Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскаму прысудзілі чарговыя 15 сутак


Сяргей Ціханоўскі ўдзельнічаў у судзе 23 ліпеня празь відэасувязь

У Магілёве 23 ліпеня за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу асудзілі Сяргея Ціханоўскага, зьняволенага блогера і кіраўніка штабу кандыдаткі на прэзыдэнцтва Ціханоўскай.

Мітынг адбыўся ў Магілёве яшчэ 27 траўня, падчас выбарчага пікету альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Цяпер Сяргея Ціханоўскага трымаюць у сьледчым ізалятары Менску як абвінавачанага ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

На разглядзе адміністрацыйнай справы Ленінскім судом Магілёва ён сваю пазыцыю адстойваў у фармаце відэаканфэрэнцыі.

Згодна з матэрыяламі справы, Ціханоўскі хадзіў па пляцоўцы каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Атрыюм», гутарыў зь людзьмі, выказваў незадаволенасьць дзейнай уладай, выкрыкваў «Стоп таракан» ды «Жыве Беларусь».

Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ціханоўскага
Людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ціханоўскага

Сваёй віны Ціханоўскі не прызнаў. Ён заявіў, што не гатовы ўдзельнічаць у працэсе, бо не знаёміўся з матэрыяламі справы, а пра сам працэс даведаўся, калі яго вывелі з камэры. Акрамя таго, зазнаў маральны ціск, бо яго распранулі ў прысутнасьці шасьці супрацоўнікаў ізалятара. Прасіў судзьдзю Алену Літвіну адкласьці працэс на іншы дзень, тая хадайніцтва не задаволіла.

Абвінавачаны не адмаўляў, што ўдзельнічаў у выбарчым пікеце сваёй жонкі, бо меў на тое права як кіраўнік яе ініцыятыўнай групы. Да яго не было прэтэнзіяў з боку міліцыі і гарадзкой улады.

Гэта вынікала з паказаньняў аднаго са сьведак, супрацоўніка Ленінскага аддзелу міліцыі Аляксандра Тамашова. Міліцыянт ня здолеў адказаць на пытаньне абвінавачанага, чаму той не прадухіліў ягонае правапарушэньне, хоць і знаходзіўся разам зь іншымі супрацоўнікамі на месцы выбарчых пікетаў.

У суд пусьцілі ня ўсіх
У суд пусьцілі ня ўсіх

Адвакат Ціханоўскага Віктар Мацкевіч прасіў судзьдзю спыніць адміністрацыйны перасьлед праз адсутнасьць у дзеяньнях падабароннага складу правапарушэньня. Паводле яго, выбарчае права дазваляе ўдзельнікам выбарчай кампаніі крытыкаваць уладу і прыцягваць прыхільнікаў.

Ён даводзіў, што Ціханоўскі ня мусіў інфармаваць уладу пра пікетаваньне, бо быў кіраўніком ініцыятыўнай групы, а месца пікету не было забароненае.

Судзьдзя, аднак, палічыла віну Ціханоўскага даказанай і пакарала яго 15 суткамі арышту.

Падтрымаць блогера прыйшлі больш за 50 ягоных прыхільнікаў. Прысутнічаць на працэсе дазволілі дваццаці. Абмежаваньні патлумачылі складанай эпідэміялягічнай сытуацыяй. Пры гэтым судзьдзя і сакратаркі былі бяз масак.

Перад праглядам відэаматэрыялаў судзьдзя выдаліла ўсіх прысутных за нібыта парушэньне парадку. Засталіся толькі журналісты.

На вырак судзьдзі Літвіной Ціханоўскі адрэагаваў фразай: «Сорамна, што ў нас такія суды».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (у сувязі з падзеямі ў Горадні 29 траўня, калі Ціханоўскага затрымалі),

перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі (заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына),

распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці, учыненае групай асобаў або якое спрычынілася празь неасьцярожнасьць да сьмерці чалавека або іншых цяжкіх наступстваў (да 12 гадоў зьняволеньня).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG