Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва порту ў Бэйруце, дзе адбыўся выбух, узялі пад хатні арышт


Вуліца ў Бэйруце пасьля выбуху ў порце

Урад Лібану 5 жніўня пастанавіў адправіць пад хатні арышт усё кіраўніцтва бэйруцкага порту, пакуль ня выявяць вінаватых у выбуху, які адбыўся ў Бэйруце напярэдадні.

У МУС Лібану паабяцалі, што расьсьледаваньне выбуху будзе працягвацца пяць дзён, а вінаватых абавязкова прыцягнуць да адказнасьці. Хатні арышт азначае забарону на выезд з дому любога, хто датычны да гэтага інцыдэнту. Выкананьне гэтага загаду ўсклалі на войска.

4 жніўня ў партовай частцы Бэйруту прагрымелі два магутныя выбухі, у выніку чаго загінулі ня менш за 135 чалавек, а блізка 5 тысяч чалавек параніла. У радыюсе 10 кілямэтраў ад эпіцэнтру знаходзяцца пашкоджаныя будынкі, вуліцы заваленыя абломкамі будынкаў і перакуленымі аўтамабілямі. Выбуховую хвалю адчулі жыхары Кіпру, што за 240 кілямэтраў ад Бэйруту.

Каля 300 тысяч жыхароў лібанскай сталіцы засталіся бяз даху над галавой, а шкода ад выбуху ацэньваецца як мінімум у 3 мільярды даляраў.

Прычынай выбухаў, як паведамілі раней улады краіны, сталі 2750 тон аміячнай салетры, якая захоўвалася на складзе ў порце. Яе канфіскавалі з карабля Rhosus мытныя службы ў 2014 годзе. Судна пад малдаўскім сьцягам, якое належала ўраджэнцу Хабараўску Ігару Грачушкіну, перавозіла груз салетры з Грузіі для Мазамбіку, але спынілася ў Бэйруце з прычыны непаладак. Пазьней уладальнік судна адмовіўся ад грузу, а экіпаж карабля мусіў некалькі гадоў правесьці ў Лібане: вярнуцца на радзіму яны змаглі толькі нядаўна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG