Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы правядуць экзыт-полы на большасьці ўчасткаў у замежжы. Як гэта будзе адбывацца


Міхаіл Рубін у Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску

Прэзыдэнцкія выбары на ўчастках у пасольствах або консульствах Беларусі за мяжой будуць праходзіць у 34 краінах. Беларусы замежжа ўжо ў 19 краінах стварылі ініцыятывы, каб правесьці апытаньні каля выбарчых участкаў — экзыт-полы (exit polls). Пра гэты праект расказаў адзін зь яго каардынатараў Міхаіл Рубін — IT-прадпрымальнік і сябра ўправы гарадзкой рады Франкфурту ў Нямеччыне ад правацэнтрысцкай Свабоднай дэмакратычнай партыі.

Сьцісла:

  • Мы кансультаваліся з прафэсійнымі сацыёлягамі, у нас будуць апытальнікі прыблізнага аднаго тыпу і агульная база дадзеных
  • Мы знаходзімся ў прававым полі тых краінаў, дзе ў пасольствах будзе праходзіць галасаваньне. Мы будзем уважліва сачыць за тым, каб валянтэры праводзілі апытаньне не на тэрыторыі, якая належыць пасольству альбо консульству
  • Мы ня ставім задачу аналізаваць атрыманыя лічбы. Але мы дамо нашыя вынікі ў адкрытае карыстаньне, у тым ліку прэсе і ўсім зацікаўленым сацыялягічным арганізацыям
  • Шкадую, што на выбарах у Беларусі ня будзе назіральнікаў ад АБСЭ. Я давяраю ім на 100 працэнтаў, блізка зь імі працаваў — там вельмі кампэтэнтныя людзі
  • Я лічу вельмі важным працэс, які ідзе разам з выбарамі: нараджэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Важна, каб ён не спыняўся, незалежна ад вынікаў выбараў

«Няма каманды, якая б кіравала»

— Ідэя амаль адначасова зьявілася ў выхадцаў зь Беларусі, якія жывуць у Чэхіі, Польшчы, Нідэрляндах і Аўстраліі. Аўстралія — асабліва цікавы выпадак. Там ня будзе выбарчых участкаў, і грамадзяне Беларусі, якія там жывуць, фактычна пазбаўленыя магчымасьці прагаласаваць. Яны ня могуць аддаць свой голас за нейкага кандыдата і таму ня будуць праводзіць экзыт-полаў там на месцы, але яны падтрымліваюць арганізацыю гэтага праекту па ўсім сьвеце.

Паралельна такі ж праект прэзэнтавалі пару тыдняў таму на онлайн-хакатоне, у якім удзельнічалі больш за 300 чалавек практычна з усяго сьвету.

Усё гэта дэцэнтралізавана, а наша ініцыятыўная група проста спрабуе троху скаардынаваць працу. Мы кансультаваліся з прафэсійнымі сацыёлягамі, у нас будуць апытальнікі прыблізнага аднаго тыпу і агульная база дадзеных, куды мы спрабуем сабраць усе найлепшыя напрацоўкі зь месцаў. Але няма каманды, якая б кіравала ці прымала агульныя рашэньні. Асноўныя пытаньні будуць вырашаць каардынатары і арганізатары на месцах.

«Не парушаць законаў Беларусі і краін, дзе будуць апытаньні»

— Каб правесьці экзыт-пол, у Беларусі трэба спэцыяльны дазвол. Але мы знаходзімся ў прававым полі тых краінаў, дзе ў пасольствах будзе праходзіць галасаваньне. Мы будзем уважліва сачыць за тым, каб валянтэры праводзілі апытаньне не на тэрыторыі, якая належыць пасольству альбо консульству. І нават не каля самага ўваходу, а троху ўбаку.

У асноўным ва ўсіх эўрапейскіх ды іншых дэмакратычных краінах на экзыт-полы ня трэба нейкіх дазволаў — іх можа праводзіць любая арганізацыя ці група людзей. У некаторых краінах ёсьць невялікія абмежаваньні. Напрыклад, у Нямеччыне вынікі экзыт-полаў на муніцыпальных, зямельных выбарах ці на выбарах у Бундэстаг нельга агучваць да моманту, калі зачыняцца выбарчыя ўчасткі.

Мы ў любым выпадку не зьбіраемся агучваць вынікі да закрыцьця выбарчых участкаў у Беларусі. Наш агульны прынцып — каб не было парушэньня ні законаў Рэспублікі Беларусь, ні законаў тых краін, дзе будуць праходзіць апытаньні. І сам працэс апытваньня павінен быць незалежны і празрысты.

Міхаіл Рубін з маці на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт 26 траўня 2019
Міхаіл Рубін з маці на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт 26 траўня 2019

Да прыкладу, наш каардынатар у Расеі сьпісваўся з такімі сацыёлягамі, як Грыгоры Юдзін (старшы навуковы супрацоўнік лябараторыі сацыялягічных дасьледаваньняў Вышэйшай школы эканомікі); Уладзімір Ягораў (каардынатар ініцыятывы «Галасы»); Алег Рэут (кіраўнік экспэртна-кансультацыйнай групы пры старшыні ЦВК у Карэліі) — і пытаўся пра законнасьць. Праводзіць экзыт-полы законна, бо яны робяцца не падчас выбараў у Расеі і не на тэрыторыі амбасады Беларусі. Экзыт-пол не зьяўляецца агітацыяй і пікетам, бо гэта апытаньне грамадзян бязь нейкай палітычнай агітацыі. Таксама наш каардынатар папярэдзіў полк паліцыі па ахове дыпляматычных прадстаўніцтваў і само пасольства.

«Ня ставім задачу аналізаваць атрыманыя лічбы»

— Мы хочам прытрымлівацца прынцыпаў клясычнага экзыт-полу і зьбіраць статыстычную інфармацыю. Мы ня ставім задачу аналізаваць атрыманыя лічбы ці параўноўваць іх з афіцыйнымі, якія будуць агучаныя па канкрэтных участках, дзе адбудуцца апытаньні. Але мы дамо нашыя вынікі ў адкрытае карыстаньне, у тым ліку прэсе і ўсім зацікаўленым сацыялягічным арганізацыям.

Я чуў, што паводле статыстыкі галасаваньне беларусаў за мяжой і ўнутры краіны моцна адрозьніваецца. Праз тыдзень мы пабачым, ці будзе так цяпер. Чамусьці мне здаецца, што гэтым разам ня будзе такога вялікага адрозьненьня.

Мы хочам быць на 100 працэнтаў нэўтральнымі, неперадузятымі, і мы не працуем супраць выбарчых камісій у пасольствах і консульствах. Наадварот — мы хочам працаваць разам зь імі і хочам нашымі зьвесткамі пацьвердзіць тыя лічбы, якія будуць агучаныя пасьля выбараў. Мы інфармуем іх усіх пра наш праект. У глыбіні душы я ўпэўнены, што ў нас ня будзе вялікага разыходжаньня, а мо і зусім ня будзе.

«Шкада, што ня будзе назіральнікаў ад АБСЭ»

— У Нямеччыне даволі рознае выбарчае заканадаўства ў залежнасьці ад таго, якія выбары праводзяцца — муніцыпальныя, зямельныя, у Бундэстаг ці ў Эўрапарлямэнт. У беларускім заканадаўстве няма магчымасьці дыстанцыйнага галасаваньня, а значная частка нямецкіх выбарнікаў гэтым карыстаецца. Па-другое, у Нямеччыне нават ня трэба зьбіраць подпісы, каб вылучыцца ў выбарчую камісію. Тут звычайна не хапае людзей у камісіі.

Міхаіл Рубін з жонкай на муніцыпальных выбарах 2017 году
Міхаіл Рубін з жонкай на муніцыпальных выбарах 2017 году

У Беларусі гэта прыгожа выглядае на паперы, але на практыцы, як я зразумеў, камісіі больш фармуюцца адміністрацыйным шляхам. Мне здаецца, што тут трэба ня столькі мяняць заканадаўства, а хутчэй яго дакладна прытрымлівацца, Само па сабе яно не такое і кепскае. У нямецкім заканадаўстве таксама не прапісана, што прадстаўнікі партый павінны ўдзельнічаць у выбарчых камісіях, але на практыцы так атрымліваецца, бо гэтыя людзі палітычна актыўныя і гатовыя працаваць.

Пытаньне назіральнікаў за выбарамі таксама вельмі важнае. Асабіста я вельмі шкадую, што на выбарах у Беларусі ня будзе назіральнікаў ад АБСЭ. Не ўдаючыся ў падрабязнасьці, хто там каго запрасіў ці не, мне вельмі шкада, што ня будзе незалежных назіральнікаў. Я давяраю назіральнікам АБСЭ на 100 працэнтаў, блізка зь імі працаваў — там вельмі кампэтэнтныя людзі.

«Грамадзянская супольнасьць павінна разьвівацца далей»

— Я нарадзіўся і вырас у Віцебску, зьехаў адтуль у Нямеччыну ў 24 гады. Якраз сёлета будзе паўжыцьця ў Нямеччыне. Я ніколі ня рваў сувязі зь Беларусьсю, зь сябрамі, вельмі часта там бываю. У мяне застаўся беларускі пашпарт, і я стараюся ніколі не прапускаць выбары. Сёлета мне яшчэ трэба будзе прыняць цяжкае рашэньне: ці ехаць галасаваць у пасольства ў Бэрлін або ў консульства ў Мюнхэне, ці цалкам прысьвяціць дзень галасаваньня каардынацыі гэтага вялікага цікавага праекту, які цяпер захапіў частку майго жыцьця.

Мне б хацелася, каб у палітычна актыўных людзей першая думка пра Беларусь не была: «А, гэта тая самая краіна, празь якую ў Эўропе дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне». Каб такой думкі не было ў маіх партыйных калегаў, калегаў па бізнэсе, калі я ім расказваю пра сваю радзіму. Я вельмі спадзяюся, што Беларусь увядзе мараторый, а яшчэ лепш — скасуе яго. І тады ўся Эўропа будзе вольная ад сьмяротных пакараньняў.

Я лічу вельмі важным працэс, які ідзе разам з выбарамі: нараджэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Важна, каб ён не спыняўся, незалежна ад вынікаў выбараў. Грамадзянская супольнасьць павінна разьвівацца далей, і я ўпэўнены, што Беларусь зойме годнае месца сярод дэмакратычных эўрапейскіх краін.

Сьпіс краін, дзе ёсьць ініцыятывы правесьці экзыт-полы:

  1. Бэльгія
  2. Вялікая Брытанія
  3. Гішпанія
  4. Грузія
  5. ЗША
  6. Італія
  7. Канада
  8. Літва
  9. Нідэрлянды
  10. Нямеччына
  11. Польшча
  12. Расея
  13. Украіна
  14. Фінляндыя
  15. Францыя
  16. Чэхія
  17. Швайцарыя
  18. Швэцыя
  19. Эстонія
Лягатып праекту
Лягатып праекту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG