Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаргу ў КДБ ужо займаюць». Юрыст Бабарыкі пра адмову Вярхоўнага суду прыняць скаргу бяз подпісу кандыдата


Максім Знак

Юрыст Віктара Бабарыкі Максім Знак пракамэнтаваў заяву прэс-сакратаркі Вярхоўнага суду пра тое, што Віктар Бабарыка не абскардзіў рашэньне ЦВК аб сваёй нерэгістрацыі, а падпісаная юрыстам скарга ня ўлічваецца, бо зьвярнуцца ў суд мае права толькі кандыдат.

«Натарыяльная даверанасьць, у якой указана ў тым ліку права звароту ў Вярхоўны суд і падпісаньне ўсіх скаргаў, прадугледжаных Выбарчым кодэксам, на маё імя, мабыць, не прызнаецца Вярхоўным судом.

Чаргу ў КДБ ужо займаюць, заўтра будзе зафіксаваная спроба падпісаць скаргу ў Віктара Бабарыкі (мінулым разам спроба падпісаць аднастаронкавы дакумэнт пра адсутнасьць выдаткаў адняла больш як тыдзень)», — напісаў Максім Знак у Фэйсбуку.

Ён заявіў, што 17 ліпеня ў любым выпадку падасьць дапоўненую скаргу з абгрунтаваньнем права на падачу скаргі па даверанасьці. Скаргу дадаткова разьмесьцяць на сайце.

Таксама Максім Знак паведаміў, што 16 ліпеня суд Маскоўскага раёну Менску адказаў, што «выбарчым заканадаўствам не прадугледжана права абскарджаньня ў судовым парадку рашэньняў (дзеяньняў) раённых, абласных камісій, прынятых у ходзе прызнаньня подпісаў несапраўднымі, а таксама рашэньняў аб вызначэньні месцаў для агітацыі». Юрыст зьбіраецца абскарджваць гэты адказ суду.

16 ліпеня ў газэце «СБ. Беларусь сегодня» з падзагалоўкам «Няма чым крыць?» была апублікаваная інфармацыя са спасылкай на прэс-сакратарку Вярхоўнага суду Юлію Ляскову, што Віктар Бабарыка і Валер Цапкала «ня сталі абскарджваць рашэньне ЦВК», якая адмовіла ім у рэгістрацыі.

Паводле Лясковай, у Вярхоўны суд зьвярнуўся толькі адвакат Бабарыкі Максім Знак, але права на абскарджваньне адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты «дадзена законам толькі асобе, якая вылучана кандыдатам», а скарга, падпісаная самім Бабарыкам, не паступала, «гэтак жа як не паступала аналягічнай скаргі ад Валера Цапкалы».

Кіраўнік штабу Валера Цапкалы Андрэй Ланкін пацьвердзіў Tut.by, што сёньня экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты падае скаргу ў Вярхоўны суд.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG