Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ці Лукашэнка: хто перамог?


Пра што сьведчыць вайна апытаньняў — афіцыйных экзіт-полаў і дадзеных «Голасу», «Сумленных людзей» і экзіт-полаў на замежных выбарчых участках? Як грамадзтва рэагуе на абвешчаныя лічбы афіцыйных экзіт-полаў? Як можа далей разьвівацца сытуацыя?

Папярэднія вынікі падліку галасоў на экзыт-полах і сытуацыю ў Беларусі абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

  • Упершыню ў дзень выбараў былі прадстаўленыя лічбы, альтэрнатыўныя тым, якія называе ўлада.
  • На некаторых участках у Менску нават паводле афіцыйных дадзеных Сьвятлана Ціханоўская перамагла.
  • Замежныя назіральнікі адзначаюць мірны характар вулічных пратэстаў у Беларусі.
  • Прынцып, што пры выхадзе на вуліцы 3,5% насельніцтва ўлада сыходзіць — не ўнівэрсальны. Але разагнаць 350 тысяч чалавек без праліцьця крыві немагчыма.

Навумчык: Актыўнасьць грамадзянаў на сёньняшнім галасаваньні не ідзе ў параўнаньне нават з 1994 годам, калі людзі ахвотна ішлі галасаваць — 25 гадоў не было такіх чэргаў каля ўчасткаў. Несумненна, што гэтыя людзі прыйшлі не для таго, каб аддаваць голас за Лукашэнку. Я абсалютна перакананы, што Ціханоўская набрала значна больш, чым палову галасоў. Як перакананы ў тым, што ЦВК назаве пераможцам іншага чалавека, які хранічна, шосты раз, абвяшчаецца пераможцам.

Дракахруст: Я б зьвярнуў увагу на навацыю — зьяўленьне альтэрнатыўных лічбаў. Раней былі лічбы Ярмошынай ці казённых экзыт-полаў, якія дзіўным чынам супадалі з тым, што агучвала Ярмошына, а з другога боку, з боку апанэнтаў улады — казалася, што шмат было парушэньняў, што лічылі няправільна і гэтай далей. У гэтым выпадку прыводзяцца лічбы. Скажам, правялі экзыт-полы каля замежных абмасадаў. Альбо плятформа «Голас» сьведчыць пра тое, што мінімум 16% Ціханоўская набрала, бо больш за мільён зарэгістраваліся, 80% зь іх — за Ціханоўскую, гэта ўжо 16%, а ніяк ня 7%. Такім чынам, ёсьць альтэрнатыва ўжо на этапе экзыт-полаў.

Навумчык: Прычым, напрыклад, у Чэхіі ля беларускай амбасады праводзілі экзыт-пол, і тут Ціханоўская набрала больш як 93%. Днямі я глядзеў па тэлебачаньні «круглы стол», прысьвечаны якраз экзыт-полам. Дык вось афіцыйна дазволеныя экзыт-полы даручылі рабіць БРСМ. Але чаму гэта не дазволілі незалежным службам? У такім выпадку ў мяне аб’ектыўна ўзьнікае недавер да экзыт-полу, вынікі якога агучыла Ярмошына. Але, паўтараю, актыўнасьць людзей, якія сёньня прыйшлі галасаваць за Ціханоўскую, значна большая, чым і ў 1994, і ў 2001 годзе, калі Ганчарыку напісалі каля 15%.

Дракахруст: Жыцьцё падказвае, што Ярмошына абвесьціць лічбы, блізкія да афіцыйных экзыт-полаў. Цяпер мы бачым,што людзі выходзіць на вуліцы. І ня толькі ў Менску, у іншых гарадах. Супраць іх ужываецца шырокі спэктар спэцсродкаў.

Навумчык: Ярмошына даць больш за 75%, каб Лукашэнка меў маральнае права прыняць свае канстытуцыйныя папраўкі — ці праз «парлямэнт», ці праз рэфэрэндум. Але ці прызнае гэта народ? Мы ўжо бачым, што пэўная частка грамадзтва нават вынікі экзыт-полу не прызнала. Цяпер ноч, днём бы людзей было болей, але і сёньня сілавікі прымянілі спэцсродкі. Мне падаецца, што больш вырашальным будзе 10 жніўня, калі ўжо будуць абвешчаны афіцыйныя папярэднія вынікі. І людзі мусяць прыняць рашэньне. Альбо, як раней, абмяркоўваць на кухнях і ў сацсетках. А другі варыянт — выхад людзей на вуліцы.

Ёсьць тэорыя, што калі 3,5% насельніцтва выходзіць на вуліцу і мірна стаіць некалькі дзён, дык улада мяняецца. Ва ўмовах Беларусі гэта — 350 тысяч чалавек. Будзе на вуліцы Менску 350 тысяч чалавек — значыць, праз пяць дзён будзе новы кіраўнік краіны (дакладней, кіраўніца). Не — значыць, ня будзе.

Дракахруст: Гэтае правіла «трох адсоткаў» эмпірычнае. Яно выведзена з таго, што калі ў краінах выходзіла такая колькасьць, улада мянялася. Але, мне падаецца, тут унівэрсальнага закону няма. Гэта залежыць ад жорсткасьці сыстэмы, ад цэлага шэрагу чыньнікаў. Мне здаецца, што ня варта казаць пра такую чароўную лічбу, якую калі дасягнуць, дык «так», а не дасягнуць — дык «не».

Я б зьвярнуў яшчэ ўвагу на адзін факт: на некаторых акругах у Менску, нават паводле афіцыйных дадзеных камісій, Ціханоўская перамагла. І паводле зьвестак назіральнікаў з «Сумленных людзей», на некаторых участках дадзеныя назіральнікаў супалі з дадзенымі камісіяў. Значыць, не паўсюль кіраўнікі камісій несумленныя.

Яшчэ адзін момант. Я сёньня размаўляў з украінскімі аналітыкамі,і яны зьдзіўляліся, наколькі беларусы мірныя людзі. Што сёньня яны бачылі мірны пратэст.

Навумчык: Так, і між іншым, ня варта ўжываць тэрмін «сілавое супрацьстаяньне» у дачыненьні да падзеяў у Беларусі. Сілавое супрацьстаяньне — гэта калі абодва бакі прымяняюць сілу. Калі і ў тых, і ў тых дубінкі, ці вадамёты, ці зброя. Тут — у мірных дэманстрантаў няма зброі.

Але пагаджаючыся, што прынцып «3,5%» не ўнівэрсальны, я ўсё ж скажу, што калі выйдзе 350 тысяч чалавек — іх разагнаць так проста немагчыма. Толькі зь вялікай крывёй. Вельмі вялікай. А гэта ўжо прынцыпова зьменіць адказнасьць і тых, хто даў загад, і хто выконваў. І калі сёньня нейкі хлопец з АМАПу прыяжджае да бацькоў, скажам, у Пухавічы, і бацька пытаецца: «Што ты там, сынок, дэманстрантаў зьбіваў?» — «Ды проста надавалі ім крыху па шыі, для парадку» — «А, ну калі для парадку...». А вось калі ён вяртаецца і на яго глядзяць як на забойцу... Гэта ўжо зусім іншае.

Дракахруст: І ўсё ж, галоўнае вызначае — дух. Бо людзі, якія выходзяць на Плошчу, рэдка маюць вайсковую падрыхтоўку, каб разграміць паліцыю. Калі яны перамагаюць—яны перамагаюць толькі духам. Калі людзі ў пагонах ад вялікай колькасьці проста прыходзяць да сябе, што народ — вось ён. Яны не з космасу прыляцелі, не замежныя наёмнікі. Гэта — народ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG