Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэйруце пасьля выбухаў затрымалі 16 супрацоўнікаў порту


Хмарачосы бяз шыбаў у цэнтры Бэйруту два дні пасьля выбуху.
Хмарачосы бяз шыбаў у цэнтры Бэйруту два дні пасьля выбуху.

Сьледзтва хоча высьветліць акалічнасьці, зьвязаныя з выбухамі ў порце лібанскай сталіцы. Паўтара дзясятка супрацоўнікаў порту затрыманыя, яшчэ каля 20 — дапытаныя, паведамляе Deutsche Welle.

Міністэрства аховы здароўя Лібану павялічыла колькасьць загінулых да 149 чалавек.

Пасьля разбуральных выбухаў у порце Бэйруту былі затрыманыя 16 яго супрацоўнікаў. Пра гэта паведаміла ў пятніцу, 6 жніўня, Нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Лібану са спасылкай на вайсковага судзьдзю Фадзі Акікі. Акрамя таго, сьледзтва дапытвае каля 20 чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў кіраўніцтва порту і мытнай службы.

Сьледчыя маюць намер «растлумачыць усе факты, зьвязаныя з катастрофай», падкрэсьліў судзьдзя. Месца здарэньня застанецца закрытым да канца расьсьледаваньня.

У Бэйруце пасьля выбухаў дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Ён уведзены на два тыдні.

Магутныя выбухі адбыліся ў раёне порту лібанскай сталіцы ўвечары 4 жніўня. Міністэрства аховы здароўя заявіла, што загінулі сама менш 149 чалавек. Тысячы жыхароў атрымалі раненьні, палова будынкаў Бэйруту пацярпела, як вынікае з ацэнкі гарадзкіх уладаў.

Дакладныя прычыны выбухаў пакуль невядомыя. Паводле дадзеных ураду Лібану, у порце выбухнулі 2750 тон аміячнай салетры (нітрату амонію). Гэтае рэчыва шэсьць гадоў захоўвалі на складзе, ня дбаючы аб захадах засьцярогі.

Эўразьвяз выдзеліць Лібану экстраныя сродкі ў памеры 33 млн эўра для аднаўленьня краіны. Нямеччына прапанавала Лібану маштабную дапамогу ад бундэсвэру.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон анансаваў хуткае правядзеньне міжнароднай канфэрэнцыі краін-донараў, каб дапамагчы блізкаўсходняй рэспубліцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG