьцёва неабходных лекаў. Адваката не пускаюць.

У той вечар кампанія беларускамоўных школьнікаў, дзе быў і 16-гадовы Мірон Вітушка, чымсьці прыцягнула ўвагу міліцыі. Дзеці пераходзілі дарогу на вуліцы Чарвякова, побач з домам, дзе жыве бабуля Мірона. На іх наляцелі байцы АМАПу, якія выскачылі з бусіка. Некаторым падлеткам удалося ўцячы. Уцякла і дзяўчынка, зь якой сябруе Мірон. А яго і яшчэ некалі чалавек кінулі ў аўтазак.

Хтосьці з падлеткаў набраў тэлефон маці Мірона Крысьціны, якая знаходзілася непадалёк. Сказалі, што затрыманых вязуць да Палацу спорту. Крысьціна паехала спачатку туды, шукала сына каля Палацу спорту, не знайшла. Паехала да Цэнтральнага РУУС.

Бацька Мірона лекар Андрэй Вітушка таксама пабег да будынка міліцыі — ён працуе побач у 7-м клінічным шпіталі. Туды ж прыбеглі сяброўка і бацькі сяброўкі Мірона. Пад’ехаў аўтобус са спэцназам. І ў выніку ўсіх — Андрэя і Крысьціну Вітушак, дзяўчынку і яе бацькоў — затрымалі і павезьлі на Акрэсьціна. Як высьветлілася пазьней, Мірона перасадзілі ў іншы аўтазак і адвезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. У аўтазаку падлетка білі. Уначы непаўналетняга Мірона выпусьцілі, тэлефон маці не адказваў, і ён зьвязаўся з бабуляй. Сяброўку і яе бацькоў выпусьцілі з Акрэсьціна а 5-й раніцы.

Увесь дзень сваякі і сябры шукалі Вітушак па шпіталях, ізалятарах, але безвынікова.

Як паведаміў Свабодзе брат Крысьціны Юры Сідун, учора яны езьдзілі ў Жодзіна разам з мамай Андрэя і сынам Міронам. Канкрэтнай інфармацыяй ніхто ня дзеліцца, але валянтэры даведаліся, што Андрэй і Крысьціна знаходзяцца на Акрэсьціна.

«Сёньня мы плянуем перадаць лекі. Учора а 17-й спрабавалі, адвакат Сяргей Зікрацкі быў на Акрэсьціна, дзе ў яго плянавалася сустрэча зь іншым падабаронным, ён узяў з сабой жыцьцёва важныя для Крысьціны лекі, але яму там дакладна так і не пацьвердзілі, ці ёсьць там Вітушкі.

Для захоўваньня лекаў абавязкова патрэбны адмысловыя ўмовы — лядоўня, бо яны могуць сапсавацца. Рабіць іньекцыі трэба ў стэрыльных умовах.

А калі ўжо ўвечары мы шукалі Андрэя і Крысьціну ў Жодзіне, патэлефанаваў адвакат Зікрацкі і паведаміў, што яму валянтэры пацьвердзілі, што Вітушкі ўсё ж на Акрэсьціна», — расказаў Юры Сідун.

Андрэй Вітушка
Андрэй Вітушка

Сёньня адвакат будзе пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі, і найперш даведвацца пра здароўе Крысьціны. Да таго ж непаўналетняе дзіця засталося без абаіх бацькоў — таксама адвакат рыхтуе скаргу.

Юры Сідун кажа, што сваякі спрабавалі шукаць Андрэя і Крысьціну па розных каналах, знайшлі кантакты высокіх міліцэйскіх начальнікаў.

«Адзін зь іх хацеў шчыра дапамагчы, але аказалася, што гэтыя высокія міліцэйскія чыны сутыкаюцца з такімі ж праблемамі, што і звычайныя беларусы, шукаючы сваякоў. Ён сам прызнаўся, што два дні ня можа знайсьці свайго хрэсьніка, якога таксама затрымалі.

Складваецца ўражанне, што ўвесь гэты міліцэйскі апарат паралізаваны тысячамі справаў, якія на іх зваліліся. Родныя думаюць, што чалавек затрыманы, шукаюць яго, аб’яжджаюць турмы, шпіталі... Магчыма, гэта такая сьвядомая палітыка ўтойваньня інфармацыі, каб людзі не знаходзілі параненых, а магчыма, і забітых», — мяркуе Юры Сідун, брат Крысьціны Вітушкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG