Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзецца арыгінальна, з густам і па-беларуску? Адказваюць дызайнэры


Як спалучыць нацыянальныя элемэнты ў сучасным вобразе? Як убрацца модна і з выразным беларускім акцэнтам? Пагаварылі з дызайнэрамі папулярных беларускацэнтрычных брэндаў.

Kanva: «Не турбуйцеся думкаю навакольных пра ваш выгляд»

Саламяныя завушніцы, прынты па маляванках Язэпа Драздовіча — гэта ўсё пра адзін з самых яскравых беларускіх брэндаў Kanva.

«Ёсьць глябальныя трэнды, якія ўплываюць на грамадзтва і задаюць мікратрэнды. Цяпер модна быць сабой і адстойваць свае правы, клапаціцца пра экалёгію і навакольнае асяродзьдзе, падтрымліваць лякальную культуру, весьці здаровы лад жыцьця. Не турбуйцеся думкаю навакольных пра ваш выгляд, падглядайце за кумірамі і вядучымі брэндамі, падпішыцеся на нішавыя мэдыя», — раіць заснавальніца брэнду Анастасія Васючэнка.

Брэнд ствараўся ў 2018 годзе, калі адзначалася 130-годзьдзе беларускага мастака, пісьменьніка і этнографа Язэпа Драздовіча. Гэтая інфанагода заахвоціла паглыбіцца ў ягоную творчасьць, стварыць калекцыю па яе матывах і зладзіць паказ, кажа суразмоўца.

«Натхнялася я яго касьмічнымі картамі, маляванкамі, этнаграфічнымі замалёўкамі. Гэта стала загалоўнай тэмай брэнда. Я доўга працавала зь яго спадчынай, пасьля першай калекцыі запусьціла яшчэ некалькі капсул, разьвіваючы розныя напрамкі».

Адны з самых прыкметных прадметаў у калекцыі — саламяныя аксэсуары. Па іх адразу пазнаеш дызайнэра і марку.

«Хацелася дадаць народнасьці, і саломка ўдала ўвайшла ў агульную канцэпцыю. Але я і ня думала, што саламяная тэма атрымае такое разьвіцьцё. Завушніцы, каралі, сумачкі з саломы сталі адметнай рысай маркі. Я даю традыцыйнаму матэрыялу новае гучаньне ў актуальных формах».

Дызайнэрка ўдзельнічала ў шматлікіх творчых праектах, стварала калекцыю «Горад Сонца» для Mark Formelle, распрацоўвала сэрыю для LSTR да 80-годзьдзя Нацыянальнага мастацкага музэю.

«Занадта шмат шуму вакол — губляеш сябе. Адзеньне цяпер — гэта пра пасланьне ў масы, а ня проста рэчы. У наш складаны час мы асабліва гэта адчуваем», — кажа дызайнэрка.

Паводле яе, каб густоўна апрануцца з «дэталямі этнікі», варта пазьбягаць «поўнага цытаваньня», бо ёсьць рызыка зрабіцца падобным да ўдзельніка народнага ансамблю.

«Абавязкова спалучайце з паўсядзённым і трэндавым, працуйце на кантрасьце. Выбірайце не агрэсіўную сымболіку, а стылізаваныя ноткі. Я стараюся тонка ўплятаць культурны код у вопратку так, што часам гэты пасыл не расшыфруеш без спэцыяльных ведаў. Рэч атрымліваецца эмацыйна зараджаная, але не крычыць пра сябе».

Muraška Adziennie «На такія рэчы заўсёды будзе попыт, бо гэта пра каштоўнасьці»

Украінка Аксана Ціпліцкая і беларуска Марына Ахмедава ствараюць яркія хусткі па матывах расьпісных дываноў Алены Кіш.

«Калі мы пачыналі тры гады таму, гэта для Беларусі было новае: і апрацоўка мастацтва, і тэма Алены Кіш, і намаганьне рабіць якасны, а значыцца, нятанны, нямасавы прадукт», — кажуць заснавальніцы.

Марына і Аксана прызнаюцца, што ня раз сутыкаліся з думкай, што іх рэчы толькі для заможных, але гэта ня так. Купляюць студэнткі, дыпляматкі, бухгальтаркі, жанчыны ў дэкрэце, беларускі і замежніцы — гэта яшчэ і людзі абсалютна рознага ўзросту, якія паважаюць мастацтва, разумеюць, што такое інтэрпрэтацыя.

«На такія рэчы заўсёды будзе попыт, бо гэта пра каштоўнасьці. З намі людзі, якія іх ведаюць, разумеюць і падзяляюць», — кажуць дызайнэркі.

«Будзьма»

Зусім нядаўна кампанія «Будзьма беларусамі» выпусьціла калекцыю шалікаў і хустак па матывах слуцкіх паясоў. Такая ідэя нарадзілася ў каардынатарак Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай, а дызайн распрацавала мастачка Ганна Калтовіч.

Варыяцый, як насіць шалікі і хусткі, мноства, галоўнае — даць волю ўяўленьню. Напрыклад, жанчыны могуць рабіць чалму на галаве, насіць на таліі ці замест рэменя, завязваць у выглядзе топа.

Мужчыны могуць такім шалікам замяніць гальштук ці таксама павязаць на пояс, як рабіла сармацкая шляхта — таксама продкі беларусаў.

Акрамя шалікаў, па слуцкіх матывах зрабілі спадніцы, якія будуць арганічна спалучацца як з красоўкамі, так і з туфлямі, калі хочацца зрабіць больш сьвяточны вобраз.

«Рагна»: «Мы назіраем зварот да родавых, нацыянальных каштоўнасьцяў»

У этнакраме «Рагна» можна знайсьці запамінальныя цішоткі з выцінанкамі. Іх асаблівасьць — у колерах і арыгінальным прынце, які, з аднаго боку, ярка выдзяляе з натоўпу, а зь іншага — добра міксуецца з розным адзеньнем.

Дырэктар крамы Ігар Міхна кажа, што сярод пакупнікоў ёсьць і моладзь, і прадстаўнікі старэйшага пакаленьня, любяць наведваць яе і замежнікі.

«Род, сям’я — галоўныя, вечныя этнічныя каштоўнасьці, у іх людзі мелі адказы на духоўныя і матэрыяльныя жыцьцёвыя пытаньні. Вось і цяпер мы назіраем зварот да родавых, нацыянальных каштоўнасьцяў. Наводзіць парадак у сваёй галаве, у сваім целе і вакол сябе мусім самі».

«Князь Вітаўт»

Ільняныя сукенкі з арнамэнтам, вышымайкі і вопратка з нацыянальнай сымболікай. Крама вельмі падобная да Symbal.by, але месьціцца ня ў Менску, а на цэнтральнай вуліцы Берасьця. Дарэчы, ідэя адкрыцьця прыйшла пасьля жорсткага Дня Волі ў Менску ў 2017 годзе. «Мы ведаем, што ўлады, на жаль, не зацікаўленыя ў нацыянальнай самасьвядомасьці грамадзян, і чалавек, які носіць на грудзях нацыянальны герб (дарэчы, афіцыйна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю), — аўтаматычна запісваецца ў апазыцыю ці наогул лічыцца ворагам для ўладаў. Мы хочам гэта зьмяніць», — тлумачыць саўладальнік крамы Алег Чапараў.

З ростам палітычнай актыўнасьці, зьвязанай з выбарамі, набываюць больш самых розных рэчаў — ад запальнічак ці алоўкаў з «Пагоняй» да цішотак з арнамэнтам, ад кніг па гісторыі ВКЛ, БНР да эксклюзіўных вырабаў са скуры ці сьвітшотаў, вышыванак, кажа Алег.

Паводле яго, «людзі імкнуцца ведаць свае карані, сапраўдную гісторыю, сваіх герояў, традыцыі».

Дык што ж прапануюць з адзеньня? Найперш гэта цішоткі ды байкі зь яркімі прынтамі.

Вельмі густоўна будуць выглядаць і ільняныя сукенкі мінімалістычнай канструкцыі, зь яркімі колерамі, якія робяць іх адметнымі.

«Для тых, хто ня хоча моцна выдзяляцца, але імкнецца да ўсяго беларускага, можам параіць пачаць з малога, бо пачынаць зь нечага трэба: маем шмат рэчаў зь мінімалістычнымі нанясеньнямі старажытных беларускіх арнамэнтаў, з нягучнымі, але з сэнсам падабранымі надпісамі на беларускай мове, з выявамі пушчанскага зубра або прыгожых буслоў».

Fainy.by

Брэнд для тых, хто вельмі любіць кветкі ці каму проста хочацца пяшчоты і цеплыні.

Рэчы пераважна ў рамантычным стылі, з дадаткам элемэнтаў беларускасьці — выцінанак, птушак, валошак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG