Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пандэмія вярнулася на выбарчыя ўчасткі


Каранавірус SARS-CoV-2 пад мікраскопам

Каранавірус вярнуўся ў Беларусь і атакаваць будзе найперш тых, хто зьбіраецца быць назіральніцамі і назіральнікамі на выбарах. Такую выснову можна зрабіць з сёньняшняй заявы Лідзіі Ярмошынай, што колькасьць назіральнікаў на ўчастках трэба абмежаваць праз кепскую эпідэмічную абстаноўку.

У асноўны дзень выбараў на ўчастку будзе ня больш за пяць назіральніц і назіральнікаў (але не больш за 50% ад колькасьці людзей у выбарчай камісіі), у дні датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры.

«Гэта бясьпека ня толькі чальцоў камісіі, але і назіральнікаў, якія знаходзяцца там усьцяж. Так, будуць праветрываньні і прыборкі, але нельга ж спыніць працэс галасаваньня для нейкіх праветрываньняў і прыборак. І потым хачу падкрэсьліць, што і эпідэміялягічная абстаноўка, і тая фізычная і маральная, якая неабходна чальцам выбарчых камісій, каб яны не адчувалі маральнага, эмацыйнага і фізычнага ціску, — яна ім папросту неабходная», — сказала старшыня ЦВК.

Як усё ж цікава актывізуецца каранавірус у Беларусі! Пэўна, варта гэта дасьледаваць эпідэміёлягам. Калі цяперашні прэзыдэнт хоча падвысіць уласны рэйтынг, дык пандэмія абвяшчаецца пераможанай, а як людзі хочуць назіраць за выбарамі, дык у нас зноўку «складаная эпідэміялягічная абстаноўка». Каранавірус не замінаў праводзіць парад 9 траўня, Славянскі базар і Купальле ў Александрыі, але ёсьць нагодай забараніць перадачы для затрыманых, не пускаць адвакатаў да кліентаў, адмяніць партнэрскія роды ў лякарнях.

Пандэмія чарговы раз паказала, што ў нашай краіне ёсьць «больш вартыя» і «меншы вартыя людзі». І калі больш вартым чагосьці вельмі хочацца, менш вартым даводзіцца падладжвацца. А выбары робяцца яшчэ адным пацьверджаньнем гэтай ідэі.

Герархія вымалёўваецца наступная: самыя галоўныя людзі ў выбарчым працэсе — гэта чальцы выбарчых камісій, за імі ідуць пастаянныя назіральнікі, за імі — выбарнікі, і ў самым хвасьце плятуцца «часовыя» назіральнікі за выбарамі. Ярмошына абмяжоўвае колькасьць назіральнікаў, бо хвалюецца за фізычны і псыхалягічны камфорт камісіі, а таксама пастаянных назіральнікаў.

Ад выбарнікаў у прынцыпе пазбавіцца цяжка, так што іх (нас) даводзіцца — прынамсі, пакуль што — проста цярпець, а вось «звычайных» назіральнікаў можна і абмежаваць. Не хапала яшчэ, каб камісія працавала пад наглядам.

Місію АБСЭ вырашылі ўвогуле не запрашаць. Няма людзей — няма праблемы.

І ўсё ж клопат Лідзіі Ярмошынай пра псыхалягічны камфорт чальцоў камісій выглядае прыблізна так жа, як драматычныя аповеды пра пакалечаных на мірных пратэстах амапаўцаў, якіх давялося шпіталізаваць з — які жах — абдзерынамі.

Так і хочацца запытацца: «Вам там ня холадна на вышыні вашых маральных устояў?».

Аказваецца, гэта чальцы камісій працуюць у псыхалягічна складаных умовах. А з намі ўсё ў парадку. Ну падумаеш, аднаго кандыдата затрымалі, каб не зарэгістраваў ініцыятыўную групу, аднаго адправілі за краты ў прэсе збору подпісаў, і яшчэ аднаго проста не зарэгістравалі. Падумаеш, ЦВК адмовілася лічыць сапраўднымі сотні тысяч подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў. Падумаеш, кандыдатцы ў кандыдаткі пагражалі, што адбяруць у яе дзяцей. Падумаеш, амапаўцы ў форме і мужчыны ў цывільным затрымлівалі і зьбівалі ні ў чым не вінаватых людзей па ўсёй Беларусі.

Гэта ўсё драбяза. А вось заклікі да выбарчых камісій не фальсыфікаваць выбары — гэта сапраўдны псыхалягічны ціск. Страшна ўявіць, праз што даводзіцца праходзіць гэтым адважным людзям, якія будуць «лічыць» нашы галасы.

І ўсё ж дзіўна, што ЦВК не дадумалася забараніць выбаршчыкам уваход на ўчасткі. Так чальцам камісій працавалася б яшчэ спакайней.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG