Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першай рэакцыяй было, што нас нас скінулі бомбу». Беларусы пра выбух, які ператварыў Бэйрут у руіну


Пасьля выбуху ў Бэйруце, 4 жніўня 2020 году

«Дом скаланула так, што баяліся, каб ня склаўся, як шматпавярховікі ў раёне порту. Натуральна, першай рэакцыяй было, што на нас скінулі бомбу — такая сіла выбуху». Беларусы расказваюць, як перажылі катастрофу ў Бэйруце і якія наступствы пагражаюць краіне.

Увечары 4 жніўня ў выніку двух выбухаў у порце сталіцы Лібану загінулі сама меней 100 чалавек, у тым ліку ратавальнікі. Яшчэ сотні лічацца зьніклымі — многіх партовых работнікаў выкінула ў мора, месьцічы пахаваныя пад заваламі. Прыкладна 5 тысяч атрымалі раненьні, некалькі гарадзкіх кварталаў цалкам разбураныя.

Бэйрут пасьля выбуху, 5 жніўня 2020 году
Бэйрут пасьля выбуху, 5 жніўня 2020 году

«Чым бліжэй да эпіцэнтру, тым страшнейшае відовішча»

Паводле папярэдніх зьвестак, прычынай стала дэтанацыя амаль 3 тон аміячнай салетры, партыю якой у 2014 годзе канфіскавалі мытныя службы падчас транзыту ў Афрыку. З таго часу салетра неахайна захоўвалася на неабсталяваным складзе. Паводле экспэртаў, магутнасьць выбуху эквівалентная 1,8 тысячы тон тратылу. Бэйрут прызнаны зонай бедзтва, на два тыдні ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Абвешчаная агульнанацыянальная жалоба.

Свабода апытала беларусаў, якія жывуць у Лібане, як яны перажылі надзвычайнае здарэньне.

Вольга Хабр (у дзявоцтве Грыдзіна) родам зь Менску, але хутка 20 гадоў, як жыве ў Лібане. З будучым мужам Алексам пазнаёміліся ў Італіі: яна студэнтка, ён ужо тады пасьпяховы прадпрымальнік. Беларуска-лібанская пара гадуе дзьвюх дачок: Сафіі 15 гадоў, Сашы — 12.

Сям’я жыве паміж сталіцай Бэйрутам і курортным гарадком Джуні. Мтайлеб — невялікае хрысьціянскае паселішча, трапіць у якое можна праз шлягбаўм з ваенізаванай аховай. Тут месьціцца квартал з рэзыдэнцыямі замежных дыпляматаў, да абраньня прэзыдэнтам тут жыў Мішэль Наім Аун.

Пасьля выбуху ў Бэйруце, від з дрону
Пасьля выбуху ў Бэйруце, від з дрону

З прычыны высокай шчыльнасьці насельніцтва падзел паміж гарадамі збольшага ўмоўны: адзін раён незаўважна перацякае ў іншы, «адбіваюць» іх толькі дарожныя знакі. Таму выбух у гарадзкім порце, ударная хваля якога дакацілася ажно да Кіпру, Мтайлеб накрыў з усёй сваёй сілай.

«Дом скаланула вельмі моцна, баяліся, каб не пайшлі расколіны і ўрэшце не абрынуўся, як складваліся шматпавярховікі ў раёне порту, — расказвае Свабодзе Вольга Хабр. — Натуральна, першай рэакцыяй было, што скінулі бомбу — такая сіла выбуху. Прынамсі, дакладна не ракеты, якія ў памежныя раёны далятаюць з Ізраілю ці Сырыі».

Вольга Хабр з дачкой Сашай на вакацыях у Менску, 2018 год
Вольга Хабр з дачкой Сашай на вакацыях у Менску, 2018 год

«Усё паступала праз порт, а яго няма, суцэльная руіна»

Паводле беларускі, партовая зона Бэйруту практычна разбураная. Блізу 5 тысяч чалавек параненыя, іх лік увесь час прырастае. Сотні дамоў у руінах, ратавальнікі ўжо больш за суткі дастаюць ацалелых і загінулых. Пакуль афіцыйная колькасьць ахвяраў звыш 100, але лічба яўна будзе расьці — зьніклых бязь вестак нашмат болей.

«Параненых неверагодная колькасьць, іх адвозяць у суседнія гарады, сталічныя ўстановы на столькі пацыентаў на разьлічаныя, — працягвае Вольга. — Чула, што нават разьбіваюць часовыя палявыя шпіталі. Чым бліжэй да эпіцэнтру, тым страшнейшае відовішча. Нават калі будынак не разбураны, унутры ўдарнай хваляй усё зьнішчана. Невядома, ці можна туды вярнуцца наогул, хутчэй за ўсё, канструкцыі пашкоджаныя, аварыйныя. Не ўяўляю, куды прытуліць людзей — сотні тысяч бяз даху».

Ратавальнікі нясуць параненага ў выніку выбуху, 4 жніўня 2020 году
Ратавальнікі нясуць параненага ў выніку выбуху, 4 жніўня 2020 году

Пацярпелых разьмяшчаюць у спартыўных залях і школах, прымаюць неабыякавыя людзі. Гарадзкія ўлады паведамляюць, што ў выніку выбуху без прытулку засталіся каля 250 тысяч жыхароў сталіцы, палова адміністрацыйнага раёну ў той ці іншай ступені пашкоджаная. Мэрыя параўноўвае маштаб разбурэньняў з бамбаваньнем Хірасімы і Нагасакі падчас Другой усясьветнай вайны — над горадам нават паднялося воблака ў форме грыба. Адно што без радыяцыйных наступстваў.

«Бэйрут ужо цярпіць ад перабояў з харчамі»

Галоўнае адрозьненьне Лібану ад астатняга арабскага сьвету — у сьвецкім ладзе. Хто прыяжджае з Эўропы, пачуваецца тут як дома. Прамэнад па Бібласе або Джуні, Сайдзе або Тыры сьведчыць, што і тут ёсьць свае тусовачныя месцы, як менская вуліца Зыбіцкая, дзе маладыя людзі адпачываюць на дыскатэках і посьцяць сэлфі ў Інстаграм. З той хіба розьніцай, што замест алькагольных кактэйляў тут — кальян. Самая «гульлівая» — бэйруцкая Хамра-стрыт зь безьліччу кавярняў, гатэляў, бутыкаў.

Ход жыцьця ў Бэйруце сапраўды мала чым адрозьніваецца ад любога эўрапейскага гораду. Сучасныя хмарачосы, модныя молы, адкрытыя твары жыхароў. Нават традыцыйныя мусульманскія кварталы не настолькі кансэрватыўныя, як у тым жа Іране, дзе дрэс-код абавязковы нават для іншаземцаў.

Катастрофа ня толькі парушыла звыклы рытм жыцьця, а вярнула тутэйшых у жахі колішняй вайны. Ужо адчуваюцца перабоі з харчамі — большая частка збожжа захоўвалася на складах у месцы выбуху. Чакаецца дэфіцыт іншых тавараў: краіна вельмі залежыць ад імпарту, які паступаў менавіта праз порт — галоўны шлях сувязі са зьнешнім сьветам.

«Сапраўды, пачынаецца напруга з прадуктамі, — расказвае Вольга Хабр. — Давоз у супэрмаркеты праблематычны, бо ўсё паступала праз порт, а яго практычна няма, суцэльная руіна. Колькі часу запатрабуецца на аднаўленьне інфраструктуры — цяжка сказаць, але пэўна, што нямала... Я чалавек рэлігійны, і яшчэ ў Бібліі падобнае было прадказана — сусьветны апакаліпсіс за грахі чалавецтва. Цяпер тыя прароцтвы пачынаюць збывацца...»

На наступны дзень пасьля выбуху
На наступны дзень пасьля выбуху

«Адчуваньне, што вынік працяглых баявых дзеяньняў»

Сярод будынкаў, якія пацярпелі ад выбуху, таксама аэрапорт Бэйруту, які месьціцца ў блізкім прыгарадзе. Тым ня меней яшчэ адна беларуска — Людміла Батура — не пакідае спадзяваньняў вылецець найбліжэйшым часам у Менск. Тым часам ужо ў першыя гадзіны яна далучылася да валянтэраў, якія ў шпіталях дапамагалі прымаць параненых.

Людміла ўдакладняе, што сама яна жыве за 3 кілямэтры ад эпіцэнтру, але стан кватэры, які можна бачыць на відэа, пакідае ўражаньне, што выбухнула недзе зусім побач.

«Не магу параўнаць з ваеннымі дзеяньнямі, бо ня бачыла іх у рэальнасьці, але так, усё вельмі дрэнна, — дзеліцца са Свабодай Людміла Батура. — У тым раёне Бэйруту, дзе я жыву, усе вокны ў суседніх дамах пабітыя, фасады пашкоджаныя. Карціна вельмі змрочная... Учора я дапамагала прымаць параненых у шпіталі: бальшыня людзей з колатымі ранамі. Пляную сёньня вылятаць у Менск, але наконт дзейнасьці аэрапорту застаюцца пытаньні. Казалі, што пацярпеў, але наколькі — не зразумела».

Бэйрут 5 жніўня
Бэйрут 5 жніўня

Пасьля пачатку вайны ў Сырыі блогерка, перакладчыца, у мінулым закладніца адной з узброеных груповак Анхар Кочнева вымушана перабралася ў Лібан. І хоць здавалася, што пасьля Дамаску маштабамі разбурэньняў яе не зьдзівіць, апакаліптычная карціна ўразіла да глыбіні душы.

«Толькі што вярнулася з бэйруцкага порту: наступствы выбуху жахлівыя, адчуваньне, што вынік працяглых баявых дзеяньняў, — эмацыйна расказвае яна. — Неверагодная колькасьць пацярпелых, куча офісаў і кватэраў проста ў хлам, пра машыны ўжо маўчу — бескарысны мэталалом. Шпіталі Бэйруту перасталі прымаць параненых, рэсурсы хутка скончыліся. Нават на паркоўках не засталося месцаў, каб паставіць часовыя ложкі».

«Абы не дайшло да канфэсійнага супрацьстаяньня»

Як кажа Анхар Кочнева, мясцовыя небеспадстаўна апасаюцца, каб надзвычайнае здарэньне не спарадзіла канфэсійнага супрацьстаяньня, якое можа прывесьці да чарговай грамадзянскай вайны. У Лібане самая вялікая доля хрысьціянскага насельніцтва ў арабскім сьвеце, што дазваляе заставацца сьвецкай дзяржавай. Праўда, апошні афіцыйны перапіс праводзіўся ажно ў 1932 годзе, кожная грамада зацікаўленая ў завышэньні колькасьці сваіх прыхільнікаў. Ад новага маніторынгу рэлігійнай прыналежнасьці ўстрымліваюцца, каб не справакаваць незадаволенасьць.

Падчас выбуху ў Бэйруце
Падчас выбуху ў Бэйруце

На канфэсійнай згодзе грунтуецца нават палітычны лад. Прэзыдэнтам, згодна з Нацыянальным пактам, абіраецца хрысьціянін-мараніт, прэм’ер-міністрам — мусульманін-суніт, сьпікерам парлямэнту — мусульманін-шыіт.

Па кандыдатуры прэзыдэнта не маглі вызначыцца больш за 2 гады, пакуль не знайшлі зручную фігуру — вэтэрана палітыкі Мішэля Ауна. Аднак «абезгалоўленасьць» уладнай піраміды спрыяла ўмацаваньню пазыцый у парлямэнце шыіцкага радыкальнага руху «Хэзбала». Суніты, у сваю чаргу, прасоўваюць кланавасьць: на чале ўраду стаў Саад Харыры, сын забітага ў 2005 годзе прэм’ер-міністра Рафіка Харыры.

Існуе і іншая напружанасьць: 400 тысяч палестынцаў — нашчадкі ўцекачоў, якія знайшлі прытулак у Лібане пасьля абвяшчэньня 70 гадоў таму Дзяржавы Ізраіль — дагэтуль жывуць у лягерах Сабра і Шаціла, адкуль іх у 1982-м выбівала ізраільская армія. Разам з сырыйцамі гэта найбяднейшая частка соцыюму з абмежаваньнем на ўласнасьць і працаўладкаваньне.

Амаль 10 гадоў Лібан застаецца прыфрантавой зонай з Сырыяй. Паводле афіцыйных дадзеных, на двух жыхароў 4-мільённай краіны прыпадае адзін сырыец, што адбіваецца на ўсім ладзе жыцьця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG