Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрайбман: Гэта выйшла нябітае пакаленьне


Пратэст у Менску ў ноч на 10 жніўня 2020

Вынікі выбараў і пачатак пратэстаў мы папрасілі пракамэнтаваць палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

—​ Пакуль агучаныя толькі дадзеныя афіцыйных экзыт-полаў і апытаньняў: Лукашэнка — каля 80%, Ціханоўская — каля 7%. Вы чакалі прыкладна такіх лічбаў?

— Так, абсалютна. Я думаў, што будзе 75%, што паказвалі дзяржаўныя перадвыбарчыя апытаньні.

— Якое значэньне мае тое, што гэтым лічбам былі супрацьпастаўленыя альтэрнатыўныя лічбы: дадзеныя «Голасу», экзыт-полаў за мяжой, паведамляецца, што ў Беларусі праводзіўся нейкі альтэрнатыўны экзыт-пол, у якім удзельнічалі 85 тысячаў чалавек. І там прапорцыі адваротныя — каля 80% за Ціханоўскую.

— Я не ўпэўнены, што гэта зараз на нешта ўплывае. Я тэлефанаваў сваім знаёмым і сябрам, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, і яны даведваліся аб гэтых лічбах ад мяне. Іншымі словамі, людзі ішлі на акцыі, разумеючы ўсю несумленнасьць, несправядлівасьць кампаніі ад пачатку. Больш важкімі тут будуць сёньня і заўтра пратаколы камісіяў, дзе, гледзячы па ўсім, палічылі галасы, і на некаторых участках яны засьведчылі перамогу Ціханоўскай у першым туры. І тое, што гэтыя вынікі разыходзяцца з вынікамі ЦВК, мяркую, заўтра яшчэ згуляе на пашырэньне маштабаў пратэстаў.

Я ня ўпэўнены, што шмат людзей за гэтым сочаць, асабліва з улікам таго, што ў краіне па сутнасьці інтэрнэт адключаны.

— Зьвесткі паводле пратаколаў, дзе Ціханоўская перамагла, дадзеныя «Сумленных людзей», паводле якіх у траціне акругаў камісіі не завышалі яўку — гэтыя факты «бунту» участковых камісіяў пра што сьведчаць?

— У мяне няма адназначнага адказу. Магчыма, людзі меркавалі, што ім гэтае нацягваньне яўкі непатрэбнае і яны справяцца з кантролем сытуацыі на этапе падліку. Магчыма, трапіліся сумленныя людзі. І магчыма не хранічна сумленныя, а проста такія, якія разумеюць момант, разумеюць, што цана фальсыфікацыяў, у тым ліку і перад тварам калегаў і сяброў, вышэйшая, чым 10-15 гадоў таму. У Менску былі камісіі, якія выганялі назіральнікаў, а потым давалі Ціханоўскай большасьць. Адназначна патлумачыць гэта цяжка. Відаць, не захацелася браць на душу грэх ці злачынства. Ім маглі даць загад выганяць назіральнікаў. А вось наўпростага загаду фальсыфікаваць ім маглі і не даваць.

— У чым адрозьненьне цяперашніх пасьлявыбарчых пратэстаў ад сьнежня 2010 году? Тады пратэст быў сфакусаваны ў сталіцы, лякалізаваны на адной плошчы. І раздушаны за 7.5 хвілінаў. А зараз?

— Два адрозьненьні. Цяпер лягістычна сытуацыя больш складаная для ўладаў. Рэсурсы сілавікоў расьцярушаныя. Яны вымушаныя па выбарчых участках, разганяць там людзей, яны ня могуць сабраць усе сілы ў Менску, бо трэба было нешта пакінуць у рэгіёнах, яны вымушаныя ахоўваць адміністрацыйныя будынкі. У выніку ўдарны кулак ня быў сканцэнтраваны ў адной кропцы. І таму на праспэкце Пераможцаў не было тых 7.5 хвілінаў.

Да таго ж гэтым разам маніфэстанты больш настойлівыя. У адрозьненьні ад 2010 году людзі ўсьведамляюць, што перамогі ў Лукашэнкі няма. І гэта мацнейшая матывацыя.

Пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі было зразумела, што акцыя салідарнасьці не магла прымусіць зьмяніць гэтае рашэньне. Зараз, відаць, у вялікай колькасьці людзей ёсьць вера, што яны вулічнымі пратэстамі могуць зьмяніць уладу.

На сілу людзі часам адказвалі сілай, былі месцы, дзе людзі давалі здачы. Людзі ня б’юць першымі, людзі ўжываюць сілу без ахвоты, няма ні палак, ні камянёў. Адказваюць не па-ўкраінску, але часам адказваюць. Сярод пратэстоўцаў шмат маладых мужчын. Гэта ня тыя людзі, якія хадзілі на стрымы да Ціханоўскага. Магчыма, гэта тое самае нябітае пакаленьне.

— Што можна прагназаваць па маштабах першых пратэстаў?

— Выглядае, што дакладнага пляну ў пратэстоўцаў няма. Калі пляну няма, пратэсты часта вытыхаюцца. Але паводле досьведу іншых краінаў пралітая кроў можа стаць трыгерам пашырэньня пратэстаў. Ці ім могуць стаць абсалютна нахабныя лічбы, якія будуць абвешчаныя заўтра. Гэта таксама можа стаць дадатковым бэнзінам у гэты касьцёр. Ці заўтра могуць абвясьціць паўнавартаснае надзвычайнае становішча. Улада яшчэ не сутыкалася з такім выклікам у ХХІ стагодзьдзі. Можа нешта падобнае бывала ў 90-я, але і тады яно не было так шырока распаўсюджанае геаграфічна. Пакуль пляну перамогі няма. Але не бывала рэвалюцыяў, якія перамагалі паводле пляну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG