Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПераЖыве Беларусь». Якія крэатыўныя маскі прыдумалі і самі шыюць беларусы


Каманда Symbal.by цяпер шые маскі для шматразовага выкарыстаньня

Беларусы адрэагавалі на пандэмію крэатыўнымі маскамі — усе адрозьніваюцца па выглядзе, матэрыялах і кошце. Іх шыюць і прафэсійныя дызайнэры, і звычайныя людзі.

Нас крута падтрымалі чытачы і кліенты. Але не дзяржава

Кампанія Symbal.by адшывае маскі для сваіх пакупнікоў і на дапамогу мэдыкам.

«Актыўна завітваць і пытацца пра маскі ў нашай краме Symbal.by пачалі адразу, як разьляцелася па СМІ інфармацыя пра першы выпадак у студэнта БНТУ, — расказвае кіраўнік крамы Павал Белавус. — Мы адразу паставілі ў краме санітайзэр, але пра маскі сур’ёзна ня думалі. На той момант было адчуваньне, што іх хапае ў аптэках і асаблівага попыту ня будзе на іх. Хоць ужо тады пачалі мне пісаць людзі і казаць — зрабіце бел-чырвона-белыя павязкі, але мне падавалася неяк няправільна, калі мы пачнём рабіць і прадаваць такія рэчы».

Усё кардынальна зьмянілася зь першых дзён красавіка, расказвае Павал, калі пайшлі масавыя заражэньні і першыя сьмерці. На той момант продажы ў краме ўпалі на 50%. Шыць тое, на што цяпер няма попыту, было немэтазгодна.

Тады кампанія абвясьціла, што спыніла працу ўласнага швейнага цэху ў звычайным фармаце. Пачалі шыць шматразовыя павязкі і бясплатна распаўсюджваць іх у мэдустановах, кампаніях і сярод валянтэраў. І запусьцілі адзін зь першых збораў па гэтай тэме на краўдфандынгавай плятформе.

«Нас вельмі крута падтрымалі нашыя чытачы і кліенты. За першы тыдзень мы сабралі 5000 рублёў і пачалі шыць павязкі і перадаваць па заяўках. На дадзены момант кампанію падтрымалі 844 чалавекі, якія ахвяравалі ад 5 да 500 рублёў, агулам больш за 15 тысяч рублёў. За гэтыя грошы мы пашылі і перадалі ў 40 мэдычных устаноў у розных гарадах Беларусі 10 тысяч павязак».

Агулам кампанія мае 180 заявак, але ўсе іх закрыць ня можа, бо збор сродкаў амаль спыніўся, а шыць за ўласныя грошы не дазваляюць эканамічныя магчымасьці, тлумачыць Павал.

Павал падкрэсьлівае, што цяпер падтрымка патрэбная ня толькі мэдыкам, а ўсім беларусам, у тым ліку малому і сярэдняму бізнэсу. За 2019 год кампанія сплаціла 150 тысяч рублёў падаткаў. А за 10 гадоў працоўнага стажу ў якасьці найманага супрацоўніка, індывідуальнага прадпрымальніка, сузаснавальніка і кіраўніка кампаніі — агульная сума сплачаных Паўлам падаткаў набліжаецца да 1 мільёна рублёў.

«Ці адчуў я ўдзячнасьць дзяржавы за сваю працу? Дапамогу ці хоць якую падтрымку ў гэты складаны час? Не. Дзясяткі розных дробных штрафаў, некалькі праверак, запалохваньні, забароны мерапрыемстваў і нават 15 сутак арышту. Вось такой была ўдзячнасьць за ўсе мае падаткі за гэтыя гады».

Цяпер у асартымэнце ёсьць клясычныя чатырохслойныя шматразовыя баваўняныя маскі чорнага і белага колераў, а таксама чорныя з арнамэнтаванай стужкай і бел-чырвона-белыя.На наступным тыдні зьявяцца маскі з прынтамі: з гербам «Пагоня», з надпісам «ПераЖыве Беларусь».

«Мы не задзіраем цэны на павязкі, але ўсё адно гэтыя продажы фактычна складаюць да 30% выручкі крамы, што істотна дапамагае нам у гэты складаны час не зачыніцца».

«Хацелася неяк дапамагчы людзям, бо мы разумеем сваю сацыяльную адказнасьць»

HONAR пачаў вырабляць маскі ў другой палове сакавіка, калі ў кампанію пачалі зьвяртацца кліенты з пытаньнем пра тэкстыльныя павязкі.

Маскі дораць пры куплі адзеньня, а таксама іх можна набыць у падарункавым наборы з мылам ручнога вырабу. Усе маскі з натуральных тканін — лёну і бавоўны.

«Мы не імкнуліся і не імкнёмся забясьпечыць павязкамі ўсіх, хутчэй бачым у гэтым вырабе сымбалічнасьць, зь якой нашаму грамадзтву давядзецца існаваць даволі працяглы час», — кажуць прадстаўнікі кампаніі.

LSTR запусьціў выраб масак, як толькі зьявіўся першы хворы ў Беларусі.

«Хуценька распрацавалі мадэль і былі аднымі зь першых, хто больш-менш масава пачаў вырабляць павязкі. Хацелася неяк дапамагчы людзям, бо мы разумеем сваю сацыяльную адказнасьць. LSTR — гэта ня проста адзеньне», — кажуць прадстаўнікі кампаніі.

Маскі зробленыя з бавоўны.

У кампаніі кажуць, што маскі дагэтуль карыстаюцца попытам.

Таксама LSTR з уласнай ініцыятывы робіць камбінэзоны для мэдыкаў.

Бел-чырвона-белыя, з арнамэнтам, «пагоняй» ды надпісамі па-беларуску

У краме «Будзьма» маскі можна набыць, а таксама атрымаць у падарунак.

А яшчэ ёсьць цікавыя падарункавыя наборы, куды маску кладуць бясплатна.

У межах дабрачыннай акцыі «Дапаможам разам» кампанія «Будзьма беларусамі!» і крама беларускіх адметнасьцяў budzma-krama.by перадалі тысячу аднаразовых мэдычных масак Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

Паўдзельнічаць у акцыі і дапамагчы можна вельмі проста: дастаткова набыць што-небудзь у краме да 31 траўня, і 50% ад сумы будуць пералічаныя дому-інтэрнату. Падрабязнасьці тут.

«Мы зразумелі, што рынак хутка зьмяняецца і што калі мы ня зьменімся, то загінем»

Аднымі зь першых маскі пачаў вырабляць беларускі брэнд адзеньня MUA.

Ідэя прыйшла ў сакавіку, арганізавалі ўсё за 3 дні: пашылі прататып, закупілі сыравіну, адшылі партыю і падрыхтавалі кантэнт. А першыя продажы адбыліся 23 сакавіка.

«Атрымліваецца, мы былі адны зь першых у краіне, хто выйшаў на карантын, зачыніў краму, перавёў офіс на працу дома і пачаў масава шыць маскі», — расказвае сузаснавальніца брэндаў MUA i NORMAL Дар’я Салаўёва.

На той момант у кампаніі быў абвал продажаў у 8 разоў, бо аптовыя кліенты з Расеі разам адмянілі свае заказы.

«Мы зразумелі, што рынак хутка зьмяняецца і што калі мы ня зьменімся, то загінем. А ў нас 32 супрацоўнікі, арэндныя плошчы, аплата падаткаў і іншыя выдаткі. Нам трэба было працягваць зарабляць».

У пераліку тавараў першай неабходнасьці падчас пандэміі былі маскі. Маючы ўласную вытворчасьць, змаглі хутка запусьціць масавае шыцьцё, тлумачыць Дар’я.

«Брэнд MUA — гэта гісторыя пра жаноцкасьць. Таму мы выбралі кветкавы прынт. Маскі ўвайшлі ў асартымэнт вясновай калекцыі, лёгкай і жыцьцесьцьвярджальнай. А што, як ня кветкі, больш асацыюецца са сьвятам жыцьця!»

Вонкавы бок маскі — лён, падшэўка — бавоўна. У масцы добра дыхаць, і матэрыялы не выклікаюць алергіі.

Дар’я кажа, што цяпер маскі купляюць у 10 разоў менш, чым у красавіку, попыту амаль няма: прыкладна 20 масак у дзень. Таму іх вытворчасьць пакуль спынілі і засяродзілі ўвагу на шыцьці летняй калекцыі.

«Маскі ў нас яшчэ ёсьць на складзе ў дастатковай колькасьці, і па неабходнасьці мы іх адгружаем аптовым і карпаратыўным кліентам, а таксама прадаём онлайн. Таксама частку масак мы перададзім у мэдустановы».

«Гэта ўсяго толькі спосаб дапамагчы людзям у нераспаўсюджваньні вірусу»

«Маскі Ілана» пачаў ствараць і беларускі дызайнэр Яўген Бычкоўскі, заснавальнік брэнду Byckovski.

«Калі зьявіўся першы выпадак заражэньня, адразу ж пачалі распрацоўваць, — расказвае Яўген. — Выкарыстоўваем нятканы матэрыял, выраблены па тэхналёгіі спанбонд. Толькі нятканыя матэрыялы могуць мець хоць нейкія фільтруючыя ўласьцівасьці. Любая тканіна мае патэрн, а дзе патэрн, там адтуліна. Таму выбар быў відавочны».

Усе маскі чорнага колеру, бо, на думку дызайнэра, чорны вылучае, але пры гэтым не выклікае асацыяцый зь нечым мэдычным, успрымаецца проста як мера засьцярогі. Вырабляць у іншых колерах не плянуюць, мяняць дызайн — таксама.

«Гэта не мая спэцыфіка, а ўсяго толькі спосаб дапамагчы людзям у нераспаўсюджваньні вірусу і загрузіць вытворчасьць на фоне спадаючага рынку. Купляюць шмат. Хутчэй сказаць, куплялі. Два тыдні як ажыятаж упаў. Зьвязваю гэта з псыхалягічнай стомленасьцю насельніцтва з прычыны інфармацыйнага фону».

Паралельна ў кампаніі распрацавалі ахоўныя касьцюмы для дактароў з ізаляванымі швамі, у якіх мэдыкі ня будуць «мокнуць», знаходзячыся ў іх усю 12-гадзінную зьмену. Пры гэтым зрабілі іх шматразовымі.

«Задача экстраная, але, відаць, мы зь ёй справіліся. Сэрца разрываецца, калі бачу лекараў у спанбондавых касьцюмах, у якіх ты як у цяпліцы. Ды яшчэ і бяз швоў ізаляваных».

Цяпер, кажа Яўген, маскі адгружаюць у асноўным для буйных беларускіх кампаній клясы А, дзе працуе шмат людзей з высокай колькасьцю кантактаў.

Замовіць маскі можна праз інстаграм і сайт брэнду.

Стылёвыя маскі з надпісамі на беларускай і ангельскай мовах, а таксама са скуранымі кветкамі і крыламі вырабляе кампанія MAKEY.

Вытворчасьць сумак, гаманцоў, папруг і іншых скураных вырабаў, якімі кампанія вядомая, пакуль прыпынілі. Усё перапрафілявалі на рэчы першай неабходнасьці — маскі і ахоўныя экраны.

Цяпер кампанія большую частку прадукцыі пастаўляе мэдыкам, а таксама ў дамы састарэлых у якасьці гуманітарнай дапамогі.

Маскі з крышталямі, бісэрам і дэкаратыўнымі камянямі вырабляе дызайнэрка ўпрыгожаньняў Аляксандра Боніна.

Аляксандра кажа, што натхненьнем стаў стыль Паўднёвай Карэі і касплэеры, і ў ім нічога агульнага з мэдычнымі маскамі. Ідэя прыйшла даўно, але першыя такія маскі наважылася зрабіць толькі цяпер.

«Што тычыцца продажаў, то пакуль у сьвеце адбываецца тое, што адбываецца, у нас, крафтэраў, наогул усе продажы сышлі на няма нішто. Мы працуем пакуль „у стол“. На дадзены момант маскамі зацікавіліся байкеры з Кітаю, але дыялёг ідзе павольна», — кажа Аляксандра. Кошт масак залежыць ад матэрыялаў, а Аляксандра выкарыстоўвае тканіны, ланцугі, крышталі Swarovski, пэрліны, бісэр, бліскучкі, вузкую мэталічную фурнітуру і іншыя матэрыялы.

«Проста я зразумела, што гэта вельмі клясны аксэсуар. І калі нам ужо не спатрэбяцца мэдычныя маскі, я сама з радасьцю буду насіць дэкаратыўную, бо гэта прыцягвае ўвагу, ну і на касмэтыцы эканомія», — дадае Аляксандра.

Цэны на большасьць дызайнэрскіх масак пачынаюцца ад 4 рублёў. Часта іх дадаюць бясплатна да буйных пакупак.

«Гэта сапраўды подзьвіг»

Шыць маскі для падстанцыі хуткай дапамогі пачала і мадэльер-канструктар зь Менску Алена Лазар. У камандзе, якая ўзялася дапамагаць мэдыкам, больш за 10 чалавек. У асноўным — людзі, якія ніколі ня шылі ці рабілі гэта вельмі даўно, на аматарскім узроўні.

«Гэтыя выдатныя паненкі падаставалі бабуліны машынкі і, самааддана змагаючыся зь імі, па начах, у вольны ад працы час шылі маскі. Я захапляюся імі. Гэта сапраўды подзьвіг».

Алёна кажа, што падключаліся ўсе: хто шыў, хто закупляў за свае сродкі матэрыялы, нехта займаўся лягістыкай. Людзі ядналіся і кансалідаваліся.

«Мы ж ведаем, што ня ўсе мэдыкі аказаліся падрыхтаванымі да такіх маштабаў эпідэміі, і гэта ня іх віна. У нейкі момант сродкі, выдзеленыя на засьцярогу, пачалі заканчвацца, і каб хоць неяк дажыць да лепшых часоў, падключыліся простыя людзі».

Стэла Кузьняцова
Стэла Кузьняцова

Мянчанка Стэла Кузьняцова адна пашыла ўжо тысячу масак. Па прафэсіі Стэла Фёдараўна архітэктар.

«Умею шыць, як усе бабулі майго кола. Менская валянтэрская арганізацыя дае матэрыял, яны ж і разьмяркоўваюць вырабы. Я адна ўсё раблю, бо прытрымліваюся самаізаляцыі».

Установа «Лёс і надзея», якая аказвае сацыяльна-прававую падтрымку грамадзянам у складанай жыцьцёвай сытуацыі, таксама актыўна дапамагае мэдыкам.

Ірына Логвін
Ірына Логвін

«Спэцыфіка нашай сацыяльнай дзейнасьці прадугледжвае ўзаемадзеяньне і з мэдычнымі работнікамі. Таму мы змаглі непасрэдна высьветліць, якія ў іх запыты, і з пачатку красавіка аказваем ім дапамогу, — расказвае спэцыяліст па сацыяльнай працы ўстановы Ірына Логвін. — У найбліжэйшым атачэньні нашых сяброў мы абвясьцілі збор ахвяраваньняў. На сабраныя сродкі закупляем матэрыялы для масак і бахілаў, пальчаткі, майкі, шкарпэткі, шапачкі, прадукты харчаваньня».

Па першай адукацыі Ірына швачка 4 разраду, таму арганізаваць шыцьцё масак і бахілаў было нескладана. Валянтэры разьмеркавалі між сабой абавязкі: хтосьці шые, хтосьці ўносіць сродкі, хтосьці закупляе, хтосьці адвозіць пакеты ў аддзяленьні. Маскамі забясьпечваюць і кліентаў, якія зьвяртаюцца ў арганізацыю. Па адным з заказаў адшылі маскі для сацыяльных устаноў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG