Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.


Коратка

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
20:26 12.8.2020

20:25 12.8.2020

20:23 12.8.2020

20:14 12.8.2020

20:11 12.8.2020

20:11 12.8.2020

20:04 12.8.2020

20:03 12.8.2020

У Горадні каля аўтавакзалу сто чалавек стаяць у ланцугу салідарнасьці. Машыны сыгналяць. Жаночы ланцуг пачаў стаяць на гэтым месцы з 13:30 і сабраў паўтысячы дзяўчат.

19:37 12.8.2020

У раёне станцыі мэтро «Ўручча» з двух бакоў праспэкту стаяць людзі, некалькі соцень. У асноўным жанчыны, трымаюць у руках белыя кветкі. Калі гандлёвага цэнтру «Спэктар» два грузавікі ўнутраных войскаў, аўтазак, некалькі бусаў.

18:57 12.8.2020

У Менску паміж станцыямі мэтро Пятроўшчына і Малінаўка ўтвараюцца ланцугі людзей зь белымі кветкамі. Ад Пятроўшчыны ў бок Малінаўкі — чарга каля 200 мэтраў, яшчэ адна, каля 300 мэтраў — на скрыжаваньні вуліц Чурлёніса і праспэкту Дзяржынскага ў бок Малінаўкі.

Людзей актыўна падтрымліваюць гудкамі кіроўцы. Міліцыі навокал пакуль не відаць. Сёньня тут а 19-й гадзіне анансавалі пікет салідарнасьці мэдыкаў, але пакуль іх няма.

Сюды прыехаў міністар аховы здароўя Каранік. Ён запрашае мэдыкаў падысьці да ўнівэрсытэту і там зь імі паразмаўляць.

18:41 12.8.2020

Пратэст на Пятроўшчыне. Менск

18:35 12.8.2020

Прэзыдэнт Літвы выступіў з трыма патрабаваньнямі да Лукашэнкі: калі гэта не дапаможа, будуць санкцыі

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на прэс-канфэрэнцыі 12 жніўня адрэагаваў на падзеі апошніх дзён у Беларусі. Ён выклаў плян з 3 пунктаў, які ўрэгуляваў бы сытуацыю ў суседняй зь Літвою краіне, піша delfi.lt.

Кіраўнік Літвы сказаў, што перад прэс-канфэрэнцыяй гаварыў з прэзыдэнтам Латвіі.

«Я мушу канстатаваць, што сытуацыя ў Беларусі надалей выклікае вялікі неспакой, надалей ліецца кроў, людзей перасьледуюць, журналістаў саджаюць у турмы. Мы як суседзі разам зь іншымі краінамі рэгіёну шукаем спосабы вырашэньня гэтага крызісу», — сказаў ён.

«Хачу запрапанаваць плян з 3 пунктаў, які можа стаць прэлюдыяй для пасярэдніцтва прэзыдэнтаў краін рэгіёну ў вырашэньні палітычнага крызісу ў Беларусі», — сказаў літоўскі прэзыдэнт.

«Па-першае, беларускія ўладныя інстытуцыі спыняюць ужыцьцё гвалту ў дачыненьні да сваіх грамадзян і дээскалююць сытуацыю. Па-другое, беларускія ўлады выпускаюць затрыманых, якіх ужо налічваюцца тысячы. І трэці пункт — Беларусь аднаўляе дыялёг са сваёй грамадзянскай супольнасьцю», — сказаў Наўседа.

Больш падрабязна >>>

18:27 12.8.2020

Штаб Бабарыкі адказаў на абвінавачаньні ў арганізацыі беспарадкаў

Штаб Віктара Бабарыкі адказаў на абвінавачаньні ў арганізацыі беспарадкаў. Затрыманыя валянтэры штабу Бабарыкі, як мяркуецца, фігуруюць у крымінальнай справе паводле арт. 293 КК («масавыя беспарадкі»).

Штабу Віктара Бабарыкі вядома пра пяць затрыманьняў. Гэта Левон Халатр’ян, Антон Бяленскі, Арцём Панасюк, Дзьмітры Нагайчанка, Андрэй Пазьняк.

Сёньня штаб распаўсюдзіў адказ на абвінавачаньні. У ім тры пункты.

  1. Штаб Віктара Бабарыкі і ўсе прадстаўнікі штабу, упаўнаважаныя рабіць публічныя заявы, заўсёды казалі аб выкарыстаньні толькі законных і мірных дзеяньняў у рамках выбарчай кампаніі і па-за ёю.
  2. Мы сапраўды за апошнія дні страцілі сувязь з многімі валянтэрамі. У нас ёсьць інфармацыя аб затрыманьні пяцёх зь іх.
  3. Мы неаднаразова заяўлялі пра неабходнасьць спыненьня гвалту і лічым, што адказнасьць за тое, што адбываецца, ляжыць на беларускіх уладах.
18:26 12.8.2020

Міністар унутраных справаў Караеў: «Журналістаў не чапаць!»

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі апублікавала заяву аб затрыманьнях журналістаў 9–12 жніўня. Паводле заявы, гэтая тэма «актыўна разьдзімаецца ў інтэрнэт-прасторы».

Як адзначае МУС, «у пераважнай большасьці выпадкаў такіх дастаўленых адпускаюць без складаньня пратаколу». Пра зьбіцьцё, раненьні, разьбітую тэхніку і канфіскацыю картак памяці ў заяве ня згадваюць.

Але адзначаецца, што міністар унутраных справаў Юры Караеў «узяў на асабісты кантроль» пытаньні працы беларускіх журналістаў і акрэдытаваных прадстаўнікоў замежных СМІ.

18:23 12.8.2020

Кіраўнік участковай камісіі ў Віцебску прызнаў, што пасьля перамогі Ціханоўскай камісію прымусілі перапісаць пратакол на карысьць Лукашэнкі

Кіраўнік участковай камісіі № 25 у Віцебску Сяргей Піталенка пазнаў свой голас на стужцы, якая шырока разышлася ў інтэрнэце. На ёй кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебска Сяргей Сташэўскі прымушае сяброў камісіі перапісаць пратакол.

На ўчастку бальшыня прагаласавала за Сьвятлану Ціханоўскую, аднак у аўдыёзапісе чуваць, як кіраўнік адміністрацыі прымушае перапісаць лічбы на карысьць іншага кандыдата.

Кіраўнік участковай камісіі Сяргей Піталенка сказаў карэспандэнту Свабоды, што сябры камісіі вымушаныя былі напісаць лічбы, «якія прадыктавалі». Менавіта першы пратакол, паводле якога перамагала Ціханоўская, сябры камісіі спачатку і вывесілі для азнаямленьня ўсім цікаўным.

17:06 12.8.2020

У Гомлі не хапае месца ў турмах, сваякі шукаюць інфармацыю пра затрыманых

Зьбівалі дзяўчат. У камэрах сядзяць па чатыры на адным ложку. Жыхары Гомля расказваюць пра стаўленьне міліцыі да затрыманых пасьля выбараў 9 жніўня. Паводле неафіцыйных зьвестак, у Гомельскай вобласьці затрымалі ня менш як 700 чалавек.

У Гомлі — чэргі ля ізалятара часовага ўтрыманьня і сьледчага ізалятара. Затрыманым на акцыях пратэсту не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Арыштаваных развозяць адбываць пакараньне ў ІЧУ раённых цэнтраў.

Сваякі затрыманых, якія цяпер стаяць пад ІЧУ, апавядаюць пра зьбіцьцё людзей міліцыяй, пра зьдзекі зь іх у СІЗА.

«Адзін чалавек выйшаў зь СІЗА, яму прысудзілі штраф. Ён кажа, што да суду ня кормяць, людзі суткі ці двое сядзяць галодныя. Перадачы да суду не дазволеныя. Сядзяць па чатыры чалавекі на адным ложку, бо месцаў не хапае, ніхто ня можа спаць», — са сьлязьмі расказала маці аднаго з затрыманых.

17:03 12.8.2020

Абвінавачаны ў арганізацыі беспарадкаў у Менску аказаўся прадаўцом машын

Абвінавачаны ў каардынацыі масавых беспарадкаў у Менску грамадзянін Беларусі аказаўся прадаўцом патрыманых аўтамабіляў. Грошы пры сабе ён меў пасьля закончанай зьдзелкі. Пра гэта пішуць «Открытые медиа», якія пагутарылі з жонкай затрыманага.

Відэа затрыманьня 36-гадовага Міхаіла Сімакова зьявілася раніцай у праўладным беларускім Telegram-канале «Жёлтые сливы». Сьцьвярджаецца, што пры сабе затрыманы меў каля 10 тысяч даляраў гатоўкай. Ён сказаў супрацоўніку міліцыі, што гэтую суму «назапасіў». Пазьней дзяржаўнае беларускае агенцтва БелТА назвала затрыманага «каардынатарам масавых беспарадкаў».

Жонка затрыманага Кацярына сьцьвярджае, што Сімакоў быў затрыманы каля пад’езда ўласнага дому, куды вяртаўся зь дзелавой сустрэчы. Яна кажа, што знойдзеныя ў яго грошы атрыманыя за продаж машыны.

17:01 12.8.2020

«На вашым „сьвяце“ тыранія, гвалт», — дырыжор Сьпівакоў адмовіўся ад ордэна, якім яго ўзнагародзіў Лукашэнка

Савецкі і расейскі дырыжор і скрыпач Уладзімір Сьпівакоў адмовіўся ад Ордэна Францыска Скарыны, які ўручыў яму прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, паведамляе «Коммерсант».

Народны артыст СССР заявіў, што яму сорамна насіць ордэн, зьвязаны з кіраўніком, які стварыў «для свайго народу ўмовы жыцьця, несумяшчальныя з гуманізмам і дэмакратыяй». Пра гэта ён напісаў у адкрытым лісьце да беларускага лідэра.

Уладзіміра Сьпівакова ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны ў 2014 годзе за асаблівыя заслугі ў галіне гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасьці, посьпехі на глебе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, а таксама абароне чалавечай годнасьці і правоў грамадзян Беларусі. Узнагарода была заснаваная ў 1995 годзе, за 25 гадоў ёю адзначылі 230 чалавек, вялікая частка зь іх — грамадзяне Расеі.

16:57 12.8.2020

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо: Беларусы павінны атрымаць свабоды, якіх яны патрабуюць

Беларусы павінны атрымаць «свабоды, якіх яны патрабуюць», — заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, заклікаўшы ўлады Беларусі не прычыняць шкоду ўдзельнікам пратэстаў, паведамляе агенцтва France Press.

«Мы хочам, каб у народу Беларусі былі свабоды, якіх яны патрабуюць і якія, на іх думку, адпавядаюць іх інтарэсам», — сказаў Пампэо падчас візыту ў сталіцу Чэхіі Прагу.

«Мы заклікаем, каб негвалтоўныя пратэстоўцы былі абароненыя, замест таго каб ім прычынялася шкода. Гэта не ў чыіх-небудзь інтарэсах», — сказаў Пампэо ў размове з журналістамі.

Дзяржсакратар ЗША выступаў разам з прэм’ер-міністрам Чэхіі Андрэем Бабішам, які назваў падзеі ў Беларусі «шакавальнымі» пасьля трэцяй ночы пратэстаў у выніку спрэчных выбараў, на якіх прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, паводле афіцыйных уладаў, быў абраны на шосты тэрмін.

16:55 12.8.2020

Дырэктар школы напісаў заяву на звальненьне ў дзень выбараў. Ён быў старшынём участковай камісіі

Яўген Макарэвіч працаваў дырэктарам 22 гады. На ўчастку, дзе ён быў старшынём камісіі, перамогу ў выбарах прэзыдэнта Беларусі атрымала Сьвятлана Ціханоўская.

У дзень выбараў 9 жніўня дырэктар сярэдняй школы № 5 Маладэчна Яўген Макарэвіч напісаў заяву на звальненьне з уласнага жаданьня. Ён узначальваў выбарчую камісію на Старамесным участку № 29. Пасьля падліку галасоў на ім перамагла Сьвятлана Ціханоўская з вынікам 741 голас. У дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі было на 121 голас менш — 620.

Чытаць падрабязна >>>

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG