Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры выбуху ў Бэйруце пацярпелі тысячы чалавек. Галоўнае

абноўлена

Пасьля выбуху ў Бэйруце, 4 жніўня 2020

У сталіцы Лібану Бэйруце адбыўся магутны выбух, загінулі ня менш за дзесяць чалавек, пацярпелі сотні. Гук быў чуваць за сотні кілямэтраў, нават на Кіпры. Губэрнатар гораду параўнаў гэта зь ядзерным выбухам. Што вядома?

Выбух адбыўся ў партовай частцы Бэйруту, каля чацьвёртай гадзіны па менскім часе. Выбуховая хваля разбурыла бліжэйшыя будынкі і пашкодзіла іншыя ў радыюсе 10 кілямэтраў. Выбух быў чуваць ажно на Кіпры, больш як за 200 кілямэтраў ад Бэйруту, расказалі Радыё Свабода мясцовыя жыхары. Губэрнатар Бэйруту параўнаў выбух зь ядзернымі ўдарамі па Хірасіме і Нагасакі. Паводле ягоных слоў, пашкоджаньні відаць у палове гораду.

Шпіталі Бэйруту не даюць рады. Яны перапоўненыя пацярпелымі, міністар аховы здароўя Хамад Хасан заявіў, што параненых сотні. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 10 чалавек, аднак гэтая лічба можа расьці. Прэм’ер-міністар Лібану Хасан Дыяб ужо абвясьціў сераду, 5 жніўня, днём жалобы ў памяць аб ахвярах выбуху, перадае Agence France-Presse.

Прычынай таго, што здарылася, мог стаць выбух на складзе з канфіскаванымі боепрыпасамі. Першапачатковай прычынай быў названы выбух на складзе піратэхнікі. Затым зьявілася здагадка аб выбуху боепрыпасаў на складзе лібанскай групоўкі «Хезбала». Там паведамілі, што гэтая вэрсія не адпавядае рэчаіснасьці. Крыніцы ў спэцслужбах Ізраілю, які лічыць «Хезбалу» тэрарыстычнай групоўкай, паведамілі, што не наносілі ўдар па Бэйруце. Тое самае паведаміў каналу №12 міністар замежных спраў Ізраілю Габі Ашкеназі.

На відэазапісах відаць, як быў зьнішчаны белы будынак побач з портам. Экспэрты адзначаюць, што гэта элеватар, які мог здэтанаваць пасьля першага выбуху, бо мучная сумесь у такіх будынках звычайна вельмі небясьпечная.

Выбух адбыўся перад важнай палітычнай падзеяй у Лібане. 7 жніўня спэцыяльны трыбунал у Гаазе павінен абвясьціць канчатковы вэрдыкт у справе аб забойстве былога прэм’ер-міністра Рафіка Харыры. Палітык загінуў ад тэракту ў 2005 годзе. Сярод падазраваных — «Хезбала». Тыдзень таму, 28 ліпеня, прэм’ер-міністар Лібану Хасан Дыяб заявіў, што прысуд можа быць выкарыстаны як падстава для распальваньня грамадзянскай вайны ў краіне.

У ліку загінулых — генэральны сакратар хрысьціянскай партыі «Катаіб» Назар Наджар’ян, перадае дзяржаўнае лібанскае агенцтва NNA. «Катаіб» — праціўнік «Хезбалы», супрацьстаяньне дзьвюх партый ня раз прыводзіла да палітычных крызісаў у краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG