Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пачалася, разьвівалася і развалілася «справа Белага легіёну»


Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага бярэта», сярэдзіна 1990-х

Ніводзін зь яе фігурантаў не атрымаў рэальнага тэрміну зьняволеньня і нават ня быў асуджаны. Справядлівасьці яны дамагаюцца дагэтуль.

29 ліпеня агенцтва БелТА паведаміла пра затрыманьне 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі ў лесе пад Менскам. На момант публікацыі гэтага артыкула абяцаныя падрабязнасьці справы застаюцца невядомымі. Маўчаць і прэс-службы асноўных сілавых ведамстваў, чые супрацоўнікі тэарэтычна маглі ўдзельнічаць у спэцапэрацыі па затрыманьні злачынцаў.

Свабода ўзгадвае пра так званую «справу Белага легіёну», у якой таксама фігуравалі баевікі і нават прарыў празь дзяржаўную мяжу на загружаным зброяй джыпе. І якую ўжо празь некалькі месяцаў пасьля гучных загалоўкаў у дзяржаўных СМІ спынілі. А пасьля ўвогуле закрылі.

З чаго ўсё пачалося?

20 сакавіка 2017 году ў дзяржаўных СМІ са спасылкай на Памежны камітэт зьявілася інфармацыя пра загружаны зброяй джып, які спрабаваў прарвацца праз украінска-беларускую мяжу. Паводле афіцыйнай інфармацыі, памежнікі адкрылі па парушальніках агонь. У выніку прастрэлены джып спыніўся на лясной дарозе, яго пасажыраў затрымалі на месцы, а кіроўца ўцёк.

Празь некалькі дзён украінскі бок афіцыйна паведаміў, што на тэрыторыі Ўкраіны падобны аўтамабіль заўважаны ня быў. Пасьля зьявілася ўдакладненьне, што джып мог ехаць не з Украіны, а зь беларускай вёскі ў нэўтральнай зоне паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Аўтамабіль са сьлядамі ад куляў некалькі разоў паказалі ў навінах, а пасьля яго сьлед губляецца. Як і сьляды яго пасажыраў. Пра крымінальны альбо адміністратыўны працэс па гэтай справе нічога невядома дагэтуль.

Затрыманьні «баевікоў»

Назаўтра пасьля «прарыву дзяржаўнай мяжы» Аляксандар Лукашэнка выступіў з заявай аб затрыманьні «дзясяткаў баевікоў», якія намагаліся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне напярэдадні чарговага сьвяткаваньня Дня Волі.

Самі затрыманьні пачаліся празь некалькі гадзін пасьля заявы кіраўніка дзяржавы. 21–22 сакавіка па ўсёй краіне былі затрыманыя больш за два дзясяткі чалавек. У тым ліку адзін з колішніх арганізатараў «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі, былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, а таксама спэцназавец Вячаслаў Дукшт, супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МНС Андрэй Дундукоў, памежнік Ільля Грэк і іншыя. Затрыманьні суправаджаліся дэманстрацыяй на дзяржаўных каналах «спэцрасьсьледаваньняў», дзе «Белы легіён», якога даўно не існуе, называўся фашысцкай арганізацыяй, а саміх затрыманых абвінавачвалі ў плянаваньні масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны.

Затрыманьні па «справе Белага легіёну» працягнуліся і пасьля Дня Волі, на якім «масавых беспарадкаў» не было. Агулам да 3 красавіка 2017 году фігурантамі справы сталі 35 чалавек, 20 зь якіх абвінавацілі таксама ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні.

Сьледзтва

13 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што «пакуль заўчасна гаварыць пра тое, што справа дойдзе да суду». Праз тры дні пасьля гэтага КДБ спыніў справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў (застаўся толькі ўдзел у незаконным узброеным фармаваньні). Усе матэрыялы перадалі ў Сьледчы камітэт.

Апошнія фігуранты «справы Белага легіёну» выйшлі на свабоду 30 чэрвеня 2017 году. Сярод іх быў Міраслаў Лазоўскі, які правёў за кратамі больш як тры месяцы.

27 лістапада 2017 году Сьледчы камітэт афіцыйна спыніў сьледзтва па «справе Белага легіёну», а яе матэрыялы перадалі ў пракуратуру «для ацэнкі». З таго часу больш пра іх нічога не вядома.

«Падчас папярэдняга расьсьледаваньня ўстаноўлена, што названыя дзеяньні абвінавачаных не былі накіраваныя на гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы, а таксама на зьдзяйсьненьне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзеяньняў, — адзначалася ў паведамленьні СК аб закрыцьці „справы Белага легіёну“. — Дзеяньні абвінавачаных ня маюць прыкмет грамадзкай небясьпекі, уласьцівай злачынству, бо не прычынілі істотнай шкоды інтарэсам і грамадзкім адносінам, якія ахоўваюцца крымінальным законам».

Што далей?

На пачатку 2020 году ў Камітэце правоў чалавека ААН быў зарэгістраваны зварот былых фігурантаў справы «Белага легіёну» Віктара Данілава, Андрэя Дундукова, Віктара Мароза і Сяргея Стрыбульскага. КПЧ пасьля разгляду звароту накіраваў пытаньні афіцыйнаму Менску.

У адказе беларускіх уладаў адзначалася, што Беларусь настойвае на тым, што затрыманьне і ўзяцьце пад варту фігурантаў «справы Белага легіёну» былі «абгрунтаванымі». Там таксама адзначаецца, што супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні да фігурантаў «не пацьвердзіліся», а пытаньне аб выплаце ім кампэнсацыі разглядалася нацыянальнымі судамі, якія прыйшлі да высновы, што былыя фігуранты «справы Белага легіёну» ня маюць права на пакрыцьцё шкоды.

Што такое «Белы легіён»

Незарэгістраваная арганізацыя «Белы легіён» была заснаваная на пачатку 1990‑х гадоў чальцамі моладзевага крыла зьліквідаванага Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ).

У 90-я гады колькасьць чальцоў «Белага легіёну» не перавышала 200 чалавек. Яны бралі ўдзел у штогадовых спартовых зборах і летніках у розных кутках Беларусі. Мэтай арганізацыі абвяшчалася абарона незалежнасьці Беларусі, якая апынулася пад пагрозай праз падпісаньне саюзных дамоваў з Расеяй.

Чальцы арганізацыі ўдзельнічалі ў маніфэстацыі «Марш Свабоды» 17 кастрычніка 1999 году, якая скончылася сутычкамі зь міліцыяй на рагу вуліц Фрунзэ і Першамайскай. Тады 20 тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы Менску, каб запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых палітыкаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у выніку акцыі 53 міліцыянты атрымалі пашкоджаньні.

На пачатку 2000-х гадоў арганізацыя аб’явіла аб спыненьні свайго існаваньня за фармулёўкай «адсутнасьць грамадзкай неабходнасьці ў баявой арганізацыі нацыяналістаў, бо небясьпекі сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь больш не існуе». Пасьля гэтай заявы арганізацыя фактычна спыніла сваю публічную дзейнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG