Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуханьні ў Кангрэсе ЗША: Пуцін нясе адказнасьць за злачынствы расейскіх спэцслужбаў


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Кангрэсмэны абмеркавалі з былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў і Пэнтагона паведамленьні аб тым, што Расея магла прапаноўваць узнагароджаньне талібам за забойства амэрыканскіх вайскоўцаў.

Паведамленьні ў прэсе аб тым, што Расея, магчыма, прапаноўвала ўзнагароджаньне талібам за забойства амэрыканскіх вайскоўцаў у Аўганістане, якія зьявіліся на мінулым тыдні, сталі тэмай онлайн-слуханьняў, якія прайшлі ў чацьвер удзень у Камітэце замежных спраў Палаты прадстаўнікоў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прадстаўнікі дзейнай адміністрацыі на слуханьні не зьявіліся. Па словах дэмакрата Хуліяна Кастра, заканадаўцы даслалі запрашэньне дзяржсакратару Майку Пампэо з просьбай пракамэнтаваць прычыны, зь якіх адміністрацыя не адрэагавала на паведамленьні выведкі. Кіраўнік Дзярждэпартамэнту ад запрашэньня адмовіўся.

Сытуацыю пракамэнтавалі былы в.а. дырэктара ЦРУ Майкл Морэл, былы камандзір Узброеных сілаў ЗША ў Аўганістане генэрал Джон Нікалсан і былыя супрацоўнікі Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дома і Міністэрства абароны.

Хуліян Кастра задаўся пытаньнем аб тым, «чаму Расея не сутыкнулася з наступствамі, хаця б з публічным папрокам з боку адміністрацыі Трампа».

Рэспубліканец Майк Маккол прапанаваў усім удзельнікам слуханьняў абмеркаваць тое, «як мо;на больш эфэктыўна змагацца зь небясьпечным аўтакратам у Крамлі, а не апускацца да міжпартыйных абвінавачваньняў».

«Адзіны чалавек, які выйграе ад барацьбы ў ЗША ў гэтым пытаньні, — Уладзімір Пуцін. Яму падабаецца хаос. Фіктыўнае ўсенароднае галасаваньне ў Расеі на мінулым тыдні дазволіла Пуціну застацца ва ўладзе да 2036 году, па сутнасьці зрабіўшы яго расейскім імпэратарам. Для амэрыканцаў яшчэ важней працаваць разам з нашымі саюзьнікамі, асабліва па NATO, каб супрацьстаяць гнюснай дзейнасьці Пуціна ва ўсім сьвеце», — заявіў Маккол.

Сэлеста Валандэр, былая спэцыяльная памочніца прэзыдэнта і старшы дырэктар па Расеі і Эўразіі ў Радзе нацыянальнай бясьпекі, выказала здагадку, што прэзыдэнт Пуцін наўрад ці асабіста ўхваляе кожную апэрацыю, якая праводзіцца расейскай вайсковай выведкай, раней вядомай пад абрэвіятурай ГРУ.

«Тым ня менш ГРУ працягвае працаваць, нягледзячы на тое, што яго дзеяньні выкрылі. Гэта азначае, што няма ніякіх сумненьняў у тым, што ГРУ працуе пад палітычным прыкрыцьцём і з ухвалай на найвышэйшых узроўнях расейскага кіраўніцтва, якое таму нясе адказнасьць за гэтыя апэрацыі», — заявіла Валандэр.

Генэрал арміі ў адстаўцы Джон Нікалсан заявіў, што ён зьдзівіўся, прачытаўшы паведамленьні аб магчымай прапанове, якая паступіла талібам ад Расеі, настолькі гэта «рызыкоўна і безадказна».

«Калі гэта пацьвердзіцца, незалежна ад таго, хто прыняў гэтае рашэньне, ці было яно прынята ў Маскве ці на месцах, незалежна ад таго, ці былі расейскія лідэры непасрэднымі саўдзельнікамі або яны проста няздольныя кантраляваць апэрацыі, яны ўсё роўна нясуць адказнасьць», — падкрэсьліў генэрал Нікалсан.

У сувязі з гэтымі паведамленьнямі ЗША павінны прыпыніць вывад войскаў зь Нямеччыны, падкрэсьліў Нікалсан. «Гэты вывад войскаў гуляе на руку Расеі, якая жадае падарваць і аслабіць NATO. Калі гэта будзе зроблена, гэта будзе разглядацца як прыкмета слабасьці Амэрыкі перад абліччам расейскіх пагроз», — дадаў генэрал.

Былы в.а. дырэктара ЦРУ Майкл Морэл заклікаў усіх памятаць пра тое, што Ўладзімір Пуцін любіць рызыку.

«Ён рызыкуе. І калі ён рызыкуе і мае посьпех у гэтым, ён гатовы пайсьці на яшчэ большыя рызыкі ў будучыні... Няздольнасьць прыцягнуць яго да адказу значна павялічвае шанцы таго, што ён зробіць нешта яшчэ, каб нашкодзіць ЗША, магчыма, нават у яшчэ большым маштабе», — папярэдзіў Морэл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG