Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра каранавірус: «Нас бы штабэлямі складвалі», каб ня добрая беларуская мэдыцына


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з жыхарамі Гомля, 21 ліпеня
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з жыхарамі Гомля, 21 ліпеня

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Гомлі 21 ліпеня заявіў, што краіна «справілася» з эпідэміяй COVID-19, бо за дзень да таго «было пнэўманіяў усяго за суткі 53» (у Гомлі ці па ўсёй краіне, не ўдакладняў). Фрагмэнт прамовы паказаў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1».

«Асноўны ўпор — ахова здароўя, асноўны клопат — гэта лячэньне людзей, — казаў Лукашэнка. — І не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло. Вось гэтая пандэмія нас падштурхнула да гэтага».

На думку Лукашэнкі, з эпідэміяй ужо «справіліся» таму, што ўдзялялі сур’ёзную ўвагу сыстэме аховы здароўя і «не закрылі інфэкцыйных лякарняў, маем добрую мэдычную адукацыю». Ён падзякаваў лекарам — «прыгажунам, дзяўчаты ў асноўным лекары» — за тое, што яны «навучыліся» лячыць COVID-19 без вакцынаў і лекаў.

«А ўсе кажуць, што ў нас ахова здароўя кепская, лекары ніякія, адукацыя мэдычная ніякая, — разважаў Лукашэнка. — Калі б гэтага не было, нас бы штабэлямі складвалі, як гэта было ў прасунутых Італіі, Гішпаніі, Францыі, Вялікай Брытаніі і Амэрыцы. У нас гэтага не адбылося толькі таму, што ў нас ёсьць армія талковых людзей у белых халатах, якія змаглі перамагчы гэтую хваробу».

На момант публікацыі ў сьвеце не існуе даказана дзейсных лекаў супраць COVID-19 і правераных вакцынаў ад вірусу SARS-CoV-2, ёсьць толькі экспэрымэнтальныя лекі і вакцыны зь недаказанай эфэктыўнасьцю.

У Беларусі з пачатку эпідэміі прызналі звыш 66 тысяч выпадкаў COVID-19 і звыш 500 сьмерцяў інфікаваных. У апошнія 11 дзён афіцыйна паведамляюць пра менш як 200 выяўленых выпадкаў і 4–6 сьмерцяў на дзень. Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Беларусь знаходзіцца на 8-м месцы ў Эўропе ў распаўсюджаньні COVID-19 і на 20-м у колькасьці сьмерцяў. З разьліку на мільён жыхароў Беларусь шостая ў Эўропе ў пашырэньні вірусу (хворых на мільён чалавек больш, чым у Італіі, Гішпаніі, Францыі, Вялікай Брытаніі), і знаходзіцца на 30-м месцы ў сьмяротнасьці на душу насельніцтва.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG