Напярэдадні выбараў украінцы пачалі паведамляць, што іх не пускаюць у Беларусь
8 жніўня, напярэдадні выбараў прэзыдэнта Беларусі, чытачы ўкраінскага выданьня «Страна» паведамілі, што іх не пускаюць у Беларусь, спыняючы на беларускай мяжы. Не пусьцілі ў Беларусь і журналіста «Страны» Ўлада Баўтрука, які ехаў у Менск. На ўкраінскай мяжы журналісту «Страны» сказалі, што такія выпадкі не адзінкавыя. «Хлопцаў часта не пускаюць. Відаць, баяцца рэвалюцыі», — паведаміў украінскі памежнік.
Міліцыю перавялі на ўзмоцнены варыянт службы, уначы ў Менску бачылі вайсковую тэхніку
Карыстальнікі Tut.by ўначы паведамілі, што заўважылі ў цэнтры Менску вайсковую тэхніку.
Каля Палаца Рэспублікі і Палаца прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску выставілі агароджы, пішуць чытачы выданьня. C чым зьвязаныя такія меры бясьпекі, высьветліць у праваахоўнікаў не ўдалося.
Стала вядома, што супрацоўнікі МУС пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт службы, паведаміў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» прадстаўнік МУС Дзьмітрый Кур’ян. Усе выбарчыя ўчасткі ўзятыя пад кругласутачную ахову.
У Менску перакрылі пад’езды да плошчы Незалежнасьці. ФАТАФАКТ
У Менску 9 жніўня перакрылі пад’езды да плошчы Незалежнасьці. Забаранілі ўезд на вуліцу Берсана, якая знаходзіцца за Домам ураду, на вуліцы Валадарскага нельга паркавацца.
На ўезьдзе ў Менск з боку Маладэчна стаіць машына ДАІ, 2 вайсковыя машыны, людзі ў бронекамізэльках, балаклавах і шаломах. Хуткасьць абмежаваная 20 км/г. Для праезду адкрыта 1 паласа, паведамілі раніцай 9 жніўня відавочцы.